Бельск Падляскі

Бельск Падляскі
лац. Bielsk Padlaski
польск. Bielsk Podlaski
Меская ратуша
Меская ратуша
Герб Бельску Падляскага
Першыя згадкі: 1252
Магдэбурскае права: 18 лістапада 1495
Краіна: Польшча
Ваяводзтва: Падляскае
Павет: Бельскі
Плошча: 26,88 км²
Вышыня: 140 м н. у. м.
Насельніцтва (2009)
колькасьць: 26 493 чал.
шчыльнасьць: 985,6 чал./км²
Часавы пас: UTC+1
летні час: UTC+2
Тэлефонны код: +48 85
Паштовыя індэксы: 17-100 — 17-102
Нумарны знак: BBI
Геаграфічныя каардынаты: 52°45′50.76″ пн. ш. 23°11′24.72″ у. д. / 52.7641° пн. ш. 23.1902° у. д. / 52.7641; 23.1902Каардынаты: 52°45′50.76″ пн. ш. 23°11′24.72″ у. д. / 52.7641° пн. ш. 23.1902° у. д. / 52.7641; 23.1902
Бельск Падляскі на мапе Польшчы
Бельск Падляскі
Бельск Падляскі
Бельск Падляскі
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.bielsk-podlaski.pl

Бельск Падля́скі (польск. Bielsk Podlaski, падляск.: Biêlśk Pudláśki) — места ў Польшчы, на рацэ Белай. Адміністрацыйны цэнтар Бельскага павету Падляскага ваяводзтва. Плошча 26,88 км². Насельніцтва на 2009 год — 26 493 чалавекі. Знаходзіцца за 50 км на поўдзень ад Беластоку.

Бельск — магдэбурскае места гістарычнага Падляшша, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захавалася капліца Сьвятога Мікалая і цэрквы Раства Багародзіцы, Сьвятога Міхала Арханёла і Сьвятой Тройцы, збудаваныя ў стылі традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры[a], а таксама меская ратуша, Фарны касьцёл, комплекс кляштару кармэлітаў з касьцёлам Маці Божай з Гары Кармэль і царква Ўваскрасеньня Хрыстова[b], помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася царква Сьвятога Мікалая, помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры.

Тапонім «Бельск» утварыўся ад назвы ракі Белай паводле найбольш старажытнай мадэлі — уласная назва ракі + суфікс -ск. Увогуле, у айканіміі этнічных беларускіх зямель суфікс -ск (-цак) зьяўляецца глыбока традыцыйнай рэліктавай зьявай, якая падкрэсьлівае самабытнасьць беларускага народа і старажытнасьць тэрыторыі яго расьсяленьня. Такі суфікс адзначаецца з IX—X стагодзьдзяў, у тым ліку ў назвах двух найстаражытнейшых местаў Полацку і Смаленску, засьведчаных летапісамі пад 862 і 863 гадамі. Звыш паловы гарадоў з назвамі на -ск, памянёных у летапісах XI стагодзьдзя, прыпадае менавіта на зону фармаваньня беларусаў, дзе гэты суфікс выяўляе прадуктыўнасьць і ў наступныя стагодзьдзі. Кожнае трэцяе беларускае места зь ліку занесеных у «Сьпіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» канца XIV стагодзьдзя сканчаецца на -ск (-цак)[1].

Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўпамін пра Бельск датуецца 1252 годам, калі ён уваходзіў у склад Галіцка-Валынскага княства[2]. У 1-й палове XIV ст. Бельск далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага[2]. У 1377 годзе тутэйшы замак вытрымаў крыжацкую аблогу. 2 верасьня 1391 году[2] кароль польскі Ягайла перадаў Бельск мазавецкаму князю Янушу I, які надаў месту Хэлмінскае права.

У пачатку XV ст. вялікі князь Вітаўт вярнуў Дарагічынскую зямлю разам зь Бельскам у склад Літвы. У 1430 годзе места атрымала прывілеі ад Вітаўта, які збудаваў тут касьцёл Панны Марыі. У гэты час Бельск уваходзіў у склад Дарагічынскага павету. У 2-я палове XV ст. ён стаў цэнтрам Бельскага павету. 18 лістапада 1495 году вялікі князь Аляксандар надаў месту Магдэбурскае права.

