Казімер Сьвёнтак

Казімер Сьвёнтак
Kazimierz Świątek
Казімер Сьвёнтак
1-ы Арцыбіскупмітрапаліт менска-магілёўскі
13 красавіка 1991 — 14 чэрвеня 2006
ЦаркваКаталіцкая царква
НаступнікТадэвуш Кандрусевіч

1-ы Старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі
1999 — 2006
ЦаркваКаталіцкая царква
НаступнікАляксандар Кашкевіч

Адукацыя
Дзейнасьцькаталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп
Нарадзіўся21 кастрычніка 1914
Сьцяг Расейскай імпэрыі Вальк, Вальскі павет Ліфляндзкай губэрні
Памёр21 ліпеня 2011
Сьцяг Беларусі Пінск
ПахаваныСьцяг Беларусі Пінск
Прыняцьце сьвятога сану8 красавіка 1939
Япіскапская хіратонія21 траўня 1991
Кардынал ад26 лістапада 1994


Узнагароды
Крыж камандорскі з зоркай ордэна Адраджэньня Польшчы
Крыж камандорскі з зоркай ордэна Адраджэньня Польшчы
Камандор ордэна Ганаровага легіёна
Камандор ордэна Ганаровага легіёна
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Казіме́р Сьвё́нтак (21 кастрычніка 1914, Вальк — 21 ліпеня 2011, Пінск) — кардынал, арцыбіскуп-мітрапаліт Менска-Магілёўскі, апостальскі адміністратар Пінскае дыяцэзіі, старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.

Нарадзіўся ў польскай сям’і ў мястэчку Вальк (цяпер Валга ў Эстоніі), меншая частка якога — Валка — з 1920 году знаходзіцца ў Латвіі). У якой частцы мястэчка жыла радзіна Сьвёнткаў — выявіць не ўдалося. Меў таксама старэйшага на два гады брата Эдварда. Яго маці — Вэраніка з Крамплеўскіх — паходзіла з Браслаўшчыны, з парафіі Салокі каля Дукштаў, зь мясцовай зьбяднелай шляхты, якая ў пошуках лепшага жыцьця пакінула родныя мясьціны для працы на чыгунцы ў Вальку. Ягоны бацька Ян Сьвёнтак паходзіў зь Піньчава. Ён ня змог цешыцца з нараджэньня сына Казімера, бо з пачаткам Першай сусьветнай вайны быў мабілізаваны ў расейскае войска. Дзеля адсутнасьці на той час касьцёлу ў Вальку, родны брат маці Казімер Крамплеўскі павёз свайго пляменьніка хрысьціць у Рыгу. Там, у касьцёле Маці Божай Балеснай, Казімер Сьвёнтак быў ахрышчаны 2 лістапада 1914 году (паводле старога стылю). Пасьля захопу ўлады ў Расеі бальшавікамі, у канцы 1917 або на пачатку 1918 году, Вэроніка Сьвёнтак з малалетнімі сынамі Эдвардам і Казімерам разам зь сем’ямі свайго бацькі і брата Казімера Крамплеўскіх, якія працавалі на чыгунцы, вымушаныя былі ў пошуках лепшых варункаў жыцьця выехаць спачатку на Ўкраіну, а адтуль ў Сыбір, у ваколіцы Томску. Бацька загінуў у 20 красавіка 1919 году ў баях за Вільню, ваюючы ў легіёнах Пілсудзкага супраць бальшавікоў. Быў пахаваны ў Вільні на Росах на вайсковых могілках.[1]

Па сканчэньні вайны і пасьля падпісаньня Рыскай мірнай дамовы, з траўня 1921 году сям’я Сьвёнткаў і Крамплеўскіх пачала рабіць захады для рэпатрыяцыі з Савецкай Расеі і вяртаньня ў родныя мясьціны. Спачатку перабраліся з Сыбіру ў цэнтральную Расею, а затым, прыкладна праз год, атрымаўшы права на рэпатрыяцыю, прыехалі ў Дукшты, дзе ў Браслаўскім старастве атрымалі дакумэнты аб польскім грамадзянстве. У касьцёле сьв. Станіслава Косткі ў Дукштах Казімер і Эдвард Сьвёнткі прыступілі да Першай камуніі. Там жа, у Дукштах, Казімер Сьвёнтак распачаў навуку ў школе.

У ліпені 1926 Вераніка Сьвёнтак з сынамі і сям’ёй Крамплеўскіх у пошуках працы пераехала ў чыгуначны цэнтар Баранавічы, які тады пачаў актыўна разьвівацца, дзе будучы сьвятар Казімер Сьвёнтак у 1928 скончыў мясцовую гімназію імя Тадэвуша Рэйтана. Кожнага ранку Казімер Сьвёнтак разам з братам Эдвардам прыслугоўваў як міністрант у мясцовым касьцёле Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа. Адразу пасьля здачы іспытаў у гімназіі, падаў дакумэнты на паляністыку ў Віленскім унівэрсытэце Стэфана Баторыя. Аднак летняя вандроўка з былымі сябрамі-гімнзістамі ў Пінск рэзка зьмяніла пляны Казімера Сьвёнтка, і ён вырашыў забраць дакумэнты і пайсьці ў духоўную сэмінарыю. Восеньню 1933 году ён распачаў навучаньне і фармацыю Вышэйшай духоўнай сэмінарыі ў Пінску. У сэмінарыі быў адным зь лепшых і прыкладных навучэнцаў, хоць аднойчы за дробную правіну падачс адпачынку з калегамі-сэмінарыстамі ледзь ня быў выключаны зь яе.

