Комсомольская правда

«Камсамольская праўда»
Выява лягатыпу
Тып штодзённая
Фармат А3
Уладальнік холдынг «Мэдыя-партнэр»
Выдавец ЗАТ «Выдавецкі дом „Камсамольская праўда“»
Краіна
Галоўны рэдактар Алеся Носава
Заснаваная 13 сакавіка 1925 (99 гадоў таму)
Мова расейская
Штаб-кватэра Масква (Расея)
Наклад 655 тысячаў[2]
ISSN 0233-433X
Узнагароды
ордэн Леніна ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі ордэн Айчыннай вайны I ступені ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцяга СССР ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцяга СССР
Афіцыйны сайт www.kp.by
«Камсамольская праўда» у Вікісховішчы

«Камсамольская праўда» (па-расейску: Комсомо́льская пра́вда) — расейская штодзённая газэта, заснаваная 13 сакавіка 1925 году. У савецкі пэрыяд — орган ЦК Камуністычнага саюзу моладзі (ВЛКСМ).

Створаная ў адпаведнасьці з рашэньнем XIII зьезду РКП (б). Першы нумар газэты выйшаў 24 траўня 1925 году накладам 31 тыс. асобнікаў. Першапачаткова арыентавалася на моладзевую аўдыторыю, таму ў ёй было шмат навукова-папулярных і прыгодніцкіх артыкулаў. У 1960—1970-х гадах у ёй працавалі такія журналісты як Галаванаў і Пяскоў. З пачаткам перабудовы ў газэце пачалі зьяўляцца сацыяльна-крытычныя артыкулы, якія яшчэ больш падвысілі папулярнасьць газэты. У канцы 1980-х гадоў яе наклад дасягаў 20 млн асобнікаў.

З 1 сьнежня 1990 году «Камсамольская праўда» перастала быць органам ЦК ВЛКСМ, ператварыўшыся ва «Ўсесаюзную штодзённую газэту». 19 жніўня 1991 году падчас Жнівеньскага путчу газэта была забароненая ГКЧП і ўпершыню за ўсю гісторыю ня выйшлі па графіку нумары 19 і 20 жніўня. Але ўжо 21 жніўня газэта надрукавала ўсю кроніку падзеяў путчу як гістарычны дакумэнт.

У 1990—2000-я ад грамадзка-палітычнай тэматыкі газэта прыкметна зрушыла акцэнт увагі на сьвецкую кроніку, жыцьці знакамітасьцяў і пацеху чытача, стаўшы адным з буйных «таблёідаў». Палітычны агляд у газэце застаўся, але стаў займаць менш месца. З 1993 году выходзіць штотыднёвік «Камсамольская праўда» (часам званы «таўстушка») з павялічаным аб’ёмам. Яго наклад значна перавышае наклад штодзённага нумару і дасягае 3,1 мільёну асобнікаў. Да 2005 году штотыднёвік выходзіў па пятніцах, затым па чацьвяргах.

У панядзелак, 13 лютага 2006 году згарэў увесь шосты паверх будынка, дзе разьмяшчалася маскоўская рэдакцыя «Камсамольскай праўды». Нягледзячы на пажар, «Камсамолка» засталася працаваць на вуліцы «Праўды». Рэдакцыю перанесьлі ў будынак былой паліклінікі на вул. «Праўды», 15. У пачатку жніўня 2007 году «Камсамольская праўда» зьмяніла адрас і пераехала на Стары Пятроўска-Разумоўскі праезд (станцыя мэтро «Дынама»), дзе і знаходзіцца дагэтуль. Выдавецкі дом займае верхнія чатыры паверхі ў 8-павярховым будынку Маскоўскага швейнага аб’яднаньня «Вымпел» (заснаванае ў 1914 годзе), якое здае значную частку сваіх пляцаў пад камэрцыйныя і іншыя арганізацыі.

На 9 кастрычніка 2009 году выданьне мела звыш 40 даччыных прадпрыемстваў і каля 5 тысячаў супрацоўнікаў. Штомесячны наклад перавышаў 35 мільёнаў асобнікаў, у тым ліку ў Беларусі — 320 тысячаў. Распаўсюд таксама ажыцьцяўляўся ў Гішпаніі, ЗША, Ізраілі, Канадзе, Кітаі, Тайляндзе, Турцыі і Эгіпце. На галоўную бачыну выданьня штодзень заходзіла 400 тыс. чалавек, на старонку ў Беларусі — 40 тысячаў[3].

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Комсомольская правдасховішча мультымэдыйных матэрыялаў