Аляксандар Чарвякоў

Аляксандар Чарвякоў
Аляксандар Чарвякоў
Аляксандар Чарвякоў
1-ы старшыня Савету народных камісараў БССР
18 сьнежня 1920 — 17 сакавіка 1924
Папярэднік: пасада заснаваная
Наступнік: Язэп Адамовіч
1-ы старшыня Цэнтральнага ваканаўчага камітэту БССР
18 сьнежня 1920 — 16 чэрвеня 1937
Наступнік: Міхаіл Стакун
Народны камісар па замежных справах БССР
1921 — ліпень 1923
Старшыня Прэзідыюму ЦВК СССР ад БССР
30 сьнежня 1922 — 16 ліпеня 1937
Папярэднік: пасада заснаваная
Наступнік: Міхаіл Стакун
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 8 сакавіка 1892(1892-03-08)
в. Дукорка, Ігуменскі павет, Менская губэрня, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя
Памёр: 16 чэрвеня 1937(1937-06-16)[1] (45 гадоў)
Менск, Беларуская ССР, СССР
Партыя: Усесаюзная камуністычная партыя (бальшавікоў) (з 1917 г.)
Дзеці: Дачка Соф'я
Адукацыя: Віленскі настаўніцкі інстытут(ru) (1915)
Выява аўтографу

Алякса́ндар Рыго́равіч Чарвяко́ў (8 сакавіка [ст. ст. 25 лютага] 1892; цяпер в. Дукора, Пухавіцкі раён, Менская вобласьць, Беларусь — 16 чэрвеня 1937, Менск, цяпер Беларусь) — дзяржаўны дзяяч БССР, публіцыст.

У дзяцінстве пераехаў з бацькамі ў Віленскую губэрню (Паўночна-Заходні край), дзе скончыў гарадзкую вучэльню. Аляксандар Чарвяк падпісваўся, як Алесь Чарвяк. У 1912 годзе настаўнічаў у сельскай школе ў Троцкім павеце. У той вёсцы пераважалі летувісы, а палякі складалі 30% насельніцтва, таму вывучыў летувіскую і польскую мовы. Дапамагаў сялянам складаць скаргі, каб адстойваць правы, за што патрапіў пад назіраньне паліцыі. У сакавіку 1912 году школу наведаў прыстаў, які зазначыў сваю заяву ў справаздачы: «Раю вам, спадар Чарвяк, кінуць панібрацтва зь мясцовым насельніцтвам»[2]. У 1915 годзе скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут, які з пачаткам Першай сусьветнай вайны ў 1914 г. перавялі ў Самару (цяпер Расея). У 1916 годзе сканчвае Аляксандраўскую вайсковую вучэльню(ru) (Масква). Служыў у войску (1915—1917). У лютым 1917 году яго накіравалі ў Петраград для службы ў кулямётнай роце[2].

Палітычная дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Уступіў у РКП(б) у траўні 1917 году. Прымаў актыўны ўдзел у бальшавіцкім перавароце ў Петраградзе 7 лістапада [ст. ст. 25 кастрычніка] 1917 году. У 1917 адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі. Удзельнік 1-га Усебеларускага зьезду.

13 лютага 1918 году быў прызначаны камісарам па беларускіх справах (Белнацкам) пры Народным камісарыяце па справах нацыянальнасьцяў РСФСР. Тады ж наркам па справах нацыянальнасьцяў Ёсіф Сталін параіў Алесю Чарвяку зьмяніць прозьвішча на Чарвякоў[2]. 1 студзеня 1919 году Чарвякоў разам зь іншымі чальцамі Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўраду Беларусі падпісаў Маніфэст аб абвяшчэньні Беларускай ССР. Падчас нядоўгага існаваньня Савецкай улады ў Беларусі ў 1919 году займаў пасаду наркаму асьветы ССР Літвы й Беларусі (студзень 1919 — 31 ліпеня 1920).

