Карэльская мова | |
karjalan kieli | |
Ужываецца ў | Расеі |
---|---|
Рэгіён | Рэспубліка Карэліі Цьвярская вобласьць Ленінградзкая вобласьць раней — паўднёвы ўсход Фінляндыі |
Колькасьць карыстальнікаў | прыкладна ў межах ад 35 000 да 45 000 чал.[1] |
Клясыфікацыя | Уральская сям’я |
Афіцыйны статус | |
Афіцыйная мова ў | — |
Дапаможная мова ў | рэспубліцы Карэлія[2] Мова нацыянальнае меншасьці |
Рэгулюецца | — |
Статус: | 6b Пад пагрозай[d][3] |
Пісьмо | лацінскае пісьмо |
Коды мовы | |
ISO 639-1 | — |
ISO 639-2(Б) | krl |
ISO 639-2(Т) | krl |
ISO 639-3 | krl |
SIL | krl |
Карэ́льская мова (па-карэльску: karjalan kieli) — мова прыбалтыйска-фінскае падгрупы фіна-волскае групы фіна-вугорскае галіны ўральскае моўнае сям’і, на якой размаўляе фіна-вугорскі народ карэлы. Адзінага літаратурнага стандарту карэльскае мовы не існуе, існуе тры літаратурныя стандарты для трох гаворак карэльскае мовы — паўночнакарэльскае, лівікаўскае і людзікаўскае, апроч гэтага карэлы Цьверскае вобласьці таксама маюць сваю літаратурную мову, якая мае значныя адрозьненьні ад усіх трох гаворак, на якіх не размаўляюць у Цьвярской вобласьці.
На карэльскіх мовах увогуле размаўляюць у рэспубліцы Карэлія, Цьвярской вобласьці, часткова ў Ленінградзкай і Мурманскай абласьцёх Расеі. Таксама карэльская мова прынамсі мела носьбітаў у фінскіх рэгіёнах Сава і Паўднёвая Карэлія.
Гісторыя разьвіцьця карэльскае мовы пачынаецца прыкладна ў раёне 1500—1000 гадоў да н. э., калі агульная протафіна-саамская мова падзялілася на протасаамскую і протапрыбалтыйска-фінскую.
Існуюць меркаваньні, паводле якіх протапрыбалтыйска-фінская мова пазьней падзялілася на тры гаворкі — паўднёвую, на якой размаўляла фіна-вугорскае насельніцтва Эстоніі і паўночнае Латвіі, паўночную, на якой размаўлялі на тэрыторыі сучаснае Фінляндыі і ўсходнюю, носьбіты якой жылі ў ваколіцах возера Ладага. З VI па ІХ стагодзьдзі з усходняе і часткова паўночнае гаворкі протапрыбалтыйска-фінскае мовы пачала фармавацца протакарэльская мова.
На фармаваньне і дыфэрэнцыяцыю карэльскіх дыялектаў значна паўплывалі расейска-швэдзкія войны, якія йшлі з ХІІІ ст., у выніку чаго тэрыторыі пражываньня карэлаў доўгі час былі падзелены паміж дзьвюма дзяржавамі.
Першым узорам ужываньня пісьмовасьці для карэльскіх моваў зьяўляецца наўгародзкая берасьцяная грамата № 292, якая была знойдзена ў горадзе Ноўгарад і датуецца сярэдзінай ХІІІ ст. Гэты надпіс ўяўляе зь сябе тры радкі кірылічнага тэксту, у якім, меркавана, заключана замова на лівікаўскай гаворцы супраць нячысьцікаў, што дасылаюць хваробы.
Да ХІХ ст. кнігавыданьне на карэльскай мове практычна не вялося, пакуль у 1820 годзе кірылічным шрыфтам не было выдадзена Эванґельле ад Мацея. У гэтыя часы не існавала адзінага літаратурнага стандарту і артаґрафіі мовы, у выніку чаго альфабэты розных выданьняў адрозьніваліся адзін ад аднаго.
