Аляксандра Зорына | |
![]() | |
Імя пры нараджэньні | Аляксандра Цьвікевіч |
---|---|
Дата нараджэньня | 17 верасьня 1899 |
Месца нараджэньня | Баранавічы, Менская губэрня, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | 31 траўня 1973 |
Месца сьмерці | Сан-Рафэл, Каліфорнія, ЗША |
Грамадзянства | Расейская імпэрыя, Нямеччына, ЗША |
Занятак | акторка |
Гады дзейнасьці | 1918—1932 |
IMDb | ID nm0815054 |
Аляксандра Зорына (сапр.: Аляксандра Цьвікевіч) (нар. 17 верасьня 1899, Баранавічы, Менская губэрня, Расейская імпэрыя — 31 траўня 1973, Сан-Рафэл, Каліфорнія, ЗША) — акторка беларускага паходжаньня, зорка нямецкага нямога кіно 1920-х — пачатку 1930 гадоў.
Нарадзілася 17 верасьня 1899 году ў сям’і Аляксандра і Марыі (з роду Міхневічаў) Цьвікевічаў у Баранавічах. Аляксандра была старэйшая сярод іншых дзяцей сям’і Цьвікевічаў, у якіх былі яшчэ: Ганна, Анатоль, Яўген.
Аляксандра мела творчы склад характару, пісала вершы і складала музыку. Яе мара была стаць піяністкай. Аднак яе мары ня спраўдзіліся.
У Варшаве яе заўважыў работнік кінастудыі і прапанаваў зьняцца ў кіно. На кінастудыі «Universum Film AG» зьвярнулі ўвагу на маладую сымпатычную акторку і як толькі скончылася вайна яна пераехала ў Бэрлін. Хутка зрабіла кар’еру і ўдзельнічала ў фільмах разам зь вядомымі акторамі Гары Лідткэ, Эмілем Янінгсам, Астай Нільсэн, Лаянэлам Бэрымарам, Конрадам Фэйдтам і інш.
Лічылася адной з самых прыгожых жанчынаў Эўропы таго часу, была знаёмая зь Сяргеем Ясеніным, Уладзімерам Набокавым, Фёдарам Шаляпіным. Апошні нават рабіў Аляксандры прапанову рукі і сэрца. У 1922 яна пазнаёмілася з кінапрадусэрам Сяргеем Оцупам.
Аляксандра Цьвікевіч з 1918 году здымалася ў нямецкіх і чэхаславацкіх фільмах пад псэўданімам Аляксандра Зорына (Alexandra Sorina). Як творчая актыўнасьць перапынілася ў 1932 годзе.