Дунсянская мова | |
Santa | |
![]() | |
Ужываецца ў | Кітаі |
---|---|
Рэгіён | паўночны захад Кітаю |
Колькасьць карыстальнікаў | |
Клясыфікацыя | Алтайская сям’я
|
Афіцыйны статус | |
Афіцыйная мова ў | невядома |
Рэгулюецца | — |
Статус: | 6b Пад пагрозай[d][1] |
Коды мовы | |
ISO 639-1 | — |
ISO 639-2(Б) | — |
ISO 639-2(Т) | sce |
ISO 639-3 | sce |
Дунся́нская мова (таксама вядомая як санта, саманазва: Santa) — адна з моваў мангольскае сям’і моваў, на якой размаўляе мангольскі народ дунсяне. Колькасьць носьбітаў — каля 200 тыс чал. з 514 тыс чал. этнічных дунсянаў[2]. Носьбіты мовы распаўсюджаныя ў некаторых мясьцінах паўночнага захаду Кітаю, у прыватнасьці на паўднёвым захадзе правінцыі Ганьсу і некалькіх паветах Сіньцьзян-Уйгурскага аўтаномнага раёну[2]. У Лінься-Хуэйскай (паўднёвы захад Ганьсу) і Хуанань-Тыбэцкай (усход правінцыі Цынхай) аўтаномных акругах распаўсюджаная баааньская мова, зь якой фактычна ўтварае дыялекты адзінай мовы.
У адрозьненьне ад шэрагу іншых мангольскіх моваў, у дунсянскай мове адсутнічае гармонія галосных і супрацьпастаўленьне галосных паводле даўжыні[2]. Сярод іншых асаблівасьцяў у вакалізьме — адсутнасьць агубленых галосных пярэдняга шэрагу (< ö, ü), наяўнасьць галоснага задняга шэрагу ы. Націск эксьпіраторны, падае на першы склад слова.
Тыповы парадак словаў у сказе, як і ў іншых мангольскіх мовах, будуецца паводле схемы SOV — дзейнік-дапаўненьне-выказьнік. Тым ня менш, у дыялекце мясцовасьці Лінься пад уплывам няроднаснай кітайскай мовы сказ таксама можа прымаць схему SVO — дзейнік-выказьнік-дапаўненьне[3]. Як і іншыя мангольскія мовы, у марфалягічным пляне адносіцца да аглютынацыйных — словазьмяненьне адбываецца шляхам пасьлядоўнага далучэньня суфіксаў да нязьменных каранёў або асноваў. У адрозьненьне ад паўночнамангольскіх моваў (да якіх належыць, у прыватнасьці, уласна мангольская мова) дунсянскія суфіксы далучаюцца да словаў без уліку характару агласоўкі слова.
У сынтаксічным пляне засьведчаныя толькі складаныя сказы, якія ўтвараюцца складаньнем простых сказаў без фармальных паказчыкаў сынтаксічнае сувязі.
Лексыка дунсянскай мовы, акрамя лексыкі мангольскага паходжаньня, утрымлівае словы кітайскага паходжаньня і, у меншай ступені, цюрскага, асабліва ўласныя імёны.
Паводле зьвестак лінгвістычнага парталу Ethnologue колькасьць дунсянаў складае 514 тыс чал., зь іх каля 200 тыс чал. зьяўляюцца носьбітамі мовы[2]. Мова распаўсюджаная ў асноўным у Дунсянскім аўтаномным павеце Лінься-Хуэйскай аўтаномнай акругі правінцыі Ганьсу (паўночны захад Кітаю) ды ў іншых суседніх паветах і акругах. Меншая колькасьць дунсянаў (55 841 чал. паводле зьвестак перапісу насельніцтва ў Кітаі 2000 году) пражывае ў Сіньцьзян-Уйгурскім аўтаномным раёне.
Дунсянская мова ў асноўным зьяўляецца моваю вуснага кантактаваньня насельніцтва Дунсянскага аўтаномнага павету. Моладзь і працаўнікі адміністрацыйных установаў у некаторых сытуацыях стасункаў карыстаюцца кітайскай мовай.
Дунсяне, як правіла, прытрымліваюцца мусульманскага веравызнаньня, з прычыны чаго ў асяродзьдзі дунсянаў шырока распаўсюджаная арабская пісьмовасьць. У 2003 годзе для мовы быў афіцыйна распрацаваны лацінскі альфабэт на аснове альфабэту блізкароднаснай мангорскай мовы, але ён застаецца ў экспэрымэнтальным выкарыстаньні[4]. У 2004 годзе амэрыканскі Фонд Форда вылучыў грант на 30 тыс даляраў на арганізацыю дзьвюхмоўнай адукацыі на дунсянскай і кітайскай з мэтаю падвышэньня ўзроўню адукацыі серад дунсянаў, у межах праекту быў выдадзены дунсянска-кітайскі слоўнік. У 2007 годзе быў выдадзены першы дунсянскі лемантар, у якім выкарыстоўваецца экспэрымэнтальны альфабэт на аснове лацінскага.