Беларуская валютна-фондавая біржа | |
Тып | фондавая біржа |
---|---|
Разьмяшчэньне | Менск, Беларусь |
Заснаваная | 23 сьнежня 1998 (26 гадоў таму) |
Уладар | Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь |
Ключавыя асобы | Пётар Мамановіч, Андрэй Аўхіменя[1] |
Валюта | Беларускі рубель |
Колькасьць лістынгаў | 67 (2014)[2] |
РынКап | ▼188,863 млрд рублёў ($90,421 млрд; 2019 год)[3] |
Аб'ём | ▲766,6 млн рублёў ($367,023 млн; 2019 год)[4] |
Сайт | bcse.by |
Беларуская валютна-фондавая біржа (БВФБ) — фондавая біржа, заснаваная ў 1998 годзе ў Менску.
Ёсьць адзіным дапушчальным паводле закону месцам гандлю беларускімі ўрадавымі каштоўнымі паперамі. З кастрычніка 2004 году ладзіць заключэньне тэрміновых дамоваў, са сьнежня 2007 году — гандаль замежнай валютай. Знаходзіцца па адрасе: г. Менск, вул. Сурганава, д. 48а. Паводле Статуту, мэтай біржы ёсьць ладжаньне рэгулярнага гандлю валютай, каштоўнымі паперамі і іх вытворнымі ды забесьпячэньне ўмоваў для вызначэньня іх цаны. Ажыцьцяўляе захоўваньне і ўлік каштоўных папераў ды разьлікі па іх.
У дамове аб каштоўных паперах маюць згадвацца:
Паводле Правілаў лістынга каштоўных папераў на БВФБ, на сьнежань 2015 г. допуск да лістынга «А» 1-га (найвышэйшага) узроўню ажыцьцяўляўся пры адпаведнасьці прадпрыемства 7 умовам: 1) прынамсі 3-гадовы тэрмін дзейнасьці, 2) прынамсі 1000 акцыянэраў, 3) кошт чыстых актываў прынамсі 10 млн эўра; 4) валоданьне адной асобай ня больш як 75% простых імянных акцыяў; 5) адсутнасьць стратаў за папярэднія 2 гады; 6) штоквартальная (кожныя 3 месяцы) падача бухгальтарскага балянсу(en); 7) падача цягам 2 працоўных дзён ад часу ажыцьцяўленьня зьвестак аб зьмене выпуску акцыяў і арганізацыйнай будовы, набыцьці звыш 75% простых імянных акцыяў адной асобай. Допуск да лістынга «А» 2-га (сярэдняга) узроўню ажыцьцяўляўся пры адпаведнасьці прадпрыемства 6 умовам: 1) прынамсі гадавы тэрмін дзейнасьці; 2) прынамсі 500 акцыянэраў; 3) кошт чыстых актываў прынамсі 1 млн эўра; 4) адсутнасьць стратаў за папярэднія 2 гады; 5) штоквартальная падача бухгальтарскага балянсу; 6) падача цягам 2 працоўных дзён ад часу ажыцьцяўленьня зьвестак аб зьмене выпуску акцыяў і арганізацыйнай будовы. Пагатоў бухгальтарскі балянс меў падавацца: за папярэдні год — не пазьней за 15 красавіка, за 1-ы квартал (студзень—сакавік) — не пазьней за 31 траўня, за 2-і квартал (красавік—чэрвень) — не пазьней за 15 жніўня, за 3-і квартал (ліпень—верасень) — не пазьней за 15 лістапада[6].
На сьнежань 2015 году да лістынга «А» 1-га (найвышэйшага) узроўню меў допуск толькі Беларусбанк (з 6 сакавіка 2009 году)[7]. Да лістынга «А» 2-га (сярэдняга) узроўню мелі допуск 7 прадпрыемстваў: «Белзаавэтзабпрам» (з 27 сакавіка 2003 году)[8], «Белсантэхмантаж № 1» (з 18 красавіка 1997 году)[9], «Будтрэст № 3» (Салігорск, Менская вобласьць; з 16 траўня 1997 году)[10], «Рамспэцбуд» (Мазыр, Гомельская вобласьць; з 30 верасьня 1999 году)[11], «Сьвітанак» (Жодзін, Менская вобл.; з 5 студзеня 1995 году)[12], «Сукно» (з 31 сакавіка 1994 году)[13], «Спэцыялізаваная рамонтна-будаўнічая ўправа № 3» (Наваполацак, Віцебская вобласьць; з 15 сакавіка 1999 году)[14].
Юрыдычным асобам дазваляецца выпускаць аблігацыі пры кошце чыстых актываў(en) у прынамсі 100 тыс. базавых велічыняў (100 тыс. рублёў×100 тыс.=10 млрд. руб.>$1158 тыс.) ды адсутнасьці стратаў ад збыту цягам 2 папярэдніх гадоў[15][16].
Устаноўчая нарада біржы адбылася 23 сьнежня 1998 году. 29 сьнежня Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт пастановай № 1437 занёс адкрытае акцыянэрнае таварыства у Рэестар дзяржаўнай рэгістрацыі за № 23904[17]. За 2008 год аб’ём дамоваў з акцыямі склаў 201 млрд рублёў[18] ($93,5 млн). На 3 жніўня 2009 году на біржы гандлявалі акцыямі 157 беларускіх прадпрыемстваў[19]. У 2010 годзе штодзень заключалася 10 дамоваў. З 1 студзеня 2011 году дазволілі перапродаж паёў акцыянэрных таварыстваў, што на 18 лютага павялічыла заключэньне дамоваў да 100 на дзень пры наяўнасьці каля 60 улічаных брокераў[20].
У 2014 годзе абсяг гандлю паямі прадпрыемстваў упаў да 479,739 млрд руб[21] (2014; $46,757 млн)[22]. За 2015 год рынкавая капіталізацыя паёў прадпрыемстваў на БВФБ вырасла да 9104,427 млрд руб[23] (2015; $497,809 млн)[24].
У 2019 годзе абсяг гандлю на БВФБ упаў на 0,4% да 29,77 млрд рублёў ($14,253 млрд). Зь іх гандаль аблігацыямі скараціўся на 0,5% да 29 млрд рублёў ($13,884 млрд). Гандаль паямі больш як 4000 акцыянэрных таварыстваў вырас на 6,7% да 766,6 млн рублёў ($367,023 млн) і склаў менш за 3% рынку каштоўных папераў на БВФБ. Урад Беларусі валодаў 90% усіх паёў у абарачэньні. Рост гандлю паямі прадпрыемстваў стрымлівала пераважнае права іх набыцьця мясцовымі выканкамамі[4].
За 2021 год біржавы рынак каштоўных папераў скараціўся на амаль 40 % з 12,5 млрд рублёў (5,079 млрд даляраў) да 7,552 млрд рублёў (2,974 млрд даляраў). Сярэдняя сума ўгоды ўпала з 979,8 рублёў да 574,4 рублёў. Пры гэтым, агульны лік угодаў вырас на 3,41 % з 12 716 у 2020 годзе да 13 149 у 2021-м. Рынак аблігацыяў зьменшыўся на амаль 40 % да 7,5 млрд рублёў, хоць лік угодаў вырас на 5 % да 10 386 (82 % усіх угодаў). Рынак паёў прадпрыемстваў упаў на амаль 52 % да 51 млн рублёў (0,7 % біржавога рынку Беларусі) пры скарачэньні ліку ўгодаў на 3 % да 2763-х[25].
18 сакавіка 2022 году ўвялі штодзённы абмен беларускіх рублёў і кітайскіх юаняў[26].