У 1501 годзе Бельск атрымаў герб «у срэбным полі выява чырвонага зубра з залатымі рагамі на зялёнай зямлі»[3]. У 1507 годзе места перайшло ў валоданьне Алены Іванаўны, удавы вялікага князя Аляксандра. У XVI ст. тут дзеялі цэрквы Богаяўленская, Раства Багародзіцы, Сьвятой Тройцы, Васкрасенская, манастыр Сьвятога Мікалая; пры касьцёле Сьвятога Марціна існаваў шпіталь для бедных. У 1513 годзе Бельск увайшоў у склад Падляскага ваяводзтве. 1 ліпеня 1564 году ў месьце на сойме Вялікага Княства Літоўскага абвясьцілі Бельскі прывілей і зацьвердзілі Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566 году.

У 1569 годзе згодна з умовамі Люблінскай уніі Бельск перайшоў да Каралеўства Польскага. У 1570 годзе вялікі пажар зьнішчыў замак. У 1636 годзе цэрквы Раства Багародзіцы і Сьвятой Тройцы прынялі Берасьцейскую унію. У 1641 годзе Адам і Альжбэта Казаноўскія збудавалі ў Бельску касьцёл Сьвятога Міхала для кляштару кармэлітаў абутых. У 1710 годзе места спустошыла эпідэмія. У 1783 годзе Ян Клемэнс Браніцкі збудаваў у Бельску касьцёл.

Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Бельску і ваколіцаў ліцьвінамі: шляхціч Станіслаў Будлеўскі ў 1746 годзе азначаўся як Nobilis Lithuanus ex terra Bielscensi districtus Branscensis[4].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Бельск апынуўся ў складзе Прусіі, а з 1807 году — у Расейскай імпэрыі. У 1808 годзе ён стаў цэнтрам павету Беластоцкай вобласьці (з 1842 году ў Гарадзенскай губэрні). На 1857 год у Бельску былло 10 мураваных і 216 драўляных будынкаў, дзеяла 5 цэркваў, працавала 5 прадпрыемстваў; пад юрысдыкцыяй места знаходзіліся вёскі Відава, Сьпічкі, Шасталы, Стрыкі, Парцэва, Аўгустава і Пасечнікі[5].

Народжаны ў ваколіцах Бельску віленскі доктар Людвік Чаркоўскі сьведчыў у сваёй этнаграфічнай працы (1907 год), што падляскія мазуры і русіны называюць беларускую мову «літоўскай», а яе носьбітаў — «ліцьвінамі»[6].

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Бельск занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бельск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году ён апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі.

З пачаткам Другой сусьветнай вайны 15 верасьня 1939 году Бельск акупавалі войскі Трэцяга Райху, але праз тыдзень места перадалі СССР згодна з пактам Молатава-Рыбэнтропа. У лістападзе 1939 году Бельск увайшоў у склад БССР, дзе стаў цэнтрам раёну Беластоцкай вобласьці. У 1941—1944 гадох места зноў знаходзілася пад акупацыяй нацысцкай Нямеччыны. 16 жніўня 1945 году ўлады СССР перадалі Бельск Польскай Народнай Рэспубліцы.

Бельск разьмяшчаецца на Бельскай раўніне і займае 1,94% паверхні Бельскага павету.

Клімат мерна кантынэнтальны, характарызуецца мерна цёплым летам і мерна халоднай зімой. Колькасьць ападкаў складае 550 мм.

 Кліматычныя зьвесткі для Бельску Падляскага 
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Сярэдні максымум t, °C −3 −3 4 11 17 20 21 21 16 11 4 1 11
Сярэдні мінімум t, °C −6 −6 −2 2 7 10 12 11 8 4 0 −4 3
Крыніца: Weatherbase
  • XIX стагодзьдзе: 1857 год — 2788 чал.[7]; 1878 год — 5810 чал. (2756 муж. і 3054 жан.), зь іх 940 праваслаўных, 895 каталікоў, 7 эвангелістаў і 3968 юдэяў[8]; 1889 год — 7012 чал. (3583 муж. і 3428 жан.), зь іх паводле стану: шляхты нашчадкавай і асабістай 65, праваслаўнага духавенства 22, каталіцкага 1, юдаісцкага 2, грамадзянаў нашчадкавых і асабістых 14, купцоў 60, мяшчанаў 5942, цэхавых 110, вайскоўцаў (з радзінамі) 781, замежных падданых 15; паводле веры: праваслаўных 2870, каталікоў 1883, пратэстантаў 27, юдэяў 2222, мусульманаў 10[9]
  • XXI стагодзьдзе: 2009 год — 26 493 чал.
Беларускі ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча

У Бельску дзее Комплекс школаў з дадатковай беларускай мовай навучаньня імя Яраслава Кастыцэвіча. Агулам у 2 школах комплексу — больш за 700 вучняў. Апроч таго, у месьце працуе Беларускі ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча, дзе беларуская мова зьяўляецца абавязковым прадметам.

