Крыштаф Арцішэўскі

Крыштаф Арцішэўскі
Krzysztof Arciszewski

Герб «Праўдзіц»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 9 сьнежня 1592
маёнтак Рагалін, Познанскае ваяводзтва, Рэч Паспалітая
Памёр 7 красавіка 1656
мястэчка Лешна, Рэч Паспалітая
Род Арцішэўскія
Бацькі Ільля Арцішэўскі
Алена Закжэўская
Дзейнасьць афіцэр, інжынэр, паэт

Кры́штаф Арцішэ́ўскі (па-польску: Krzysztof Arciszewski; 1592, маёнтак Рагалін, Польшча — 1656) — дзяржаўны й вайсковы дзяяч Рэчы Паспалітай, шляхціц гербу Праўдзіц, галяндзкі генэрал і генэрал кароннай артылерыі Рэчы Паспалітай (1646—1650).

Нарадзіўся 9 сьнежня 1592 году ў арыянскай шляхецкай сям’і. З-за ганеньняў на арыян у Польшчы Крыштаф Арцішэўскі выхоўваўся ў беластоцкіх маёнтках Радзівілаў і пры двары Крыштафа Радзівіла ў Біржах. Як кліент Радзівіла й выдатны знаўца рускае мовы, атрымаў у 1619 годзе пасаду пісара рускае мовы ў ягонай канцылярыі. Далейшае ягонае жыцьцё было цесна зьвязана з родам Радзівілаў і інтарэсамі Пратэстантаў ВКЛ. У 1622 годзе кіраваў абаронай Біржанскага замку ад швэдзкага войска. У 1623 за забойства асабістага ворага шляхціца П. Бжазьніцкага, які забраў яго родавы маёнтак, Арцішэўскі быў асуджаны на баніцыю. З 1624 у Галяндыі. Як стэпэндыят Радзівіла, Арцішэўскі вывучаў артылерыю ды навігацыю ў Лейдэнскім ўнівэрсытэце. У 1627—1629 кіраўнік гуртка студэнтаў-пратэстантаў з ВКЛ ва ўнівэрсытэту г. Сэдан. У 1629 завэрбаваўся на службу ў галяндыйскую Заходня-Індскую кампанію й атрымаў пасаду капітана флёта Галяндыйскай Індыі (Бразыліі й Сурымату). У Бразыліі ў войнах Галяндыі супраць Гішпаніі атрымаў хуткую кар’еру й у 1637 прызначаны камандуючым 7-тысячнай галяндзкай арміяй у Бразыліі. Але зацяжны канфлікт Арцішэўскага з губэрнатарам Галяндзкай Індыі графам Янам Морыцам Насаў, прымусіў Арцішэўскага пакінуць службу й вярнуцца ў Амстэрдам. У 1637 удзельнічаў у аблозе г. Брэда, якой кіраваў прынц Фрэдэрык Аранскі. У 1642 галяндыйскі вучоны Герард Вос (па-нідэрляндзку: Gerard Voss)выдаў у Амстэрдаме адно зь першых дасьледваньняў паганскіх культаў індзейцаў Амэрыкі «De theologia gentili et physiologia christiana sive de origine et progressu idolatriae». Значная частка кнігі, паводле прызнаньня аўтара, была пабудавана на этнаграфічных занатоўках, зробленых Арцішэўскім у Бразыліі. На аснове назіранай у амэрыцы інфармацыі галяндзкі картограф і выдавец Ян Бляў (па-нідэрляндзку: Jan Blaeu) надрукаваў у 1650 у Амстэрдаме адну зь першых мапаў Бразыліі. У легендзе мапы Бляў зьмясьціў кароткае лацінскае прысьвячэньне Арцішэўскаму й яго гэрб «Праўдзіц». У 1643, відаць, у камэрцыйных мэтах, Арцішэўскі падрыхтаваў у Амстэрдаме трактат пра лячэньне падагры «Epistola de padagra curata per doctorem Andream Cnevffelivm», які выдаў Бляў (згодна з Арцішэўскім, яго ўкраінскі сябар доктар Андрэй Глянеўскі вынайшаў цудадзейны сродак ад падагры, які дапамог Арцішэўскаму). У 1648, у час казацкага паўстаньня, арцішэўскі вярнуўся на бацькаўшчыну, у Рэч Паспалітую, і быў прызначаны Каралём генэралам артылерыі. Кіраваў абаронай Львовуад войска Б. Хмяльніцкага. Аднак з-за фінансавай спрэчкі са сваім намесьнікам К. Семяновічам пакінуў войска й вярнуўся ў Амстэрдам. Пасьля заключэньня Кейданскай Уніі 1655 году, на заклік Януша Радзівіла зноў выехаў у Рэч Паспалітую. Па яго прыкладу пакінуў службу ў Даніі ягоны брат палкоўнік Гальяш Арцішэўскі. Па дарозе Арцішэўскі захварэў і спыніўся ў пратэстантскім мястэчку Лешна, дзе і памёр. Харугва каталіцкае шляхты выцягнула цела Арцішэўскага «як здрадцы й эрэтыка» з труны ды спаліла яго на ростанах. Пра гэта з абурэньнем пісалі тагачасныя ангельскія ды галяндзкія газэты. Арцішэўскі быў сябрам вядомых пратэстанскіх дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага Рысінскага ды Вішаватага. Арцішэўскі — аўтар шэрагу вершаў, у якіх, між іншым, называў сябе грамадзянінам сьвету. Помнік Арцішэўскаму існуе ў бразыльскім горадзе Рэсыфі правінцыі Пэрнамбуку. Частка архіву Арцішэўскага захоўвалася ў Нясьвіскім замку, цяпер у Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве.

  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак А — Я. — 690 с. — ISBN 978-985-11-0487-7
  • Aleksander Kraushar. Dzieje Krzysztofa z Arciszewa Arciszewskiego, admirała i wodza Holendrów w Brazylii, starszego nad armatą koronną za Władysława IV i Jana Kazimierza, 1592—1656, t. 1-2, Petersburg 1892
  • Bibliografia Literatury Polskiej — Nowy Korbut, t. 2 — Piśmiennictwo Staropolskie, Państwowy Instytut Wydawniczy, Warszawa 1964, s. 7-10
  • Maria Paradowska. Przyjmij laur zwycięski, Wydawnictwo Śląsk, Katowice 1987
  • Jacek Kukuczka. Przyjmij laur zwycięski. Krzysztof Arciszewski w służbie Holenderskiej Kompanii Zachodnio-Indyjskiej, Wyd. Muzeum Etnograficznego im. S. Udzieli, Kraków 2001
  1. ^ Sejm-Wielki.pl (пол.) — 2002.