Навазыбкаў лац. Navazybkaŭ | |||||
Возера Карна | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1701 | ||||
Горад з: | 1809 | ||||
Краіна: | Расея | ||||
Суб’ект фэдэрацыі: | Бранская | ||||
Раён: | Навазыбкаўскі | ||||
Плошча: | 31,4 км² | ||||
Вышыня: | 160 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2009) | |||||
колькасьць: | 41 932 чал. | ||||
шчыльнасьць: | 1335,41 чал./км² | ||||
Тэлефонны код: | 48343 | ||||
Паштовы індэкс: | 243020 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 52°32′0″ пн. ш. 31°56′0″ у. д. / 52.53333° пн. ш. 31.93333° у. д.Каардынаты: 52°32′0″ пн. ш. 31°56′0″ у. д. / 52.53333° пн. ш. 31.93333° у. д. | ||||
Навазыбкаў | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://www.zibkoe.ru/ |
Навазы́бкаў — места ў Расеі, на рацэ Карне. Адміністрацыйны цэнтар Навазыбкаўскага раёну Бранскай вобласьці. Насельніцтва на 2016 год — 40 632 чалавекі. Знаходзіцца за 207 км на паўднёвы захад ад Бранску.
Навазыбкаў — места гістарычнай Старадубшчыны (частка Смаленшчыны і Севершчыны), на этнічнай тэрыторыі беларусаў.
Існуе меркаваньне, што слабада Зыбкая, або Зыпкаў, існавала ўжо ў 1686 годзе. Тым часам першы пісьмовы ўпамін пра яе зьмяшчаецца ўва ўнівэрсале палкоўніка Старадубскага палку Міхала Міклашэўскага і датуецца 12 верасьня 1701 году. Асноўную частку першапасяленцаў слабады складалі стараверы, уцекачы з цэнтральных рэгіёнаў Расеі, што ратаваліся ад перасьледу ўладаў. За практычна ўсю гісторыю места стараверы гралі значную ролю ў жыцьці і разьвіцьці Навазыбкава і складалі прыкметную дзель ягонага насельніцтва. Асноўнай дзейнасьцю слабадзянаў у XVII — першай палове XVIII стагодзьдзяў была перапрацоўка прадуктаў сельскай гаспадаркі (вытворчасьць пяньковых лінаў, канаплянага масла, мылаварэньне, выраб скураў), дробнарамесная вытворчасьць (драўляныя абцугі, санкі, дугі), а таксама гандаль.
30 студзеня 1809 году Навазыбкаў атрымаў статус павятовага места, што дало прыкметны штуршок да яго далейшага разьвіцьця, як у пляне станаўленьня прамысловай вытворчасьці, так і ў пашырэньні гандлю. 1 красавіка 1858 году зьявіўся праект мескага гербу «ў зялёным полі залаты слуп у суправаджэньні чатырох залатых манэт»[1]. На 1895 год у Навазыбкаве было 119 мураваных і 1692 драўляныя будынкі, працавалі 165 крамаў, 9 гатэляў і 30 заводаў, штогод праводзілася 4 кірмашы.
Мовазнаўца Антон Палявы засьведчыў наступную інфармацыю пра жыхароў Навазыбкаўскага павету[2][3][4]:
«Калі б вы папыталіся ў селака Навазыбкаўскага павету, прыкладам, гэтак: „Хто вы такія? да якое нацыі належыце?“ — то пачулі б такі адказ: „Хто мы?! Мы руськія“ [г.зн. праваслаўныя — заўвага Яна Станкевіча]. Калі вы далей папытаецеся: „Якія „руськія“? — велікарусы, ці што?“ дык узноў пачуеце адказ: „Ды не, якія мы там велікарусы? Не, мы не маскалі“. „Ды хто ж вы тады, украінцы?“ „Не, і не ўкраінцы!“ „Ды хто ж, наапошку: не маскалі, не ўкраінцы, а хто ж?“ І вось… скажуць вам: „Мы літва, ліцьвіны“» | ||
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Навазыбкаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, дзе стаў цэнтрам павету («падраёну») Гомельскага раёну[5] (паводле іншых зьвестак[6], Навазыбкаў не ўваходзіў у склад БССР). Аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР, дзе ён стаў цэнтрам павету Гомельскай губэрні (з 1926 году ў Бранскай губэрні, з 1929 году ў Заходняй вобласьці, у 1938—1944 гадох у Арлоўскай вобласьці).
26 красавіка 1986 году ў выніку катастрофы на ЧАЭС Навазыбкаў апынуўся ў зоне радыяцыйнага забруджваньня з радыяцыяй звыш 17 кюры на км². Да нашага часу захаваліся тутэйшыя гаворкі беларускае — у выглядзе трасянкі і асобных уласьцівасьцяў беларускага акцэнту: дзеканьня, цеканьня, цьвёрдых «р» і «ч», гука «ў» пасьля галосных замест «в».
У сыстэме адукацыі места функцыянуюць 13 дашкольных адукацыйных установаў, 9 агульнаадукацыйных школаў, 2 установы пачатковай прафэсійнай адукацыі, 3 установы сярэдняй прафэсійнай адукацыі, 1 установа вышэйшай прафэсійнай адукацыі (філія Бранскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя акадэміка І. Пятроўскага, адкрылася ў 1995 годзе), а таксама некалькі ўстановаў для дзяцей з адмысловымі запатрабаваньнямі, улучна з карэкцыйнай школаю-інтэрнатам.
Прадпрыемствы станкабудаўнічай і інструмэнтальнай прамысловасьці.
Па Навазыбкаву курсуюць аўтобусы па 7 маршрутах. Прымескі рух арганізаваны па 25 маршрутах. Дзее рэгулярнае аўтобуснае злучэньне зь местамі Бранск, Гомель.
|
|