Бельская школа іканапісу

У Бельску знаходзіцца адзіная ў Польшчы школа іканапісу.

Бельск — адзін з найбольш значных цэнтраў беларускай культуры ў Польшчы. Дзейнічаў Бельскі павятовы аддзел БГКТ. Тут штогод праводзіцца фэст беларускай аўтарскай песьні «Бардаўская восень»[10], дзеюць самадзейныя беларускія музычныя калектывы.

У Бельску працуюць прадпрыемствы па вытворчасьці прамысловага абсталяваньня, зборачных вузлоў, будаўнічых матэрыялаў (мэталічных вырабаў і інш.). Існуе льноапрацоўчае прадпрыемства «Lenpol», вырабляецца трыкатаж, ёсьць значныя прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, абслугоўваньні сельскай гаспадаркі. Разьмешчане ў Бельску-Падляскім малочнае прадпрыемства «Mlekovita-Bielmlek» пастаўляе прадукцыю ў розныя рэгіёны Польшчы. Бельскі аддзел прадпрыемства «Netter» прапануе мяса і разнастайныя мясапрадукты, фірма «Hoop» буйны вытворца, экспартэр напояў і водаў.

Бельск — значны вузел аўтамабільных шляхоў: № 19 (Беласток — Бельск Падляскі — Люблін — Жэшаў, № 66 (Замбраў — Бельск Падляскі — Палоўцы), № 689 (Бельск Падляскі — Гайнаўка — Белавежа)

Празь места праходзіць чыгунка Беласток — Чарэмха — Берасьце.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзее Музэй малой айчыны ў Бельску — Студзіводах, ініцыятарам стварэньня якога быў вядомы краязнавец, галоўны рэдактар часопісу «Бельскі гостінэць» Дарафей Фёнік.

  • Гарадзішча (XIII ст.)
  • Забудова гістарычная (XIX — пачатак XX ст.; фрагмэнты)
  • Капліца Сьвятога Мікалая (1678; адноўлена ў 1996)
  • Капліца Сьвятога Юрыя (1900)
  • Касьцёл Раства Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьвятога Мікалая (1783)
  • Касьцёл Маці Божай з Гары Кармэль (1641)
  • Кляштар кармэлітаў (1641)
  • Могілкі: вайсковыя часоў 1-й сусьветнай вайны; каталіцкія, капліца Сьвятога Вінцэнта (1859); праваслаўныя, царква Сьвятой Тройцы (кан. XVIII ст.)
  • Ратуша (пасьля 1776)
  • Сядзібна-паркавы комплекс Смульскіх (XIX ст.)
  • Царква Раства Багародзіцы (Замкавая або Прачысьценская; XVII ст.)
  • Царква Сьвятога Міхала Арханёла (1789, 1914)
  • Царква Ўваскрасеньня Хрыстова (1716, 1912—1913)

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Царква Сьвятога Мікалая
Пералік местаў-сяброў Бельску
  1. ^ Мастацкае аблічча цэркваў пацярпела ад маскоўскіх перабудоваў
  2. ^ Таксама пацяпела ад маскоўскай перабудовы
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010.
  2. ^ а б в Грынявецкі В. Бельск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 308.
  3. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 119.
  4. ^ Czapiewski P. Stosunki narodowościowe w Kartuzji Pomorskiej // Księga pamiątkowa 75-lecia Towarzystwa Naukowego w Toruniu. — Toruń, 1952. S. 23.
  5. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 120.
  6. ^ Czarkowski L. Powiat Bielski w gub. Grodzieńskiej // Rocznik Towarzystwa Przyjaciół Nauk w Wilnie. T. 1, 1907. S. 97—98.
  7. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 119—120.
  8. ^ Sulimierski F. Bielsk // Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 215.
  9. ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  10. ^ Фестываль «Бардаўская восень» святкуе 20-годдзе

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]