Джэрэмі Айранз

Джэрэмі Айранз
Імя пры нараджэньні Джэрэмі Джон Айранз
Дата нараджэньня 19 верасьня 1948 (76 гадоў)
Месца нараджэньня Коўз, востраў Ўайт, Вялікабрытанія
Месца вучобы
Занятак актор
Гады дзейнасьці 1971 — цяпер
Сябра ў Royal Shakespeare Company[d]
Жанры камэдыі Шэксьпіра[d]
Дзеці Макс Айранз[d]
Узнагароды «Оскар» (1990)
«Залаты Глёбус» (1990, 2006)
IMDb ID nm0000460
Сайт www.jeremy-irons.com

Джэ́рэмі Джон А́йранз (па-ангельску: Jeremy John Irons; нарадзіўся 19 верасьня 1948 году, Коўз, востраў Ўайт, Вялікабрытанія) — ангельскі актор, ляўрэат прэміі «Оскар» за найлепшую мужчынскую ролю (1991) і шэрагу іншых прэстыжных узнагарод.

Джэрэмі Айранз нарадзіўся 19 верасьня 1948 году ў горадзе Коўзе, на востраве Ўайце, што месьціцца ў праліве Ля-Маншы. Пачаў працаваць асыстэнтам у тэатры пасьля таго, як праваліўся на ўступных экзаменах у вэтэрынарную школу. Два гады вучыўся на акторскіх курсах тэатру «Олд Вік» у Брысталі (анг. Bristol Old Vic Theatre School).

У 1971 годзе пераехаў у Лёндан. Працаваў у трупе Тэатру Ўэст-Энду й на тэлебачаньні. Крытыкі адзначылі ягоную ролю ў тэлесэрыяле «Вяртаньне ў Брайдсгэд» (1981). У 1981 годзе зьняўся з Мэрыл Стрып у фільме «Жанчына францускага лейтэнанта».

У 1984 годзе згуляў галоўнага героя ў «Каханьні Свана» (экранізацыя другой часткі раману «У кірунку да Свана» Марсэля Пруста), дзе ролю Одэты выканала Арнэльля Муці. Стаў чальцом трупы Каралеўскага шэксьпіраўскага тэатру.

Айранз двойчы здымаўся ў рэжысэра Дэйвіда Кронэнбэрга: у фільме «Намёртва зьвязаныя» (1988) і ў драме «М. Батэрфляй» (1993).

У 1990 годзе атрымаў «Оскар» за ролю ў трылеры «Выварат лёсу». У 1994 годзе агучыў Шнара ў мультфільме «Кароль Леў». Таксама згуляў ролю тэрарыста Саймана Грубэра ў «Дужым арэшку 3». У 1997 годзе згуляў Гумбэрта ў кінастужцы «Лаліта» паводле раману Уладзімера Набокава.

Джэрэмі Айранз таксама вядомы дзякуючы такім працам, як «А зараз, дамы й спадары», дзе яго партнэркай была вядомая француская сьпявачка Патрысія Каас, а таксама дзякуючы кінастужцы «Калас назаўжды» з Фані Ардан. Абедзьве карціны выйшлі ў 2002 годзе. У 2006 годзе выканаў ролю Брома ў фільме «Эрагон». У 2011 годзе Джэрэмі Айранз зьняўся ў ролі Радрыга Борджыя, то бок папы Аляксандра VI, у тэлесэрыяле «Борджыя».

  • 1991 — прэмія «Оскар» за найлепшую мужчынскую ролю.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]