18 верасьня 1938 году Казімер Сьвёнтак быў высьвячаны на дыякана. У Вялікую суботу 8 красавіка 1939 году ў пінскай катэдры Казімер Сьвёнтак атрымаў сакрамэнт сьвятарства з рук біскупа Пінскага Казімера Букрабы. Пасьля заканчэньня Вышэйшай духоўнай сэмінарыі імя Тамаша Аквінскага ў Пінску з 21 красавіка 1939 году стаў вікарыем у парафіі Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Пружанах.

Казімер Сьвёнтак

Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР заставаўся ў Пружанах і служыў вернікам у сваёй парафіі. Падчас казаньняў асуджаў бязбожніцтва і атэізм. 21 красавіка 1941 году на сваёй плябаніі быў арыштаваны мясцовым НКВД і дастаўлены ў турму ў Берасьце. Пасьля вельмі цяжкага сьледзтва, пра якое ніколі не хацеў пазьней узгадваць, яго абвінавацілі па чатырох артыкулах карнага кодэксу ў антысавецкай прапаганьдзе і «шпіянажы» ды асудзілі на сьмерць. У камэры сьмяротнікаў у турме НКВД у Берасьці ён чакаў выкананьня выроку, але 22 чэрвеня 1941 году пачалася вайна і ён застаўся жывы. Пасьля акупацыі Берасьцейшчыны нямецкімі войскамі ў ходзе Другой сусьветнай 30 чэрвеня 1941 Казімер Сьвёнтак вярнуўся да сваіх парафіянаў у Пружаны й заставаўся зь імі аж да зыходу немцаў. Ізноў стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсіяў: 17 сьнежня 1944[2] савецкія ўлады арыштавалі яго ў другі раз і засудзілі на 10 гадоў лягераў. Адбываў тэрмін у Комі АССР і Сыбіры: 2 гады ў Марыінску, 7 гадоў у Інце каля Варкуты, рэшту — у сыбірскай тундры.

У чэрвені 1954 Сьвёнтак вярнуўся ў Беларусь, стала асеў у Пінску, служыў у францішканскім храме (цяпер катэдральны касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі)[3]. Ня быў рэабілітаваны, таму піша ў анкетах, што мае судзімасьць. Меў магчымасьць пераехаць у Польшчу, але застаўся ў Беларусі.

11 красавіка 1989 Сьвёнтак быў прызначаны генэральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі. З 13 красавіка 1991 па 14 чэрвеня 2006 служыў арцыбіскупам менска-магілёўскім, таксама з 13 красавіка 1991 да 30 чэрвеня 2011 — апостальскім адміністратарам ad nutum Sanctae Sedis Пінску[4]. 21 траўня 1991 рукапакладзены ў арцыбіскупы, а 26 лістапада 1994 Папа Ян Павал II надаў яму годнасьць кардынала-сьвятара з тытулам царквы S. Giuseppe all’Aurelio  — першага ў Беларусі пасьля 1798.

14 чэрвеня 2006 году Папа Бэнэдыкт XVI прыняў прашэньне 91-гадовага кардынала Сьвёнтка аб вызваленьні ад пастырскага кіраўніцтва архідыяцэзіяй. У той жа дзень кардынал пакінуў і пасаду старшыні Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, застаўшыся апостальскім адміністратарам Пінскае дыяцэзіі.

19 траўня 2010 году стан здароўя моцна пагоршыўся ў выніку пералому шыйкі сьцягна[5]. 23 траўня 2011 году арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч паведаміў, што стан Казімера Сьвёнтака моцна пагоршыўся. 21 ліпеня 2011 году а 9 гадзіне Казімер Сьвёнтак памёр[6].

Папярэднік
няма
Арцыбіскуп Менска-Магілёўскі
1991—2006
Наступнік
Тадэвуш Кандрусевіч
  1. ^ Stanisław M. Królak. Wierność powołaniu – ksiądz Kazimierz Świątek (1914-2011) // Rocznik Teologii Katolickiej, tom XV/1, rok 2016. S. 149-179.
  2. ^ Пружана Фотаэнцыкляпэдыя «Нашы касьцёлы» Праверана 23 кастрычніка 2014 г.
  3. ^ «Свёнтек» // Католическая энциклопедия. Т.4. М.: 2011. Ст. 558—559
  4. ^ NOMINA DELL’AMMINISTRATORE APOSTOLICO AD NUTUM SANCTAE SEDIS DI PINSK (BIELORUSSIA)
  5. ^ Кардынал Казімір Сьвёнтэк трапіў у рэанімацыю, Наша Ніва
  6. ^ Кардынал Казімір Свёнтак адышоў у вечнасць
  7. ^ Postanowienie Prezydenta Rzeczypospolitej Polskiej z dnia 4 lipca 1995 r. o nadaniu orderu // M.P. 1995 nr 56 poz. 621  (пол.)
  8. ^ Казимир Свёнтэк стал Командором Ордена Почётного легиона

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]