Мойшэ Кульбак | |
на ідышы: משה קולבאַק | |
![]() Мойшэ Кульбак, фота 1928 году | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 20 сакавіка 1896[1] |
Памёр | 29 кастрычніка 1937[1] (41 год) |
Пахаваны |
|
Бацькі | Саламон Кульбак Сіма Кульбак |
Жонка | Зэльда Барысаўна Кульбак (1897—1973) |
Дзеці | Элі Кульбак, Рая Кульбак |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, празаік, драматург, перакладнік |
Гады творчасьці | 1916—1937 |
Мова | ідыш[2] і іўрыт |
Значныя творы | Зэлмэняне Райсн Вільня Мэсія з роду Эфраіма Панядзелак Бойтра |
![]() | |
Мо́йшэ Ку́льбак, Майсе́й Ку́льбак (ід. משה קולבאַק; 20 сакавіка 1896, Смаргонь Ашмянскага павету Віленскай губэрні — 29 кастрычніка 1938, Менск, БССР) — беларуска-габрэйскі паэт, пісьменьнік, перакладнік. Вядомы перадусім сваімі раманамі «Зэлмэняне», «Мэсія з роду Эфраіма», «Панядзелак» і паэмамі «Райсн», «Вільня». Раман Мойшэ Кульбака «Зэлмэняне» або «Зэльманцы» стаў клясыкай літаратуры на ідышы, адзін з найзначнейшых раманаў, напісаных у Беларусі ў 1930-х гадах[3]. Пісаў пераважна на мове ідыш, але ў пачатку творчасьці спрабаў пісаць і на іўрыце.
Нарадзіўся 20 сакавіка 1896 году ў Смаргоні ў сям’і служачага (прыказчыка ў лесагандлёвым прадпрыемстве) Саламона й Сімы Кульбакаў. Іўрыцкія крыніцы падаюць дату нараджэньня пісьменьніка 5 красавіка 1896 году, на зыходзе сьвята Песах і вясновага раўнадзенства[4]. Бацька Мойшэ, Саламон Кульбак, паходзіў з сям’і рамесьнікаў і быў наймалодшым сярод сямнаццаці братоў[5]. У дзяцінстве Мойшэ Кульбак часта наведваў свайго дзядулю ў Кабыльніку й потым у адным зь вершаў апісаў мястэчка. Навучаўся ў габрэйска-расейскай народнай школе, па вечарах ў рэфармаваным хэдары, пасьля — у Валожынскім, Сьвянцянскім і Мірскім ешыботах (1909—1914). Здаў экстэрнам экзамэн на званьне настаўніка, працаваў выхавацелем у сірочым доме Коўны, настаўнікам у школах і гімназыях Смаргоні, Менску, Вільні. У 1918 годзе жыў у Менску, дзе быў лектарам на габрэйскіх настаўніцкіх курсах, у пачатку 1919 году выехаў у Вільню. У Вільні, дзе ён працаў настаўнікам, у 1920 годзе адбыўся вялякі творчы дэбют (дагэтуль паэт апублікаў толькі верш Зорачкі) маладога пісьменьніка томам пазэыі Шірім (на ідышы: שירים, Вершы), пасьля чаго паэт хутка стаў узнаваны ў віленскім літаратурным асяродку. У 1920—1923 гадах жыў і працаваў суфлёрам у Бэрліне. У 1923 годзе вярнуўся ў Вільню. У 1923—1928 гадах жыў у Вільні, дзе ў 1927 годзе яго абралі старшынёй «габрэйскага ПЭН-клюба»[6]. У Вільні Кульбак працаў настаўнікам літаратуры ў габрэйскай гімназыі і Габрэйскай Настаўніцкай Сэмінарыі. У Вільні паэт напісаў аднаіменную паэму.
У кастрычніку 1928 году Мойшэ Кульбак вырашыў вярнуцца ў Менск. 19 кастрычніка 1928 году Мойшэ Кульбак купіў квіток на ранішні цягнік Вільня-Менск і ўвечары быў ужо ў Менску, які сустрэў паэта ранішнім сьнегам[7]. Віленская ґазэта «Vilner Tog» («Віленскі дзень») так пісала пра пераезд паэта зь Вільні ў Менск:
![]() |
«Вільня губляе натхнёнага паэта, які апяваў прыроду Літвы, і асабліва Вільні, у чароўных вершах і паэмах. Паэма Кульбака «Вільня» — самы глыбокі й прыгожы твор пра наша места». | ![]() |
21 кастрычніка 1928 году ў менскай ґазэце «Звязда» было апублікавана кароткае паведамленьне аб прыезьдзе Кульбака ў Менск:
![]() |
«У Менск прыехаў з Вільні вядомы яўрэйскі паэта Кульбак. Пісьменьнік застаецца на сталай рабоце ў СССР»[8][9]. | ![]() |
У Менску Мойшэ Кульбак працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх пэрыядычных выданьняў, у габрэйскім сэктары АН БССР. Сябра Саюза пісьменьнікаў БССР з 1934 году[10]. Быў супрацоўнікам розных выданьняў на ідыш Акадэміі Навук БССР. У 1934—1937 гадах — чалец рэдакцыі габрэйскага часопіса «Штэрн»[11].
