Бэндэры | |||||
малд. Bender | |||||
| |||||
Дата заснаваньня: | 1408 | ||||
Былая назва: | Тыгіна | ||||
Краіна: | Малдова | ||||
Кіраўнік: | Roman Ivanchenko[d] | ||||
Плошча: | 97,29 км² | ||||
Вышыня: | 15 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва | |||||
колькасьць: | 97 027 чал. (2004) | ||||
шчыльнасьць: | 997,3 чал./км² (2004) | ||||
этнічны склад: | малдаване – 25.03%, украінцы – 17.98%, , расейцы – 43.35% | ||||
Часавы пас: | UTC+2 | ||||
Тэлефонны код: | 373 552 | ||||
Паштовыя індэксы: | 3200 | ||||
Нумарны знак: | А — — | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 46°50′0″ пн. ш. 29°29′0″ у. д. / 46.83333° пн. ш. 29.48333° у. д.Каардынаты: 46°50′0″ пн. ш. 29°29′0″ у. д. / 46.83333° пн. ш. 29.48333° у. д. | ||||
Бэндэры | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
www.bendery.md |
Бэндэ́ры альбо Бэндэ́р (па-расейску: Бендеры, [bʲɪnˈdɛrɨ], па-ўкраінску: Бендери, па-малдаўску: Bender, Бендэр, [benˈder]) — места ў Прыднястроўі (Малдова), дэ-факта пад кантролем непрызнанае Прыднястроўскае Малдоўскае Рэспублікі. Знаходзіцца на правым (заходнім) берагу Днястру ў гістарычнай Бэсарабіі.
Фартэцыя Тыгіна была адной з важных гістарычных фартэцыяў Малдаўскага княства да 1812 году.
З 1992 году, пасьля вайны ў Прыднястроўі, места і прылеглыя населеныя пункты знаходзяцца пад кантролем самаабвешчанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі.
Места ўпершыню згадваецца як важны мытны пункт у гандлёвай грамаце, выдадзенай малдаўскім ваяводам Аляксандрам Добрым львоўскім купцам 8 кастрычніка 1408 г. Назва «Тыгіна» сустракаецца ў дакументах другой паловы XV стагодзьдзя. Раней генуэзскія купцы называлі горад Тэгеначчо. Горад быў галоўным малдаўскім мытным пунктам на гандлёвай дарозе, якая злучала краіну з Крымскім ханствам. Падчас праўленьня Малдоваю Стафан III загадаў пабудаваць у горадзе невялікі драўляны форт для абароны паселішча ад татарскіх набегаў.
У 1538 годзе асманскі султан Сулейман Цудоўны адваяваў горад у Малдовы і перайменаваў яго ў Бендэры. Яго ўмацаваньні былі разьвіты ў поўную фартэцыю пад такой жа назвай пад кіраўніцтвам турэцкага архітэктара Коджы Мімара Сінана. Асманы выкарыстоўвалі гэта для падтрыманьня ціску на Малдову. У канцы XVI стагодзьдзя было зроблена некалькі беспасьпяховых спробаў вярнуць фартэцыю: летам 1574 г. князь Ян III Грозны вёў аблогу фартэцыі, а таксама Міхаіл Храбры ў 1595 і 1600 г. Прыкладна ў гэты ж час фартэцыя была атакаваная запароскімі казакамі.
У 18 стагодзьдзі тэрыторыя фартэцыі была пашырана і мадэрнізавана князем Малдовы Антыёхам Кантэмірам, які праводзіў гэтыя работы пад асманскім наглядам.
У 1713 годзе фартэцыя, мястэчка і суседняе сяло Варніца былі месцам сутычак паміж швэдзкім каралём Карлам XII, які схаваўся тут у казацкага гетмана Івана Мазэпы пасьля паразы ў Палтаўскай бітве 1709 году, і туркамі. якія жадалі прымусіць сысьці швэдзкага караля.