З аднаўленьнем Савецкай улады ў Беларусі ў 1920 годзе Чарвякоў быў прызначаны старшынём Менскага губрэвкаму, а затым Усебеларускага рэвкаму. Выканаўца абавязкаў старшыні Цэнтральнага выканаўчага камітэту (ЦВК) Беларускай ССР (1 жніўня — 18 сьнежня 1920). 18 верасьня 1920 году прыбыў разам з сакратаром Вайскова-рэвалюцыйнага камітэту Іванам Клімашэўскім у Рыгу на мірныя перамовы. 20 верасьня адправіў у Менск ліст, у якім занатаваў: «Мы акружаныя шпіёнамі з усіх бакоў. На кожнага з нас прыпадае 2 паненкі і 1 мужчына з летувіскай контарвыведкі». Стаў экспэртам пры расейскай дэлегацыі на перамовах у выніку абароны сябрам дэлегацыі РСФСР Сяргеем Кіравым.

Быў 1-м старшынёй Цэнтральнага выканаўчага камітэту Беларускай ССР (18 сьнежня 1920 — 16 чэрвеня 1937). У лютым 1921 году ЦВК Беларускай ССР на чале з Чарвяковым ухваліў зварот з прапановай вярнуцца на Радзіму беларусам, якія перасяліліся за мяжу перад Першай сусьветнай вайной і падчас яе. У сьнежні 1921 году звыш 300 беларускіх дзеячоў культуры вярнуліся ў Беларусь для выкладаньня ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце і правядзеньня іншай культурніцкай працы дзеля Беларускага нацыянальнага адраджэньня. Пры гэтым ачолены ім Савет народных камісараў Беларускай ССР ухваліў рашэньне аб выдаткоўваньні на беларусізацыю 5 млн рублёў. Яшчэ 2 млн рублёў ад ураду атрымаў Народны камісарыят асьветы Беларускай ССР на выданьне твораў навукоўцаў і пісьменьнікаў на беларускай мове[3].

У красавіку 1922 году Цэнтральны выканаўчы камітэт БССР прыняў Пастанову «Аб вольным выбары формаў землекарыстаньня». Сялянам дазволілі ствараць грамадзкія, мяшаныя і хутарскія гаспадаркі, а таксама арандаваць зямлю і наймаць працаўнікоў. У выніку да 1925 году ў Беларускай ССР зьявілася некалькі тысячаў хутароў[2]. Старшыня Савету народных камісараў (СНК) Беларускай ССР (18 сьнежня 1920 — 17 сакавіка 1924), народны камісар па замежных справах Беларускай ССР (1921 — ліпень 1923).

30 сьнежня 1922 году ўзначаліў дэлегацыю Беларускай ССР на І Усесаюзным зьезьдзе Саветаў. На зьезьдзе выказаўся ў падтрымку прапановы Ўладзімера Леніна аб уваходзе 4-х рэспублік у склад саюзу ў якасьці сувэрэнных. Дэлегаты прагаласавалі за гэтую прапанову, паводле якой і падпісалі Дамову аб ўтварэньні СССР[2]. 30 сьнежня 1922 году I сэсія ЦВК СССР абрала Чарвякова, а таксама М. І. Калініна, Рыгора Пятроўскага й Нарымана Нарыманава сустаршынямі ЦВК СССР. Чалец Цэнтральнага бюро ЦК КП(б) Беларусі (25 лістапада 1920 — 10 лютага 1924), Часавага Беларускага бюро ЦК РКП(б) (4 лютага — 14 траўня 1924), ЦК КП(б) Беларусі (14 траўня 1924 — 16 чэрвеня 1937), Бюро ЦК КП(б) Беларусі (29 лістапада 1927 — 16 чэрвеня 1937).

