Гэры Мур

Гэры Мур
Робэрт Ўільям Гэры Мур
Гэры Мур у 2007 годзе
Дата нараджэньня 4 красавіка 1952(1952-04-04)[1][2][3]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 6 лютага 2011(2011-02-06)[4][1][3] (58 гадоў)
Месца сьмерці
Прычына сьмерці інфаркт міякарда
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Прафэсія музыка, сьпявак, паэт, кампазытар, мастак, пісьменьнік
Гады дзейнасьці 1969—2011
Сябра ў Thin Lizzy[d], Skid Row[d] і Colosseum II[d]
Жанры блюз, блюз-рок, гард-рок
Вакал барытон
Інструмэнты гітара
Гурты Skid Row, Dr. Strangely Strange, Gary Moore Band, Thin Lizzy, G-FORCE, Scars
Лэйблы Virgin Records[d]
Сайт gary-moore.com

Робэрт Ўільям Гэры Мур (па-ангельску: Robert William Gary Moore; 4 красавіка 1952, Бэлфаст, Паўночная Ірляндыя — 6 лютага 2011, Эстэпона, Гішпанія) — ірляндзкі гітарыст, сьпявак, аўтар песень. Зрабіў значны ўнёсак ў разьвіцьцё блюз-року.

У восем гадоў пачаў асвойваць акустычную гітару. У 14 гадоў меў ужо сапраўдную гітару. Ад таго часу Гэры навучыўся граць на стандартных «праварукіх» гітарах, нягледзячы на тое, што сам быў ляўшой. Быў заўзятарам Элвіса Прэсьлі і The Beatles. Пасьля таго як наведаў канцэрты Джымі Гэндрыкса і John Mayall’s Bluesbreakers, пачаў сам граць блюз-рок.

Першым гуртом гістарыста была школьная Granny’s Intentions, пасьля якой у 1968 годзе была блюз-рокавая Skid Row (Філ Лайнат — вакал, Брэндан Шылдс — бас, Ноэл Брыджмэн — ударныя).

Пасьля сыходу Лайната гурт запісаў два альбомы, і Гэры Мур заснаваў фолькавую каманду Dr. Strangely Strange, пасьля якой у 1973 годзе была Gary Moore Band (Фрэнк Бойлен — бас, Пірс Кэлі — ударныя). Стыль маладога Гэры Мура ўяўляе сабою варыяцыі на тэму саўнда Джэфа Бэка, але ў сярэдзіне 1970-х пад уплывам Карласа Сантаны Гэры выпрацаваў сваю асабістую манэру — пранізьлівы і адначасова вельмі лірычны стыль, які выдатна падыходзіў да фарміруемага на той час гард-н-гэві.

У студзені 1974 году Лайнот запрасіў Мура ў Thin Lizzy на месца Эрыка Бэла, але праз 4 месяцы гітарыст сышоў у Colosseum II Джона Хайсмэна, дзе запісаў тры альбомы (на кружэлках 1976 і 1977 гадоў ёсьць яго вакальныя партыі). У студзені — траўні 1977 году Гэры Мур працаваў у Thin Lizzy, пасьля ізноў сышоў у Colosseum II, вярнуўся ў жніўні 1978 году і ізноў сышоў праз год, пасьля посьпеху сольнага сынгла «Parisienne Walkways» (UK-8). У 1979—1980 гадах Мур працаваў у складзе амэрыканскага гард-рокавага гурта G-FORCE (Тоні Ньютан — вакал, Ўілі Дзі — бас, Марк Носіф — ударныя), зь якой запісаў альбом.

У кастрычніку 1982 году музыкант падпісаў кантракт з «Virgin Records» і, запрасіўшы прызнаных майстраў харда — ударніка Йэна Пэйса, басіста Ніла Мюрэя, клавішніка Дона Эйры і вакаліста Чарлі Хуна, выдаў альбом «Corridors Of Power» (UK-30/ US-149). Нягледзячы на тое, што большсьць мураўскіх «гасьцей» былі знакамітыя па жорсткай гатычнай форме харду, музыка Гэры атрымалася бяскрыўднай і выгоднай у камэрцыйных адносінах. Альбомы 1984 году Dirty Fingers і 1985 году Run for Cover занялі ў Ангельшшчыне 12-я месца, а альбом 1987-га Wild Frontier — 8-е.

У 1990 годзе Гэры Мур выдаў выдатны альбом «Still Got The Blues» (UK-13/US-83), у якім удзельнічалі Альберт Кінг, Альберт Колінз і Дон Эйры. Гэта роўны і моцны альбом стылізаваны пад хэві-блюз. «Блюзавы пэрыяд» у творчасьці гітарыста працягваўся 7 год; выйшаў цікавы альбом «After Hours» (UK-4/US-145), канцэртная кружэлка, зборнік, сумесны альбом ВВМ «Around The Next Dream» (з Джэкам Брусам і Джынджэрам Бэйкерам, у лепшых традыцыях Cream) і прысьвячэньне Пітэру Грыну «Blues For Greeny» (UK-14).

У 1997 годзе зьявіўся студыйны альбом «Dark Days in Paradise», які выклікаў абурэньне ў заўзятараў Мура. У ім Гэры паўстае вакалістам, адкінуўшы гітару. Стылістычна альбом нагадваетворчасьць Карласа Сантаны і Эрыка Клэптана. Цікавыя, незвычайныя мэлёдыі і багатая аранжыроўка дадаюць альбому нейкі шарм, што аднак было ўспрынята як сыход аўтара ў камерцыйную эстрадную музыку.

Новы напрамак — Электронны блюз-рок быў запісаны ў 1999 годзе на альбоме «A Different Beat». Мур захапіўся на той час выпрабаваньнямі з электронным гукам. Таму альбомы 1997 і 1999 гадоў лічацца самымі супярэчнымі й самымі цікавымі ў творчасьці гітарыста.

У 2004 годзе пабачыў сьвет альбом «Power of the Blues», дзе ўсе трэкі на ім былі новымі, але у старым, адмысловым мураўскім стылі блюз-року.

23 красавіка 2008 году Гэры Мур у рамках сусьветнага турнэ даў канцэрт у Менску на сцэне Палаца Рэспублікі[7].

Памёр 6 лютага 2011 году. Музыку знайшлі мёртвым ў нумары гатэлю на Коста-дель-Соль у Гішпаніі. Ён памёр ад сардэчнага прыступу[8].

Канцэртныя альбомы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • 1985 Emerald Aisles Live In Ireland
  • 1987 The Video Singles
  • 1987 Live At Isstadion
  • 1990 An Evening Of The Blues
  • 1993 Live Blues
  • 1994 Ballads & Blues 1982—1994
  • 1996 Blues for Greeny Live
  • 2003 Thin Lizzy The Boys are Back in Town, Live '78
  • 2003 The Old Grey Whistle Test 2
  • 2003 Live at Monsters of Rock
  • 2004 Live at Montreux 1990