У другой палове XVIII стагоддзя фартэцыя тройчы трапляла ў рукі маскавітаў падчас расейска-турэцкіх войнаў (у 1770, 1789 і ў 1806 без бою).
Разам з Бэсарабіяй горад быў далучаны да Расейскай імпэрыі ў 1812 годзе і заставаўся часткай Расейскай губэрні Бэсарабіі да 1917 году. Шмат украінцаў, маскавітаў і жыдоў пасялілася ў Бэндэрах або ваколіцах, і горад хутка стаў пераважна расейскамоўным . У 1897 годзе носьбіты румынскай і малдаўскай моў складалі толькі каля 7% насельніцтва Бэндэраў, у той час як 33,4% былі жыдамі.
Тыгіна ўваходзіла ў склад Малдаўскай Дэмакратычнай Рэспублікі ў 1917—1918 гадах, а пасьля 1918 году, пасьля аб’яднаньня Бэсарабіі з Румыніяй, горад належаў Каралеўству Румыніі, дзе быў цэнтрам павета Тыгіна. У 1918 годзе ён ненадоўга знаходзіўся пад кантролем Адэскай савецкай рэспублікі(en), якая была выгнана румынскай арміяй. Мясцовае насельніцтва крытычна ставілася да румынскіх уладаў; папулярным заставаўся прасавецкі сэпаратызм. На Вялікдзень 1919 г. француская армія ўзарвала мост праз раку Днестр, каб не дапусьціць бальшавікоў да места. У тым жа годзе ў Бэндэрах адбылося прасавецкае паўстаньне, якое спрабавала далучыць горад да новастворанага ЗРСР. Некалькі сотняў камуністычных рабочых і чырвонаармейцаў з Бэсарабіі на чале з Грыгорыем Старым захапілі кантроль у Бэндэрах 27 траўня. Аднак у той жа дзень паўстаньне было падаўлена румынскімі войскамі.
Румынія распачала палітыку румынізацыі, і выкарыстаньне расейскай мовы цяпер не заахвочвалася, а ў некаторых выпадках і абмяжоўвалася. У Бэндэры, аднак, расейская мова па-ранейшаму заставалася самай распаўсюджанай мовай горада: у 1930 г. яна была роднай для 53% яго жыхароў[2]. Нягледзячы на тое, што іх доля падвоілася, румынамоўныя складалі толькі 15%.
Разам з Бэсарабіяй горад быў акупаваны Савецкім Саюзам 28 чэрвеня 1940 году пасьля ўльтыматуму. Падчас Другой сусьветнай вайны ён быў адбіты Румыніяй у ліпені 1941 году (па якой празь месяц была падпісаная дамова(en) аб акупацыі Прыднястроўя), і зноў СССР у жніўні 1944 г. Большая частка жыдоў горада была забіта падчас Галакосту, хаця ў Бэндэрах пазасталася значная жыдоўская супольнасьць, пакуль большасьць не эмігравала пасьля распаду Савецкага Саюза.
У 1940—41 і 1944—1991 гадах — адзін з чатырох «рэспубліканскіх гарадоў», не падпарадкаваных раёну, Малдаўскай ССР, адной з 15 рэспублік Савецкага Саюза. З 1991 году горад зьяўляецца спрэчным паміж Рэспублікай Малдова і самаабвешчаным Прыднястроўем. З-за ключавога стратэгічнага разьмяшчэньня горада на правым беразе ракі Днестр, у 10 км ад левабярэжнага Тыраспаля, у Бэндэрах адбыліся самыя цяжкія баі ў вайне за Прыднястроўе 1992 году падчас Бэндэрскай бітвы(en). З таго часу ён кантралюецца прыднястроўскімі ўладамі, хоць фармальна знаходзіцца ў дэмілітарызаванай зоне, створанай у канцы канфлікту.
Гэта — накід артыкула па геаграфіі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |