Але́сь Ві́ктаравіч Бяля́цкі (нар. 25 верасьня 1962) — беларускі грамадзкі дзяяч і праваабаронца. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 2022 году.
Нарадзіўся ў мястэчку Вяртсіля, Сартавальскі раён Карэліі (РСФСР) у беларускай сям’і. Хутка сям’я вярнулася ў Беларусь, на сталае жыхарства ў горад Шацілавічы Гомельскай вобласьці. Скончыў сярэднюю школу № 5 г. Шацілавічы, Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт і асьпірантуру Інстытуту літаратуры АН Беларусі[4].
У 1986 г. А. Бяляцкі быў адным са стваральнікаў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», потым — старшынём гэтай арганізацыі[4]. У 1988 г. выступіў адным з заснавальнікаў таварыства «Мартыралёг Беларусі», быў сябрам Арганізацыйнага камітэту Беларускага народнага фронту. У 1990 г. выступіў адным з арганізатараў Беларускай Каталіцкай Грамады.
У 1992—1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету. З 1989 па 1998 працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча. З 1996 кіруе праваабарончым цэнтрам «Вясна».
У 2007 годзе быў абраны віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (The International Federation for Human Rights, FIDH)[5], у 2013 годзе пераабраны на трэці тэрмін.
4 жніўня 2011 году Алесь Бяляцкі быў арыштаваны па абвінавачваньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў (утойваньне прыбыткаў у асабліва буйным памеры, артыкул 243, частка 2 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь). 24 кастрычніка 2011 быў прысуджаны да 4,5 гадоў ў выпраўленчай калёніі ўзмоцненага рэжыму[6] з канфіскацыяй маёмасьці[7] за «ўтойваньне прыбыткаў у буйным памеры». Праваабаронца сваёй віны не прызнаў, заявіўшы, што ўсе грошы з рахункаў ішлі на праваабарончую дзейнасьць. Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд — палітычна матываваным.
Бяляцкі быў вызвалены па амністыі 21 чэрвеня 2014[8].
У рамках пагрому грамадзкіх арганізацыяў(be) Бяляцкі быў затрыманы 14 ліпеня 2021 году[9]. 15 ліпеня арыштаваны па крымінальнае справе актывіст сумеснаю заяваю дзевяці арганізацыяў, сярод якіх Праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хэльсінскі камітэт, Беларускі ПЕН-цэнтар, быў прызнаны палітычным вязьнем[9][10].
3 сакавіка 2023 году ў судзе Ленінскага раёну Менску судзьдзя Марына Запасьнік выракла Алеся Бяляцкага да 10 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму на запыт пракурора Аляксандра Караля. Яго абвінавацілі ў «кантрабандзе наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай» зь Летувы згодна з часткай 4 артыкула 228 Крымінальнага кодэксу Беларусі, а таксама ў «фінансаваньні пратэстаў» у 2020 годзе згодна з часткай 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу. У прыватнасьці ў віну паставілі аплату працы адвакатаў, рахункаў за харчаваньне ў ізалятарах і штрафаў «з траўня 2020 году па 14 ліпеня 2021 году». Абвінавачаньне цьвердзіла, што «з 4 красавіка 2016 году да 14 ліпеня 2021 году» пры перамяшчэньні празь беларуска-летувіскую мяжу не задэкляравалі «201 тыс. эўраў і 54 тыс. даляраў ЗША». Алесь Бяляцкі не прызнаў віны, як і трое іншых абвінавачаных[11]. Разам з Алесем Бяляцкім выракі атрымалі:
У сакавіку 2006 году Вацлаў Гавэл уручыў А. Бяляцкаму прэмію Homo Homini за праваабарончую дзейнасьць. У тым жа годзе А. Бяляцкі быў вылучаны на Нобэлеўскую прэмію міра[13].
У 2012 годзе быў намінаваны на Нобэлеўскую прэмію міра, але прэмія была прысуджаная Эўразьвязу.
2 лютага 2013 году ізноў быў вылучаны на Нобэлеўскую прэмію міра, нарвэскім парлямэнтаром Янам Санэрам[14].
Ганаровы грамадзянін гораду Генуя (правінцыя Лігурыя, Італія), ганаровы грамадзянін Парыжу з 2012 году[15].
Восеньню 2020 году «Вясна» ды Алесь Бяляцкі сталі лаўрэатамі прэміі «За правільны лад жыцьця»(uk)[16].
У 2022 годзе атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру[17].
|