Клэй Томпсан | ||
![]() | ||
Пазыцыя: | лёгкі форвард, атакавальны абаронца | |
Рост: | 201 см[1] | |
Вага: | 93 кг | |
Грамадзянства: | ||
Нарадзіўся: | 8 лютага 1990[1] (35 гадоў) | |
Альма-матэр: | ||
Драфт | ||
11, драфт НБА 2011 году | ||
Клюбная інфармацыя | ||
---|---|---|
Клюб | Далас Мавэрыкс | |
Клюбы | ||
Гады | Клюб | |
2008—2011 | Вашынгтон Стэйт Кугарз[d] | |
2011—2024 | Голдэн Стэйт Ўорыярз | |
2024— | Далас Мавэрыкс | |
Асабістыя ўзнагароды і дасягненьні | ||
Статыстыка на NBA.com |
Клэй Аляксандэр Томпсан (па-ангельску: Klay Alexander Thompson; нар. 8 лютага 1990 году, Лос-Анджэлес, Каліфорнія, ЗША) — амэрыканскі прафэсійны баскетбаліст, які выступае за «Далас Мавэрыкс» з Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі. Гуляе на пазыцыі атакуючага абаронцы. Сын былога прафэсійнага баскетбаліста і першага нумара драфту НБА 1978 году і двухразовага чэмпіёна НБА Майкла Томпсана. Вядомы, як адзін з найвялікшых выканаўцаў трохпунктавых кідкоў у гісторыі НБА[4][5][6]. Таксама здабываў залатыя мэдалі ў складзе зборнай ЗША на чэмпіянаце сьвету 2014 году і летніх Алімпійскіх гульнях 2016 году.
Томпсан быў абраны пад 11-м нумарам на драфце НБА 2011 году клюбам «Голдэн Стэйт Ўорыярз». У сваім першым сэзоне ў НБА гулец праводзіў на паркеце 24,4 хвіліны, набіраючы ў сярэднім 12,5 пунктаў, робячы 2,4 падборы і 2 перадачы за гульню. Найвышэйшым паказьнікам Томпсана ў пачатковым сэзоне была пераможная гульня супраць «Сакрамэнта Кінгс» (111:108), у якой баскетбаліст назьбіраў 31 пунат. У сваім дэбютным сэзоне Томпсан 10 разоў набіраў 20 і больш пунктаў за гульню. 23 студзеня 2015 году спартовец пераадолеў рэкорд НБА, набраўшы 37 пунктаў за адную чвэрць у матчы супраць «Сакрамэнта Кінгс» (126:101). Томпсан у трэцяй чвэрці рэалізаваў 13 з 13 кідкоў з гульні, улучна з 9-ю трохпунктавымі кідкамі, што таксама было рэкордам НБА за чвэрць. Усяго за гульню ён зарабіў 52 пункты.
«Голдэн Стэйт Ўорыярз» пад кіраўніцтвам Стыва Кера здабыў 67 перамогаў у рэгулярным сэзоне 2014—2015 гадоў, усталяваўшы рэкорд НБА паводле колькасьці перамог у рэгулярным сэзоне для галоўнага трэнера, які дэбютаваў у лізе. Гэта стала найлепшым вынікам як у Заходняй канфэрэнцыі, гэтак і ў лізе агулам. У тым сэзоне каманда стала чэмпіёнам НБА. У наступным сэзоне «Голдэн Стэйт» усталяваў рэкорд паводле колькасьці перамогаў у рэгулярным чэмпіянаце, здабыўшы 73 перамогі ў 82-х матчах. Томпсан апынуўся на другім месцы ва ўсёй лізе пасьля Стэфэна Кары паводле колькасьці рэалізаваных цягам сэзону трохпунктавых кідкоў. Аднак каманда ня здолела абараніць тытул чэмпіёна.
У міжсэзоньне 2024 году Томпсан ня змог дамовіцца з кіраўніцтвам «Голдэн Стэйт Ўорыярз» аб падаўжэньні новага кантракту, бо яго не задавальнялі тэрмін ўгоды і прапанаваны заробак. У канчатковым выніку, пакрыўдзіўшыся на клюб, за які ён адгуляў 13 гадоў, Томпсан перайшоў у «Далас Мавэрыкс», падпісаўшы зь імі кантракт на тры гады і 50 мільёнаў даляраў. Гэта каштавала «Даласу» абаронцы Джоша Грына, які далучыўся да «Шарлот Горнэтс». «Ўорыярз» жа атрымалі два выбары другога раўнду і выключэньне сярэдняга ўзроўню, якое яны выкарыстоўвалі дзеля падпісаньня Дэ’Энтані Мэлтана. 25 сьнежня ў гульні супраць «Мінэсоты Тымбэрўулвз» Томпсан зрабіў свой 2561-ы трохпунктавы кідок у кар’еры, абышоўшы Рэджы Мілера і заняўшы пяты радок у сьпісе найлепшых гульцоў НБА паводле колькасьці закінутых трохпунктавых кідкоў[7].