Кацярына Барысевіч | |
![]() | |
Род дзейнасьці | журналістыка |
---|---|
Дата нараджэньня | 2 жніўня 1984 (40 гадоў) |
Месца нараджэньня | |
Месца вучобы | Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт[1] |
Занятак | журналістка |
Навуковая сфэра | журналістыка |
Месца працы | |
Узнагароды | |
Кацяры́на Анато́льеўна Барысе́віч (нар. 2 жніўня 1984, Старыя Дарогі, Менская вобласьць, цяпер Беларусь) — беларуская журналістка, палітычны вязень рэжыму Лукашэнкі[2]. Працуе на сайце «TUT.BY», раней супрацоўнічала з Эўрапейскім радыё для Беларусі й іншымі СМІ. Напісала пра забойства Рамана Бандарэнкі ў 2020 годзе[3]. Была арыштаваная 19 лістапада 2020 году ў Менску[4].
Нарадзілася ў Старых Дарогах[1]. Падчас навучаньня ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце падпрацоўвала на «Новым радыё(be)», потым на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё[1]. У 2007 годзе скончыла факультэт журналістыкі БДУ(be) па спэцыяльнасьці «Тэлевізійная й радыёжурналістыка». У 2007 годзе працаўладкавалася на Эўрапейскае радыё для Беларусі, але яго давялося пакінуць у 2008 годзе, калі ў сядзібе радыёстанцыі ў Менску быў праведзены ператрус і ўсе супрацоўнікі павінны былі эвакуірававацца ў Варшаву. Яна засталася ў Менску й ўладкавалася на працу ў «Камсамольскую праўду ў Беларусі(be)», дзе з большага асьвятляла крымінальную хроніку[5]. Барысевіч працавала ў газэце да студзеня 2017 году, перш чым прыняла прапанову перайсьці на сайт «TUT.BY»[5].
Напісала пра забойства Рамана Бандарэнкі ў лістападзе 2020 году, паведаміў мэдыцынскую інфармацыю, што забіты быў абсалютна цьвярозы, што абвергла словы Аляксандара Лукашэнкі й Натальлі Качанавай пра тое, што Бандарэнка быў п’яны[3]. За гэта была арыштаваная 19 лістапада 2020 году ў Менску, разам з журналісткай па крымінальнай справе быў затрыманы і лекар Арцём Сарокін[4].
2 сакавіка 2021 году суд Маскоўскага раёну горада Менску (судзьдзя — Сьвятлана Бандарэнка) абвясціў прысуд: Кацярыну Барысевіч прызналі вінаватаю ў падбухторваньні да разгалошваньня мэдычнай таямніцы й прысудзілі 6 месяцаў калёніі, а таксама штраф у памеры 100 базавых велічынь[6]. Лекар Арцём Сарокін быў прызнаны вінаватым у разгалошваньні мэдычнай таямніцы журналістцы і асуджаны на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на 1 год, а таксама пакараны штрафам у памеры 50 базавых велічынь[6].
Апэляцыя на вырак, разгледжаная судом гораду Менску 20 красавіка 2021 году, задаволена не была[7].
24 лістапада 2020 году міжнародная праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Кацярыну Барысевіч вязьнем сумленьня па справе Бандарэнкі[4]. У гэты ж дзень сумеснай заяваю дзесяці арганізацыяў, сярод якіх Праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хэльсынскі камітэт, яна таксама была прызнана палітычнаю зьняволенаю[8][9][10]. Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі сказаў, што ўлады змагаюцца не з праблемаю, а са СМІ: «Яны думаюць, што калі прэса ня будзе пісаць пра Бандарэнку, то людзі не даведаюцца пра гэтае. Яны, вядома ж, усё пазнаюць, але СМІ ўсё адно трапляюць пад удар»[11].
Беларускія праваабаронцы назвалі яе «Журналістам году» (2020) (разам з Дар’яю Чульцоваю ды Кацярынаю Андрэеваю)[12].
16 сьнежня 2020 году шэфства над палітычнай зьняволенаю ўзяў Джэм Эздэмір, дэпутат Бундэстагу[13].
У адкрытай заяве рэдакцыі «TUT.BY» ад 2 сакавіка 2021 году прыгавор Барысевіч быў названы незаконным і несправядлівым, «помстаю ёй пэрсанальна за яе працу й спробаю аказаць ціск на „TUT.BY“ і іншыя незалежныя мэдыя», у той час як усе журналісты, рэдактары й супрацоўнікі сайту падпісаліся пад тым, каб Кацярына Барысевіч была неадкладна вызвалена[14]. З крытыкаю судовага рашэньня таксама выступілі прадстаўнікі Нямецкае асацыяцыі журналістаў(de), «Рэпартэраў бязь межаў», Джэм Эздэмір[15]. Сьвятлана Ціханоўская назвала судовыя рашэньні ў дачыненьні да лекара й журналісткі доказам таго, што «для рэжыму праўда стала крымінальнае каральным злачынствам», туравала ёй і капітан жаночай зборнай Беларусі па баскетболе Кацярына Сныціна[15]. Беларуская асацыяцыя журналістаў таксама асудзіла турэмны прысуд у дачыненьні да Кацярыны Барысевіч за ейную працу[16].
Сярод іншых арганізацыяў, якія асудзілі зьняволеньне й прысуд Барысевіч, былі Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў(uk), Камітэт па абароне журналістаў, Міжнародны інстытут прэсы(de)[17][18][19]. Міс Беларусь, журналіст паводле адукацыі Вольга Хіжынкова пракамэнтавала прысуд: «Радуюся адносна „мяккаму“ прысуду для зусім невінаватых людзей. Што гэта ня пяць, ня дзесяць гадоў калёніі. Вось да чаго мы дажыліся»[20]. Прадстаўніца АБСЭ па свабодзе СМІ Тэрэза Рыбейра назвала прысуд Барысевіч чарговым ударам па свабодзе СМІ ў Беларусі[21].
9 красавіка 2021 году стала ляўрэаткаю прэміі «Гонар журналістыкі» імя Алеся Ліпая (разам з Дар’яю Чульцоваю ды Кацярынаю Андрэеваю)[22].
14 ліпеня 2021 году стала ляўрэаткаю Міжнароднай прэміі за свабоду прэсы(en) ад Камітэту па абароне журналістаў[23].
12 жніўня 2021 году была названая ляўрэткаю Прэміі імя Герда Буцэрыюса «Вольная прэса Ўсходняй Эўропы(ru)» (разам з Дар’яю Чульцоваю, Кацярынаю Андрэеваю ды інш.)[24].
Выхоўвае дачку[25].
У іншым моўным разьдзеле існуе паўнейшы артыкул на гэтую тэму: «Борисевич Катерина Анатоліївна» (укр.) Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы гэты артыкул з дапамогай перакладу. Для дадатковай інфармацыі націсьніце [Разгарнуць].
|