Адначасна ў 1923—1925 гг. узначальваў Камісію ЦВК СССР па ўрэгуляваньні межаў між Расейскай СФСР і Ўкраінскай ССР. За 1924—1930 гг. вылучыў на дзяржаўныя пасады Беларускай ССР звыш 5000 чалавек[4]. У 1924 годзе накіраваў ліст у Цэнтральны камітэт Расейскай камуністычнай партыі аб неабходнасьці ўзбуйненьня БССР. 3 сакавіка 1924 году Ўсесаюзны цэнтральны выканаўчы камітэт зацьвердзіў Пастанову «Аб узбуйненьні БССР». У выніку далучэньня земляў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай вобласьцяў насельніцтва БССР вырасла з 1,6 млн да 5 млн чалавек. На XІІ канфэрэнцыі Камуністычнай партыі Беларусі падтрымаў беларусізацыю. У 1926 годзе зьняўся ў 1-м беларускім фільме «Лясная быль». У сьнежні 1927 году высунуў лёзунг «Багацей, селянін», бо Беларуская ССР выканала плян па нарыхтоўках, у той час як у іншых рэспубліках хлебанарыхтоўка ўпала. У 1929 годзе камісія на чале зь сябрам Прэзыдыюму ЦВК СССР Уладзімерам Затонскім склала Сталіну даклад супраць Чарвякова за роўныя правы 4-м нацыянальным мовам у БССР — беларускай, жыдоўскай, польскай і расейскай. У дакладзе цьвердзілася, што беларусы больш за ўсіх былі ўшчэмленыя ў сваіх правах у параўнаньні з тымі ж палякамі, бо складалі найбольш шматлікую групу. Неўзабаве жыдоўская і польская мовы перасталі быць дзяржаўнымі[2].

У чэрвені 1937 году на XVI зьезьдзе КП(б) Беларусі быў падвергнуты рэзкай крытыцы за недастатковую працу па зьнішчэньні «ворагаў народу». Пратакол зьезду засьведчыў, што ягоны выступ перарывалі абразамі і пагрозамі звыш 100 разоў. У прамове выступіў у абарону асуджаных старшыні Савету народных камісараў БССР Мікалая Галадзеда і народнага камісара земляробства Зьмітра Прышчэпава. Падчас перапынку ў зьезьдзе застрэліўся ў сваім кабінэце, пакінуўшы перасьмяротную запіску супярэчліва-адваротнага зьместу: «Я сыходжу з жыцьця, праклінаючы ўсіх ворагаў народа, я праклінаю беларускіх фашыстаў, агентаў польскага імпэрыялізму». На вечаровым паседжаньні зьезду першы сакратар ЦК КП(б)Б Васіль Фаміч Шаранговіч заявіў цалкам пра іншае: «Чарвякоў, як нам цяпер вядома, скончыў самагубствам на асабістай глебе»[2]. Рэабілітаваны ў 1957 годзе.

  • За Савецкую Беларусь. Мн., 1927;
  • …Я ніколі не быў ворагам: Выбраныя артыкулы і прамовы; Успаміны сучаснікаў. Мн., 1992.

У 1967[5] годзе ў гонар Аляксандра Чарвякова названая вуліца ў Цэнтральным раёне гораду Менску.


  1. ^ а б Червяков Александр Григорьевич // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
  2. ^ а б в г д е ё Натальля Голубева. Час памятаць. Аляксандар Чарвякоў. Вытокі // Зьвязда. — 17 кастрычніка 2020. — № 203 (29317). — С. 10-11.
  3. ^ Ніна Шчарбачэвіч. Жыцьцё, вартае кіно // Жырандоля. — 7 чэрвеня 2014. — № 15 (232).
  4. ^ Яўген Бараноўскі. Драматычны лёс Аляксандра Чарвякова // Зьвязда : газэта. — 7 сакавіка 2012. — № 45 (27160). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ 1960-е и дальше // Вячеслав Бондаренко. Названия минских улиц за последнее столетие: тенденции, загадки, парадоксы // «Минск старый и новый» (рас.)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]