У 1937 годзе арыштаваны[12]. Расстраляны ўначы з 29 на 30 кастрычніка 1937 году. Рэабілітаваны Вышэйшай калегіяй Вярхоўнага Суда СССР 15 сьнежня 1956 году. Асабовая справа № 8179-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Жонка Зэльда Кульбак (1897—1973), настаўніца сярэдняй школы, была арыштаваная 5 лістапада 1937 году ў Менску. 28 лістапада асобнай нарадай пры НКУС асуджаная як «член сям’і ворага народу» да 8 гадоў працоўна-папраўчых лягераў і этапаваная праз Воршу ў Акмолінскі лягер жонак здраднікаў Радзімы НКУС Казаскай ССР. Вызваленая 5 лістапада 1945 году.
Дзеці Ілья і Рая. Ілья (Элі) загінуў ад рук нацыстаў у 1942 годзе ў мястэчку Лапічы Магілёўскай вобласьці. Рая (Раіса) Кульбак-Шавель жыве ў Ізраілі[13].
Спачатку пісаў вершы на іўрыце, але неўзабаве перайшоў на ідыш. Друкавацца пачаў восеньню 1916 году, першая публікацыя — верш «Зорачка» («Штэрндл»), які хутка атрымаў папулярнасьць як народная песня. Аўтар зборнікаў «Вершы» (Вільня, 1920), «Новыя вершы» (Варшава, 1922), «Паэмы і вершы» (Мінск, 1929), раманаў «Мэсія сын Эфраіма» (Бэрлін, 1924), «Панядзелак» (Варшава, 1926). Для дзяцей напісаў казку «Вецер, які гняваўся» (Вільня, 1921).
Аўтар драмы «Якаў Франк» (Вільня, 1923), п’ес «Разбойнік Бойтра» (была надрукавана ў менскім часопісе «Штэрн» у 1936 годзе, пастаўлена Маскоўскім дзяржаўным габрэйскім тэатрам у тым жа годзе, Беларускім дзяржаўным габрэйскім тэатрам у 1937 годзе, габрэйскім драматычным калектывам Віленскага дома культуры прафсаюзаў у 1961 годзе[14], а тэль-авіўскім Камэрным тэатрам — у 1996 годзе; перакладзена на беларускую мову Фэліксам Баторыным пад назвай «Бойтра», 2014[15]), «Бэньямін Магідаў» (рыхтавалася да пастаноўкі ў 1937 годзе; рукапіс страчаны пасля арышту аўтара).
Пераклаў на мову ідыш паасобныя вершы Янкі Купалы[16], Якуба Коласа, п’есу Мікалая Гогаля «Рэвізор» (1933), зрабіў літаратурную апрацоўку перакладу на ідыш рамана Мікалая Астроўскага «Як гартавалася сталь(ru)» (1937). Разам з З. Вітэнзонам падрыхтаваў да друку (пераклаў на ідыш асобныя творы, выступіў у якасьці ўкладальніка) зборнік «Рэвалюцыйныя навэлы» (1931).
Паэт і пэдагог Рыгор Рэлес лічыў, што на творчасьць Мойшэ Кульбака, асабліва на п’есу «Бойтра», пэўны ўплыў аказала творчасьць Янкі Купалы[15].
Збор твораў Мойшэ Кульбака ў 1929 годзе быў выдадзены ў Вільні ў 3 тамах. У Менску выйшлі «Вершы і паэмы» (1929), раман «Зэлмэняне» (кн. 1, 1931; кн. 2, 1935; пазьней выходзіў у перакладах на беларускую, расейскую, ангельскую, нямецкую, францускую), паэма «Дзісенскі Чайлд-Гарольд» (1933), «Выбранае» (1934), у Маскве — зборнік вершаў і паэм «Чалавек добры» (1979). Творы Мойшэ Кульбака на ідышы і ў перакладах выдаваліся таксама ў Аргентыне, ЗША, Ізраілі, Францыі і іншых краінах.
