Дрэйманд Грын | ||
![]() | ||
Пазыцыя: | цяжкі форвард | |
Рост: | 198 см | |
Вага: | 104 кг | |
Грамадзянства: | ||
Нарадзіўся: | 4 сакавіка 1990 (34 гады) | |
Альма-матэр: | ||
Драфт | ||
35, драфт НБА 2012 году | ||
Клюбная інфармацыя | ||
---|---|---|
Клюб | Голдэн Стэйт Ўорыярз | |
Нумар | 23 | |
Клюбы | ||
Гады | Клюб | |
2008—2012 | Мічыган Стэйт Спартанз[d] | |
2012— | Голдэн Стэйт Ўорыярз | |
Статыстыка на NBA.com |
Дрэйманд Джамал Грын-старэйшы (па-ангельску: Draymond Jamal Green Sr.; нар. 4 сакавіка 1990 году, Сагіна, Мічыган, ЗША) — амэрыканскі баскетбаліст, які выступае за «Голдэн Стэйт Ўорыярз» з НБА.
Скончыў студэнцкую баскетбольную кар’еру з 1096 падборамі, найбольшым паказьнікам у гісторыі NCAA.
У 2012 годзе ён быў абраны ў другім раўндзе драфту НБА пад агульным 35-м нумарам «Голдэн Стэйт Ўорыярз». 14 красавіка 2014 году згуляў найлепшую на той час гульню ў кар’еры, набраўшы 20 пунктаў у матчы супраць «Мінэсоты Тымбэрўулвз»[2]. Усяго ў другім сэзоне згуляў 82 матчы, 12 зь якіх былі ў пачатковым складзе. Ён набіраў у сярэднім 6,2 пункты і рабіў 5 падбораў за гульню. У сэзоне 2014—2015 гадоў здолеў здабыць месца ў стартавым складзе. 6 сьнежня 2014 года ён пераадолеў аасабісты рэкорд, набраўшы 31 пункт у пераможным матчы над «Чыкага Булз». Паводле вынікаў рэгулярнага сэзону ён быў другім у галасаваньні за тытул найлепшага гульца НБА і найлепшага абарончага гульца НБА[3][4]. Грын дапамог камандзе прабіцца ў фінал НБА, у якім «Голдэн Стэйт» здабыў тытул чэмпіёна[5].
9 ліпеня 2015 году гулец падпісаў новы пяцігадовы кантракт на 82 мільёны даляраў[6][7]. 24 лістапада ён дапамог камандзе выйграць 16-ю гульню запар у сэзоне, усталяваўшы рэкорд НБА. Узімку браў удзел у матчы ўсіх зорак НБА[8]. На ягоным рахунку было 13 трыпл-даблаў за сэзон, што паставіла яго на другі радок у лізе пасьля Расэла Ўэстбрука[9]. У плэй-оф «Голдэн Стэйт» перамог «Г’юстан Рокетс» у першым раўндзе і «Портлэнд Трэйл Блэйзэрз» у другім раўндзе. У трэцяй гульні супраць «Портлэнду» Грын набраў рэкордныя за кар’еру 37 пунктаў[10]. У фінале Ўсходняй канфэрэнцыі «Ўорыярз» сустрэліся з «Аклагомай-Сіці Тандэр» і перамаглі ў цяжкай сэрыі зь сямі гульняў. У фінале НБА яны сустрэліся з «Кліўлэнд Кавальерз» і зазналі паразу ў сэрыі зь сямі гульняў, не зважаючы на 32 пункты і 15 падбораў Грына ў фінальнай гульні[11].
У наступным сэзоне ён зноў браў удзел у матчы ўсіх зорак НБА[12]. 10 лютага 2017 году ў матчы супраць «Мэмфіс Грызьліз» ён зрабіў 12 падбораў, 10 перадач і 10 перахопаў, стаўшы першым гульцом у гісторыі НБА, які зрабіў трыпл-дабл, набраўшы менш за 10 пунктаў. Гулец дапамог камандзе прабіцца ў плэй-оф з аніводнай паразай, усталяваўшы рэкорд лігі[13]. У фінале НБА «Голдэн Стэйт» у трэці раз запар сустрэўся з «Кліўлэндам», гэтым разам здабыўшы тытул чэмпіёнаў НБА. У канцы сэзону Грын таксама атрымаў узнагароду найлепшага абарончага гульца НБА, стаўшы першым гульцом у гісторыі франшызы, яку быў уганараваны гэтым прызам[14].
4 студзеня 2018 году ў гульні супраць «Г’юстан Рокетс» ён набраў 17 пунктаў, зрабіў 14 падбораў і 10 перадач, стаўшы лідэрам у гісторыі франшызы паводле колькасьці трыпл-даблаў, апярэдзіўшы, такім чынам, Тома Голу. У 5-й гульні першага раўнда плэй-оф супраць «Сан-Антоніё Спэрз» назьбіраў 17 пунктаў і зрабіў рэкордныя ў плэй-оф 19 падбораў. Дапамог камандзе выйсьці ў чацьверты фінал НБА запар і яшчэ раз сьвяткаваць перамогу. Па фінале НБА ён абышоў Ўілта Чэмбэрлена ў сьпісе гульцоў «Ўорыярз» з найбольшай колькасьцю падбораў у плэй-оф. У наступным сэзоне ён пяты раз запар у складзе каманды дакрочыў да фіналу НБА, дзе, аднак, ягоны клюб зазнаў паразу ад «Таронта Рэптарз». 1 лютага 2020 году паўтарыў свой рэкорд паводле колькасьці перадач у адным матчы, зрабіўшы 16 перадач у гульні супраць «Кліўлэнда». 26 лютага 2021 году ў матчы супраць «Шарлот Горнэтс» набраў 11 пунктаў, зрабіў 12 падбораў і рэкордныя 19 перадач. Узімку 2022 году ў чацьверты раз браў удзел у матчы ўсіх зорак НБА. Ён дапамог камандзе прабіцца да фіналу, дзе «Ўорыярз» здабылі чарговы чэмпіёнскі тытул у сэрыі супраць «Бостан Сэлтыкс».
Празь ягоны жосткі і фізычна актыўны стыль гульні, яго часам крытыкуюць як «бруднага» гульца[15][16][17]. Дысцыплінарнае пакараньне Грына было абцяжарваючым фактарам пры адхіленьнях, якія ён атрымаў цягам сэзону 2023—2024 гадоў. У канцы 2023 году ён быў дыскваліфікаваны на пяць гульняў за ўдар па галаве нападніка «Мінэсоты Тымбэрўулвз» Рудзі Габэра[18]. Доўгая гісторыя неспартовых дзеяў Грына таксама была ўлічаная пры пастанове НБА аб адхіленьні Грына на нявызначаны тэрмін пасьля таго, як ён быў выдалены за ўдар Юсуфа Нуркіча па твары 12 сьнежня 2023 году[19].