Мікалай Сапега «Пабожны» | |
Герб «Ліс» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | каля 1581 |
Памёр | 14 сакавіка 1644 |
Пахаваны | |
Род | Сапегі |
Бацькі | Мікалай Сапега Ганна зь Вішнявецкіх |
Жонка | Ядвіга Ганна з Войнаў Альжбета з Прусіноўскіх |
Дзеці | ад Казімер Мэльхіадэс, Ян Фэрдынанд, Гальшка, Тэрэза, Яна Пэтранэля |
Мікалай Сапега (мянушка «Пабожны»; каля 1581 — 14 сакавіка 1644) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Харунжы вялікі літоўскі (1627—1638), ваявода менскі (1638) і берасьцейскі (1638—1642), кашталян віленскі (з 1642).
Валодаў Коднем (збудаваў тамака касьцёл і шпіталь), Вішніцай, Заазер'ем, Мсьціжам[2].
З магнацкага роду Сапегаў гербу «Ліс», сын Мікалая, ваяводы віцебскага, і Ганны зь Вішнявецкіх. Навучаўся ў езуцкім калегіюме ў Брунсбэргу (Браневе), унівэрсытэтах Вены, Трыру, Майнцу, Парыжу.
Абіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбуналу Вялікага Княства Літоўскага. Быў каралеўскім сакратаром, займаў шэраг дзяржаўных пасадаў.
У 1629—1636 гадох вымураваў у Кодзені касьцёл Сьвятой Ганны на ўзор базылікі Сьвятога Пятра ў Рыме. Тамака ж зьмясьціў абраз Маці Божай Гвадэлюпскай (пазьней абраз Маці Божай Кодзеньскай).
У шлюбе зь Ядвігай Ганнай Войнай меў сыноў Казімера Мэльхіадэса і Яна Фэрдынанда; дачок Гальшку, Тэрэзу і Яну Пэтранэлю. Па сьмерці першай жонкі пабраўся шлюбам з Альжбетай Прусіноўскай.
Абраз Маці Божай Коданьскай М. Сапега прывез з Рыму, куды накіраваўся ў часе цяжкай хваробы. Папа Урбан VІІІ прыняў князя і падараваў яму мноства рэліквіяў. У часе імшы ў Ватыканскім араторыі М. Сапега пабачыў у алтары абраз Маці Божай Грыгарыянскай (ці Гвадэлюпскай). Абраз яму гэтак спадабаўся, што князь наважыўся ўсякімі сродкамі вывезьці сьвятыню на Літву. Падкупіўшы закрыстыяна капліцы за 500 дукатаў, М. Сапега завалодаў абразам і сьпешна зьехаў з Рыму.
Празь некалькі дзён крадзёж выкрылі, закрыстыяна ледзь не прысудзілі да спаленьня. Суд нунцыя ў Варшаве прысудзіў М. Сапегу год вязьніцы, вяртаньне абраза і рэліквіяў, пешую пілігрымку да Рыму і будову касьцёла.
М. Сапега накіраваў у Рым пляменьніка просячы дараваць віну і пакінуць абраз у Кодзені. У 1635 годзе ён сам зьявіўся ў Рыме і здолеў улагодзіць справу. Абраз застаўся ў Літве: відаць, паўплывала дапамога нунцыю на Сойме 1635 году, у справе не дапушчэньня шлюбу караля з кальвіністкай.
У выніку, луцкаму біскупу даручылі зьмясьціць сьвятыню ў новым касьцёле ў Кодзені. М. Сапега ахвяраваў на абраз кароны, скіпэтар, сымбалі сонца і месяца.
Мікалай Сапега (сын Мікалая) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў