Алег Трубачоў | |
Дата нараджэньня | 23 кастрычніка 1930[1] |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 9 сакавіка 2002 (71 год) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | мовазнавец |
Навуковая сфэра | мовазнаўства |
Месца працы | |
Сябра ў | Расейская акадэмія навук і Акадэмія навук СССР[d] |
Навуковая ступень | доктар філялягічных навук[d] |
Навуковы кіраўнік | Samuil Bernstein[d] |
Вучні | Aleksandr Anikin[d] і Leonid Gindin[d] |
Узнагароды | |
Сайт | trubachev.ru |
Але́г Мікала́евіч Трубачо́ў (рас. Алег Николаевич Трубачёв; 23 кастрычніка 1930 — 9 сакавіка 2002) — расейскі савецкі мовазнаўца. Доктар філялягічных навук (1966 год), сябра-карэспандэнт АН СССР (1972 год), акадэмік РАН (1992 год)[2]. Меў вучня Ўладзімера Тапарова.
У 1952 годзе скончыў філялягічны факультэт Днепрапятроўскага ўнівэрсытэту.
Атрымаў запросіны ў Маскву, у замежны аддзел газэты «Камсамольская праўда» (орган ЦК Камуністычнага саюзу моладзі) і ў Антыфашысцкі камітэт савецкай моладзі (у 1952—1953 гадох быў рэфэрэнтам камітэту). У 1953 годзе паступіў у асьпірантуру ў Інстытут славяназнаўства АН СССР, дзе засяродзіўся на этымалёгіі.
Як супрацоўнік савецкай прапагандысцкай газэты і Антыфашысцкага камітэту, здолеў зьездзіць у капіталістычную краіну — Аўстрыю, каб узяць удзел у Сусьветным фэстывалі моладзі і студэнтаў (1959 год).
У 1958 годзе атрымаў навуковую ступень кандыдата філялягічных навук. З гэтага часу браў удзел ва ўсіх міжнародных зьездах славістаў. З 1960 году сябра Савецкага камітэту славістаў.
У 1966 годзе атрымаў навуковую ступень доктара філялягічных навук. З 28 лістапада 1972 году сябра-карэспандэнт АН СССР ў Аддзеле літаратуры і мовы (мовазнаўства). З 1987 году сябра Навуковай рады з праблемаў расейскай культуры АН СССР.
У 1964—1973 гадох пераклаў на расейскую мову і выдаў з уласнымі дапаўненьнямі этымалягічны слоўнік расейскай мовы нямецка-расейскага філёляга Макса Фасмэра, сябры некалькіх навуковых акадэміяў Нямеччыны і замежнага сябры-карэспандэнта Акадэміі навук СССР, дзе дзеля абгрунтаваньня этымалёгіі назвы Літва зь летувіскай мовы падавалася сфальсыфікаваная старажытнаруская форма Литъва з спасылкай на Аповесьць мінулых часоў[3]. Аднак гісторык Валянцін Янін і лінгвіст Андрэй Залізьняк зьвяртаюць увагу на тое, што напраўду ў адпаведнай крыніцы — як і ў іншых старажытных рускіх крыніцах — бытуе выняткова форма Литва, што фактычна зьняпраўджвае гіпотэзу пра запазычаньне славянамі назвы Літва зь летувіскага Lietuvа[4].
Распрацоўваў гіпатэтычныя рэканструкцыі «балтыйскіх гідронімаў», якія сьцьвярджаюць колішнюю «балтыйскасьць» (нібы блізкую да летувіскасьці) ня толькі ўсёй этнічнай тэрыторыі беларусаў, але і ваколіцаў Масквы, Кіева і Варшавы[5]. На падставе гэтых рэканструкцыяў летувіскія аўтары спрабуюць азначаць летувізацыю (нягледзячы на брак гістарычных сьведчаньняў пра «гвалтоўную славянізацыю» мясцовага насельніцтва) як «аднаўленьне гістарычнай справядлівасьці» — «вяртаньне да каранёў»[6].
Дасьледнік Іван Ласкоў зьвяртае ўвагу на наступную супярэчлівасьць балтыйскіх этымалёгіяў: «Гідранімія Летувы, Латвіі і Ўсходняй Прусіі такімі дасьледнікамі, як А. Трубачоў і Ў. Тапароў і іх школа, без усякага аналізу абвяшчаецца наскрозь балтыйскай, хоць у большай частцы сваёй з балтыйскіх моваў не разьвязваецца. І знайшоўшы дзесьці такія ж, як у Балтыі, тапонімы, балтафілы сьцьвярджаюць: тут былі балты. Даходзіць да сьмешнага: балты, на погляд іх, сягалі аж да Ўфы — на той падставе, мабыць, што назва Ўфа нагадвае летувіска-латыскае ўпэ 'рака'»[7].
Дасьледнік тапаніміі Вадзім Жучкевіч з 400 пералічаных Трубачовам і Тапаровым меркаваных балтызмаў, пашыраных на тэрыторыі Беларусі, пагаджаўся залічыць да балтыйскіх запазычваньняў толькі 18. Ен зазначаў, што, карыстаючыся такой мэтодыкай, можна ўсе славянскія назвы растлумачыць з пазыцыяў балтыйскіх моваў. Тым часам археоляг Вольга Мельнікоўская ў зьвязку з дасьледаваньнямі Трубачова і Тапарова прывяла наступнае выказваньне лінгвіста Мікалая Надзеждзіна: «Слова — усё ў нашай уладзе. Яно безабароннае, і зь яго этымалягічным катаваньнем можна вымучыць розны сэнс»[8].
Археоляг Васіль Супрун зьвяртае ўвагу на тое, што калі неаб’ектыўнасьць Казімера Бугі можна патлумачыць яго летувіскім нацыянальным патрыятызмам, то тэндэнцыйнасьць Трубачова і Тапарова, якія фактычна рабілі не навуковы аналіз паходжаньня гідронімаў, а адвольнае дапасаваньне іх да балтыйскай лексыкі і тапанімікі, немагчыма патлумачыць з пункту гледжаньня лёгікі[8].