Жабінка лац. Žabinka | |||||
![]() Чыгуначная станцыя | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1816 | ||||
Горад з: | 1871 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Берасьцейская | ||||
Раён: | Жабінкаўскі | ||||
Вышыня: | 140 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 13 371 чал. (2018)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1641 | ||||
Паштовыя індэксы: | 225101, 225102, 225110 | ||||
СААТА: | 1225501000 | ||||
Нумарны знак: | 1 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 52°12′2″ пн. ш. 24°1′24″ у. д. / 52.20056° пн. ш. 24.02333° у. д.Каардынаты: 52°12′2″ пн. ш. 24°1′24″ у. д. / 52.20056° пн. ш. 24.02333° у. д. | ||||
Жабінка на мапе Беларусі ± ![]() ![]() Жабінка | |||||
![]() | |||||
http://zhabinka.brest-region.by |
Жа́бінка — места ў Беларусі, пры ўтоку ракі Жабінкі ў Мухавец. Адміністрацыйны цэнтар Жабінкаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 13 371 чалавек[1]. Знаходзіцца за 30 км на паўночны ўсход ад Берасьця. Чыгуначны вузел (кірункі на Берасьце, Бярозу і Кобрынь). Аўтамабільныя дарогі на Берасьце, Кобрынь, Камянец.
Тапонім «Жабінка» паходзіць альбо ад расьліны жабнік звычайны (адлюстроўваецца на гербе места), альбо ад малога прытоку Мухаўца, ракі Жабінкі, якая ўпершыню ўпамінаецца ў гістарычных дакумэнтах XVII ст.[2] На думку географа В. Жучкевіча, у аснове назвы — асабовае імя-мянушка Жаба з вытворнымі ад яго прозьвішчамі[3].
Жабінку заснавалі ў канцы XVIII стагодзьдзя як мызу (хутар) фальварку Плошчы[4][5].
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Жабінка апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Кобрынскім павеце Гарадзенскай губэрні. У 1816 годзе маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Ганецкіх. У сярэдзіне ХІХ ст. ён перайшоў да Трамбіцкіх[6].
У 1871 годзе зьявілася станцыя Жабінка Маскоўска-Берасьцейскай чыгункі[7]. Гэты год лічыцца афіцыйнай датай заснаваньня паселішча. У 1888—1905 гадох праз Жабінку прайшла шаша Федзькавічы — Камянец. На 1890 год у вёсцы было 30 двароў, 6 крамаў, гасьцініца, пошта, 3 карчмы, царква, сынагога. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, колькасьць будынкаў узрасла да 45.
У 1901 годзе ў Жабінцы збудавалі нафтавы склад продажу газы, у 1902 годзе — паравы млын, а неўзабаве — сукнавальню і лесапільню. У 1907 годзе пачало дзеяць Жабінкаўскае пазыкова-ашчаднае таварыства, якое ўтварылі 47 найбольш заможных жыхароў.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Жабінка абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР.
Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Жабінка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Зьбіроскай гміне Кобрынскага павету Палескага ваяводзтва. У 1928 годзе мястэчка стала цэнтрам аднайменнай гміны; у гэты час тут адкрыўся касьцёл.
У 1939 годзе Жабінкаў увайшла ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 году стала цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 23 чэрвеня 1941 да 21 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 16 красавіка 1952 году Жабінка атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У 1959—1962 гадох яна ўваходзіла ў склад Камянецкага раёну, у 1962—1966 гадох — Кобрынскага раёну. 23 сьнежня 1970 году Жабінка атрымала статус места. 13 кастрычніка 2007 году ў месьце прайшлі абласныя «Дажынкі-2007».
Дзее царква Покрыва Багародзіцы. У 1999 годзе ў Жабінцы збудавалі касьцёл Сьвятога Язэпа.
У Жабінцы працуюць 3 сярэднія, музычная, дзіцяча-юнацкая спартовая школы, спэцшкола-інтэрнат, 5 дзіцячых дашкольных установаў.
Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць лякарня і паліклініка.
Дзеюць 4 бібліятэкі, дом культуры.
У Жабінцы праводзяцца міждзяржаўныя турніры і розныя спаборніцтвы.
Найстаражытнейшая вуліца Жабінкі — імя Т. Касьцюшкі (цяпер вул. Леніна), забудаваная ў асноўным прыватнымі драўлянымі дамамі і крамамі.
Сучаснае места разьвіваецца ў паўднёва-ўсходнім кірунку ўздоўж чыгункі, якая падзяляе мескую тэрыторыю на 2 часткі: паўднёвую — жылую і паўночную — прамысловую. У паўночна-заходняй частцы за чыгункай разьмяшчаецца мястэчка цукровага заводу. Тут збудавалі 3—5-павярховыя жылыя дамы, школа, дзіцячы садок-ясьлі, крамы, камбінат побытавага абслугоўваньня і інш. Архітэктурна-плянавальную структуру места вызначаюць вуліцы Кірава, Волі, Шашэйная, Піянэрская, Камсамольская, якія ўтвараюць разам зь іншымі вуліцамі невялікія кварталы. Будынкі адміністрацыйна-грамадзкіх і культурна-асьветных установаў канцэнтруюцца на вул. Кірава — галоўнай вуліцы места і цэнтральнага пляца на ёй. Тут месьцяцца будынкі адміністрацыі раёну, Дома культуры, кінатэатру, вузла сувязі, навучальна-вытворчага камбіната, лякарні, паліклінікі, унівэрмага, камбіната побытавага абслугоўваньня, рэстарана, сталоўкі Жабінкаўскай дыстанцыі шляху і інш. Да цэнтральнага пляцу прылягае парк.
Капітальная забудова галоўным чынам засяроджваецца на вуліцах Кірава і Волі. Тут збудавалі 3—5-павярховыя жылыя дамы. Да вул. Кірава ў паўднёвай частцы прылягае новы мікрараён, які забудоўваецца сучаснымі добраўпарадкаванымі жылымі дамамі. Тут збудавалі крамы, дзіцячы садок і інш. Генэральным плянам, распрацаваным у 1978 годзе Беларускім навукова-досьледным і праектным інстытутам местабудаўніцтва, прадугледжваюцца разьвіцьцё места на ўсход уздоўж правага берага р. Мухаўца, забудова шматпавярховымі жылымі дамамі цэнтральнай часткі места, індывідуальная жылая забудова (у тым ліку катэджавага тыпу) заходняй часткі.
Прадпрыемствы харчовай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасьці.
Спыніцца можна ў мескай гасьцініцы.