Гіўэл ап Кадэл Hywel Dda ap Cadell | |
Кароль Дывэда, Поўіса й Гўінэда Уладар Сэйсыла й Дэхейбарта | |
---|---|
Выява Гіўэла з рукапісу Peniarth 28 | |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 880 |
Памёр | 950 |
Дынастыя | Дывэвурская дынастыя |
Жонка | Элен з Дывэда |
Бацька | Кадэл ап Родры |
Гіўэл II Да ап Кадэл (па-валійску: Hywel II Dda ap Cadell ці Hywel Dda, каля 880—950) — кіраўнік вялікай частцы Валіі, першапачаткова ўладар Дэхейбарта, каралеўства на паўднёвым захадзе краіны. Бацька Гіўэла, Кадэл, быў сынам Родры Вялікага, родапачынальнікам Дынэвурскай галіны. Гіўэл быў аднім з самых выбітных уладароў Валіі данармандзкага пэрыяду[1]. Галоўным ягоным дасягненьнем лічыцца складаньне кодэксу валійскіх законаў, якія вядомы пад назовам «Законы Гіўэла Добрага» (Cyfraith Hywel Dda).
Гіўэл нарадзіўся прыкладна каля 880 году. Ён быў малодшым сынам Кадэла, сына Родры ап Мэрвіна. У 905 годзе Кадэл падпарадкаваў Дывэд і пасадзіў на сталец у ім Гіўэла. Гіўэл замацаваў сваё княжаньне, ажаніўшыся з Элен, дачкой Ліварха ап Гівайда, папярэдняга ўладара Дывэда[2]. Пасьля сьмерці Кадэла ў 909 годзе Гіўэл атрымаў таксама частку Сэйсылуга, а ў 920 годзе, калі сканаў і ягоны брат, Гіўэл аб’яднаў Дывэд і Сэйсылуг, стварыўшы новае каралеўства — Дэхейбарт. У 942 годзе пасьля сьмерці свайго стрыечнага брата, Ідвала Лысага, ён атрымаў уладу й у Гўінэду. Усе ўладаньні Гіўэла складалі амаль тры чвэрці тэрыторыі сучаснай Валіі.
Панаваньне Гіўэла было незвычайна мірным на той час. Гэта зьвязана шмат у чым з тым, што ён меў добрыя адносіны з Этэльстанам, уладаром Ўэсэкса. Гіўэл нават біў манэту ў ангельскім Чэстэры, больш нікто з валійскіх уладароў гэтага ніколі не рабіў. Акрамя таго, Гіўэл уважліва вывучаў юрыдычную сыстэму англасаксаў, а таксама зьдзейсьніў паломніцтва ў Рым, што менавіта яго натхніла на ідэі аб больш эфэктыўным кіраўніцтве.
Але ня ўсе гісторыкі згодны ў пытаньні аб тым, чаму Гіўэл шукаў зьвяза з Этэльстанам. Хтосьці бачыць у Гіўэле шчырага англафіла й пераймальніка караля Ўэсэкса [3], іншыя лічаць што ён быў сапраўдным прагматыкам, які занадта добра ведаў расстаноўку сілаў у Брытаніі сярэдзіны X стагодзьдзя[4]. Трэба адзначыць, што аднаго з сваіх сыноў Гіўэл назваў саксонскім імём Эдўін.
Каля 945 года ў Гендзі Гўіне сабраўся своеасаблівы парлямэнт, які кадыфікаваў валійскія законы на аснове звычайнага права. У іх складаньні прымаў удзел вядомы валійскі летапісец Блегіўрыд. Пасьля сьмерці Гіўэла ў 950 годзе ягонае каралеўства было падзелена на тры часткі: Гўінэд зноўку перайшоў пад кантроль нашчадкаў Ідвала Лысага, а Дэхейбарт падзялілі сыны самога Гіўэла. Але законы Гіўэла насупраць захаваліся ў актыўна ўжываліся аж да XVI стагодзьдзя, калі іхняе дзеяньне было скасавана Генрыхам VIII. Адзін са сьпісаў законаў, рукапіс «Peniarth 28», які вядомы сваімі малюнкамі на палёх, захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Валіі ў Абэрысўіце[5]. Яшчэ адзін са сьпісаў захаваўся ў Чорнай кнізе з Чырка.
Унівэрсытэт Валіі штогод прысуджае Прэмію Гіўэла за дасьледваньні ў галіне сярэднявечнага права.
Папярэднік няма |
Кароль Дэхейбарта 909—950 |
Наступнік Оўайн ап Гіўэл Родры ап Гіўэл Эдўін ап Гіўэл |
Папярэднік Ідвал Лысы |
Кароль Гўінэда 920—950 |
Наступнік Яго ап Ідвал Еўав ап Ідвал |
Гіўэл ап Кадэл — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў