Арно́льд Яга́нэс Вільге́льм Зо́мэрфэльд (па-нямецку: Arnold Johannes Wilhelm Sommerfeld; 5 сьнежня 1868, Каралявец — 26 красавіка 1951, Мюнхэн) — нямецкі фізык-тэарэтык і матэматык.
Разам з Максам Плянкам, Альбэртам Айнштайнам ды Нільсам Борам належыць да кола так званых «бацькоў-заснавальнікаў» квантавай фізыкі, якія на пачатку XX стагодзьдзя стварылі новы падмурак сучаснай фізыкі ў выглядзе сучаснай тэарэтычнай фізыкі зь яе галоўным напрамкам — квантаваю мэханікаю і тэорыяю адноснасьці. Зомэрфэльд абагульніў тэорыю Бора на выпадак эліптычных арбіт з улікам рэлятывісцкіх паправак і растлумачыў тонкую структуру спэктраў вадароднага атаму, пабудаваў квантавую тэорыю нармальнага эфэкта Зэемана, усталяваў шэраг спэктраскапічных заканамернасьцяў, увёў галоўны, азімутальны, магнітны, унутраныя квантавыя лікі й адпаведныя правілы адбору.
Акрамя таго, Зомэрфэльд разьвіў паўклясычную тэорыю мэталаў, займаўся праблемамі клясычнай электрадынамікі (дыфракцыя і распраўсюджваньне электрамагнітных хваляў), электроннай тэорыі, спэцыяльнай тэорыі адноснасьці, гідрадынамікі і інжынэрнай фізыкі, матэматычнай фізыкі.
Зомэрфэльд быў ня толькі выдатным навукоўцам, а й таленавітым выкладчыкам. Ён заклаў буйную мюнхэнскую школу тэарэтычнай фізыкі, стварыў шэраг падручнікаў па гэтай дысцыпліне. Мноства ягоных асыстэнтаў, асьпірантаў і вучняў сталі выдатнымі фізыкамі і нобэлеўскімі ляўрэатамі.
Нягледзячы на велізарны аўтарытэт і дасягненьні ў галіне квантавай тэорыі атаму, сам Зомэрфэльд так я ня быў уганараваны Нобэлеўскай прэміяй, хоць вылучаўся на яе 84 разы ў 1917—1951 роках[6].
Памёр празь некалькі тыдняў пасьля зьбіцьця аўтамабілем на вуліцы. Ягоным імем названы Цэнтар тэарэтычнай фізыкі пры Мюнхэнскім унівэрсытэце[7].