У савецкія часы, у 1931 годзе для карэльскае мовы быў створаны лацінскі альфабэт, але ў 1937 годзе ён быў зноў пераведзены на кірылічную аснову.
A a | Ä ä | B b | C c | Ç ç | D d | E e | F f |
G g | H h | I i | J j | K k | L l | M m | N n |
O o | Ö ö | P p | R r | S s | Ş ş | T t | Y y |
U u | V v | Z z | Ƶ ƶ | З з | Ь ь | ȷ ȷ |
У нашыя часы афіцыйна зацьверджаны карэльскі альфабэт, заснаваны на лацінскай графіцы[4].
A a | B b | Č č | D d | E e | F f | G g |
H h | I i | J j | K k | L l | M m | N n |
O o | P p | R r | S s | Š š | Z z | Ž ž |
T t | U u | V v | Y y | Ä ä | Ö ö | ' |
У нашыя часы карэльская мова ня мае агульнага літаратурнага стандарту. Традыцыйна ў лінґвістыцы Зах. Эўропы пад карэльскай мовай маецца на ўвазе сукупнасьць моваў, што ўлучае ў сябе ўласнакарэльскую мову (якая падзяляецца на паўночны й паўднёвы дыялект, прычым цьверскія гаворкі лічацца галінай паўднёвага дыялекту), аланецкую карэльскую мову і людзікаўскую карэльскую мову. У расейскай лінґвістыцы пад тэрмінам «карэльская мова» маюць на ўвазе сукупнасьць чатырох дыялектаў/гаворак/моваў: уласнакарэльскага, лівікаўскага, людзікаўскага і цьверскага. Такім чынам, агульнае кропкі зору наконт пытаньня дыялектнага падзелу карэльскае мовы і існаваньня карэльскае мовы ўвогуле да гэтых часоў няма.
Адным зь першых дасьледчыкаў карэльскіх моваў стаў фінскі паэт і фальклярыст Арвід Ґенэтц, які дасьледаваў карэльскія руны (песьні) і апублікаваў дзьве працы па дасьледаваньні карэльскіх моваў у Расейскай Карэліі і карэльскіх моваў Аланецкае губэрні.
У савецкія часы карэльскія мовы вывучаў Карэльскі навукова-дасьледчы інстытут на чале зь Дзьмітрыем Бубрыхам. На гэты пэрыяд прыпадае складаньне дыялекталяґічнага атляса карэльскае мовы. У 30-х гадох ХХ стагодзьдзя савецкімі навукоўцамі ажыцьцяўляліся спробы па стварэньні агульнакарэльскае літаратурнае мовы, якая па задумцы здолела б аб’яднаць 2 карэльскія літаратурныя дыялектныя стандарты — лівікаўскі і ўласнакарэльскі. Але гэтыя спробы не атрымалі посьпеху.
У нашыя дні карэльскія мовы вывучаюць у карэльскім Інстытуце мовы, літаратуры і гісторыі Карэльскага навуковага цэнтру Расейскае Акадэміі Навук, навукова-дасьледчым цэнтры моваў Фінляндыі, Хэльсынскім і Ювяскюльскім унівэрсытэце.
Паводле закону рэспублікі Карэлія аб дзяржаўнай падтрымцы карэльскае, вэпскае й фінскае моваў карэльскія мовы маюць магчымасьць на атрыманьне дапамогі з боку дзяржавы, а таксама могуць ужывацца ў дзяржаўных, навучальных установах і сродках масавае інфармацыі, ґарантуецца права на атрыманьне адукацыі на карэльскіх мовах. Але нягледзячы на гэта, ніводная з карэльскіх моваў ня мае статусу дзяржаўнай у рэспубліцы Карэлія[5].
На карэльскіх мовах выходзіць шэраг выданьняў у Расеі.
Вікіпэдыя ў інкубатары мае вэрсію карэльскай мовай |