У пачатку творчасьці творы Кульбака зьмяшчаюць ідылічныя матывы, на зьмену ім прыходзяць адзначаныя пячаткай «чырвонага часу» урбаністычныя карціны зь некалькі сюрэалістычнымі вобразамі вясковых габрэяў, арганічна зьвязаных з прыродай краю. Пазьней піша шэраг гістарычных твораў зь філязафічным падтэкстам (раман «Машыёх бэн Эфраім» («Мэсія сын Эфраіма»), 1924), у якіх гістарычныя й бытавыя рэаліі пафарбаваны ў фантастычныя тоны з элемэнтамі габрэйскага містыцызму, фальклёрнымі матывамі й экспрэсыяністычным гратэскам. Проза Кульбака, якая ўвабрала найноўшыя павевы заходнеэўрапэйскай філязофіі й літаратуры, зь ягонай мовай, рафінаванай, але трывала зьвязанай з народнай прамовай, так і не змагла арганічна ўвайсьці ў савецкую літаратуру.
Шлоймэ Бэліс у 1980 годзе так узгадваў пра Мойшэ Кульбака:
![]() |
Толькі ён зьяўляўся на парозе - ён адразу станавіўся пераможцам. Чытаньне Кульбака! Гэта быў канцэрт! Велізарнае мастацкае задавальненьне! Гіпнатычны сэанс! Ён набіраў поўныя грудзі паветра й зацягваў, завываючы так нібы выдыхаючы душу. <…>
Сухашчавы, з падоўжана-цёмным тварам, зь цёмнымі вачыма, якія блішчалі, як антрацыт, і гарэлі знутры смуткам, марай і нудой; доўгая чорная непаслухмяная чупрына над шырокім нізкім ілбом. Ён яе энэргічна адкідаў моцным кідком галавы, калі яна яму падала на вочы… …Ён выкарыстоўваў элемэнтарную клясычную рыфму ў самай неклясычнай мове – габрэйскай. Ён застаўся пры поўнай рыфме ў той час, калі іншыя паэты лічылі яе ледзь не ганьбай, адсталасьцю, нават грубіянствам, праявай недахопу майстэрства, быццам бы ў салонах пачалі карыстацца мовай мужыка, ці чалядніка. Кульбак не прытрымліваўся ўсёй гэтай «прыгожасьці». Ён мне аднойчы ў гутарцы сам сказаў: рыфма павінна быць, як звон, і яны ў яго такі, як званы: «Гэй, Антоша, засьпявай і зайграй на бандуры шурэ, бурэ, мурэ, турэ».. |
![]() |
У 1960 годзе ў Менску выйшаў раман «Зельманцы» ў перакладзе на беларускую мову Віталя Вольскага[17]. Пераклад Віталя Вольскага патрапіў пад цэнзуру. Па меркаваньні Сяргея Шупы зь перакладу 1960 году зьнікла каля 12,5% арыгінальнага тэксту, прычым часам былі выкрасьленыя важныя думкі, заўвагі, вобразы аўтара, цэлыя сюжэтныя павароты; часам проста абрывалася лёгіка апавяданьня[18]. У 2015 годзе раман быў перавыдадзены і трапіў у спіс кніг году паводле шэрагу экспэртаў[19]. П’еса «Разбойнік Бойтра» перакладзена на беларускую Фэліксам Баторыным пад назвай «Бойтра» для часопісу «Дзеяслоў» (2014)[15]. Асобныя вершы Мойшы Кульбака перакладалі з ідыш на беларускую Эдзі Агняцьвет, Сьцяпан Гаўрусёў, Васіль Жуковіч, Генадзь Кляўко, Язэп Семяжон, Андрэй Хадановіч ды іншыя вядомыя паэты. У 1970 годзе ў Менску выйшаў паэтычны зборнік Майсея Кульбака «Выбранае», у 2016 — двухмоўны (на ідыш і беларускай) зборнік «Eybik/Вечна»[20]. У 2016 годзе таксама зьявіліся пераклады казкі «Вецер, які гняваўся»[21] і апавяданьня «Муня-птушкавод і яго жонка Малкелэ»[22]. У 2018 і 2019 гадах выдадзены раманы «Панядзелак» і «Мэсія з роду Эфраіма» ў перакладзе Сяргея Шупы.
У 2022 годзе выйшаў двухтомнік Мойшэ Кульбака. Першы том быу выдадзены на ідыш, мове арыгіналу[23]; у другі том уключылі лацінскую трансьлітарацыю вершаў ды іх пераклад на беларускую мову[24].
У 2024 годзе выйшаў пераклад Сяргея Шупы раману «Зэлмэняне»[25].