Макс Бірбам | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 24 жніўня 1872[1][2][3][…] |
Памёр | 20 траўня 1956[2][3][5][…] (83 гады) |
Пахаваны | |
Бацькі | Julius Beerbohm[d][7][8] Eliza Draper[d][7][8] |
Сужэнец | Elisabeth Jungmann[d][8] і Florence Kahn[d][8] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | карыкатурыст, паэт, навэліст, эсэіст, акварэліст, маляр, літаратурны крытык, ілюстратар, журналіст, комік, малявальнік, пісьменьнік |
Мова | лацінская мова і ангельская мова[9] |
Узнагароды | |
Макс Бірбам (24 жніўня 1872, Лёндан — 20 траўня 1956, Рапала, Генуя) — ангельскі эсэіст, парадыст і карыкатурыст.
Атрымаў элітную адукацыю, паступіў у Оксфардзкі ўнівэрсытэт. Там ён пазнаёміўся з Оскарам Ўайльдам і яго асяродкам дзякуючы брату Гэрбэрту Бірбаму Тры, вядомаму актору. Па заканчэньні каледжа ён выяўляў схільнасьць да дэндызму і гумарыстыкі.
У 1893 годзе Бірбам пазнаёміўся з мастаком Ўільямам Ротэнстайнам, а той у сваю чаргу прывёў яго да Обры Бэрдсьлі і іншых сяброў літаратурных і мастацкіх колаў, блізкіх да выдавецтва «Бодлі Хэд». У Оксфардзе Бірбам не выказваў асаблівай стараннасьці ў навучаньні, але стаў даволі вядомым дзякуючы сваім стасункам з рознымі вядомымі людзьмі. У той жа час ён пачаў дасылаць свае артыкулы і карыкатуры ў разнастайныя лёнданскія выданьні, якія з энтузіязмам прымаліся. У 1894 годзе ўзыходзячай зоркай ангельскай літаратуры ён скончыў Оксфард без аніякай навуковай ступені.
Актыўна друкаваўся ў «Жоўтай кнізе», дзе адзін час Обры Бэрдсьлі быў рэдактарам. У 1896 годзе выйшаў зборнік яго эсэ «Творы Макса Бірбама» (па-ангельску: The Works of Max Beerbohm). У 1897 годзе ён зьмяніў Джорджа Бэрнарда Шоў на пасадзе тэатральнага крытыка «Saturday Review», дзе прапрацаваў да 1910 году. У тым жа 1910 годзе Макс Бірбам ажаніўся і разам з жонкай зьехаў у Італію. Там ён пражыў большую частку свайго жыцьця, толькі на непрацяглы час наведваючыся ў Ангельшчыну.
З 1935 году М. Бірбам вёў перадачы пра аўтамабілі, экіпажы і канцэртныя залі на BBC, пазьней яны выйшлі асобнай кніжкай.
М. Бірбам у асноўным вядомы дзякуючы такім сваім творам, як «Калядная гірлянда» (цыкль пародый на літаратурныя стылі сучасьнікаў), сатырычны раман пра жыцьцё Оксфарда «Зулейка Добсан», зборнік навэлаў «Сямёра мужчын», куды ўваходзіць «Энох Сомс», а таксама сваімі шматлікімі карыкатурамі на сучасьнікаў і мастацкімі ілюстрацыямі.
Памёр Макс Бірбам ва ўзросьце 83 гадоў у Італіі. Яго прах захоўваецца ў саборы Сьвятога Паўла ў Лёндане.
Паасобныя творы М. Бірбама на беларускую пераклала Юлія Цімафеева.