Кернаў лац. Kiernaŭ | |||||
лет. Kernavė | |||||
Гарадзішчы | |||||
| |||||
Магдэбурскае права: | 1571 | ||||
Краіна: | Летува | ||||
Павет: | Віленскі | ||||
Раён: | Шырвінцкі | ||||
Староства: | Кернаўскае | ||||
Насельніцтва: | ▼ 272 чал. (2011) | ||||
Часавы пас: | UTC+2 | ||||
летні час: | UTC+3 | ||||
Паштовы індэкс: | LT-19014 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 54°53′0″ пн. ш. 24°51′0″ у. д. / 54.88333° пн. ш. 24.85° у. д.Каардынаты: 54°53′0″ пн. ш. 24°51′0″ у. д. / 54.88333° пн. ш. 24.85° у. д. | ||||
Кернаў | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://www.kernave.org/index_en.html |
Ке́рнаў (лет. Kernavė) — мястэчка ў Летуве, на правым беразе ракі Вяльлі. Цэнтар староства Шырвінцкага раёну Віленскага павету. Насельніцтва на 2009 год — 350 чалавек. Знаходзіцца за 18 км на паўднёвы захад ад Шырвінтаў, за 35 на паўночны захад ад Вільні.
Кернаў — магдэбурскае мястэчка гістарычнай Віленшчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захаваўся гістарычна-археалягічны комплекс, улучаны ў Сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.
Тапонім Кернаў зьвязваюць з ракой Кернаўкай, назву якой цяжка патлумачыць зь летувіскай мовы[1]. Паводле Хронікі Быхаўца і Хронікі літоўскай і жамойцкай[2], назва паселішча ўтварылася ад імя яго заснавальніка легендарнага князя Кернуса[a], унука Палямона (адзначалася бытаваньне патранамічнага прозьвішча Керновіч: Kiernowicz, 1608—1616 гады[4]). Існуе таксама сучасная вэрсія германскага паходжаньня назвы (як і ў выпадку Трокаў, Эйраголы, Юрбарку ды пэўных іншых старажытных паселішчаў ліцьвінаў): kern у розных германскіх мовах азначае 'зерне'[5] (этымалягічны слоўнік старапольскіх асабовых імёнаў, выдадзены Польскай акадэміяй навук, адзначае гістарычнае бытаваньне ў Польшчы германскага імя Kern-ic[6]).
Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Kernow (1390, 1413, 1431—1432 і 1434 гады)[7][8][9]; Kiernowo… Kyernowo (6 сьнежня 1522 году)[10]; Кернов (1553 год[11], Хроніка літоўская і жамойцкая[12]); у беларускіх тэкстах таксама ўжываецца форма Кернова[13].
Паводле легенды, Кернаў у 1040 годзе заснаваў князь Кярнус (унук мітычнага Палямона). Да 1230 году Кярнаў быў сталіцай, пакуль іншы мітычны князь Рынгольд не перанёс яе ў Наваградак. Некаторыя летувіскія дасьледнікі называюць Кярнаў першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага, бо нібыта ў ім разьмяшчалася рэзыдэнцыя князёў да часоў Гедзіміна, які ў 1321 годзе перанёс яе ў Трокі. Тым часам паводле археалягічных зьвестак, гэтае паселішча, як і Вільню, заснавалі полацкія крывічы[14].
Сучасныя археалягічныя дасьледаваньні выявілі ў Кернаве велізарны масіў хрысьціянскіх могілак канца ХІІІ — пачатку ХІV стагодзьдзя, прытым знойдзеныя нацельныя крыжы адпавядаюць менавіта ўсходнехрысьціянскай (бізантыйскай) традыцыі. На думку гісторыка Алега Дзярновіча, гэтыя пахаваньні сьведчаць пра тое, што насельнікамі раньняга гораду у значнай ступені былі або ўсходнія славяне, або хрысьціяне ўсходняга абраду[15].
Першы пісьмовы ўспамін пра Кернаў датуецца 1279 годам («Старэйшая рыфмаваная хроніка», «Хроніка Германа з Вартбэрга») у зьвязку з рэйдам крыжакоў. Абарончую сыстэму паселішча ў XIII—XIV стагодзьдзях утваралі 5 замкаў, разьмешчаных на правым беразе Вяльлі, ад якіх засталіся гарадзішчы: Замкавая Гара (вышыня 30 м, плошча 5,82 га); Гара Ахвярніка (або Сьвятая Гара; вышыня 13—18 м, плошча 1,3 га); Гара Лізьдзейкі (ці Крывейце; вышыня 25—30 м, плошча 0,4 га); «Сталец Міндоўга» (вышыня 22 м, плошча 1,08 га); Гара Кернава (стаіць асобна ад асноўнай групы, разам з могільнікам займае 1,48 га).
У Кернаве, як мяркуецца, месьцілася рэзыдэнцыя вялікага князя літоўскага Трайдзеня і пачаткова вялікага князя Гедзіміна. Іх лякалізуюць на Гары Ахвярніка. Гандлёва-рамесны пасад разьмяшчаўся вакол замкаў, прадмесьці — на Замкавай Гары. Забудова была драўлянаю[16]. Пахавальны абрад на могільніку сьведчыць пра суіснаваньне ў XIII—XIV стагодзьдзях паганскіх і хрысьціянскіх традыцыяў. У 1365 годзе Кернаў значна пацярпеў ў часе рэйду тэўтонскіх рыцараў. У 1390 годзе аддзел крыжакоў на чале з маршалам Энгельгартам фон Рабе зьнішчыў драўляныя замкі, па чым яны не аднаўляліся. Кернаў значыцца ў «Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх», складзеным у канцы XIV стагодзьдзя[17].
У XV ст. у даліне Паяўта (каля 25 га) на беразе Вяльлі зьявілася новае паселішча, што ўваходзіла ў склад Віленскага павету. Каля 1420 годе вялікі князь Вітаўт заснаваў у Кернаве касьцёл. У 1571 годзе кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў мястэчку Магдэбурскае права, якое ў 1792 годзе пацьвердзіў кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У XVI—XVII стагодзьдзях аўтары тагачасных гістарыяграфічных твораў («Хроніка» М. Стрыйкоўскага, Густынскі летапіс, «Гісторыя» А. Каяловіча) называлі Кернаў адным з найважнейшых палітычна-адміністрацыйных цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага ў XIII—XIV стагодзьдзях.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Кернаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Віленскім павеце. У канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў у мястэчку дзеялі касьцёл і капліца.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Кернаў занялі войскі Нямецкай імпэрыі
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Керанў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Па польска-летувіскіх баях і падпісаньні пагадненьня паміж міжваеннай Польскай Рэспублікай і Летувой у 1919 годзе ён апынуўся ў складзе Летувы. У 1960 годзе тэрыторыю старажытнага паселішча і замкаў абвясьцілі запаведнікам.
У 2004 годзе Кернаў занесьлі ў Сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.
Дзее Кернаўскі археалягічны і гістарычны музэй-запаведнік.
|
|