Нутраная македонская рэвалюцыйная арганізацыя — Дэмакратычная партыя за македонскае нацыянальнае адзінства | |
па-македонску: Внатрешна македонска револуционерна организација — Демократска партија за македонско национално единство | |
Заснавальнік | Любча Георгіеўскі[d] |
---|---|
Дата заснаваньня | 1990[1] |
Штаб-кватэра | |
Ідэалёгія | Macedonian nationalism[d], нацыянал-кансэрватызм, хрысьціянская дэмакратыя[d], эканамічны лібэралізм[d] і антыквізацыя[d] |
Афіцыйны сайт | vmro-dpmne.org.mk |
Нутраная македонская рэвалюцыйная арганізацыя — Дэмакратычная партыя за македонскае нацыянальнае адзінства (па-македонску: Внатрешна македонска револуционерна организација — Демократска партија за македонско национално единство) — палітычная партыя ў Паўночнай Македоніі і адна зь дзьвюх галоўных партыяў у краіне. Іншай буйной партыяй ёсьць Сацыял-дэмакратычны зьвяз Македоніі.
Першая частка назвы адсылае да рэвалюцыйнага руху, які сфармаваўся яшчэ напрыканцы 1893 году. Пасьля розных пераўтварэньняў першапачатковая арганізацыя была ліквідаваная пасьля вайсковага перавароту 1934 году. Калі за часам Другой сусьветнай вайны баўгарская армія ўвайшла ў югаслаўскую Македонію як нямецкі хаўрусьнік, былыя сябры арганізацыі актыўна зарганізавалі баўгарскія камітэты, якім было даручана захапіць уладу на месцы. Пасьля пераходу Баўгарыі на бок антыгітлераўскай кааліцыі ў верасьні 1944 году прадстаўнікі арганізацыі спрабавалі стварыць прабаўгарскую незалежную македонскую дзяржаву пад пратэктаратам Нямецкага райху[2][3].
Сучасная партыя, якая аднак ня мае пераемнасьці ад былой арганізацыі, была заснаваная 17 чэрвеня 1990 году ў Скоп’е[4]. Партыя адразу здабыла перамогу ў першых адкрытых парлямэнцкіх выбарах 1990 году, але ня здолела сфармаваць урад. Толькі пасьля наступных выбараў партыя здолела ўтварыць кааліцыю Дэмакратычнай партыяй альбанцаў. У 1999 годзе прадстаўнік партыі Борыс Трайкоўскі быў абраны на пасаду прэзыдэнта краіны. Першы кіраўнік партыі Любча Геаргеўскі праз сваю прабаўгарскую скіраванасьць быў вымушаны сысьці з партыі, стварыўшы ў 2004 годзе новую партыю Нутраная македонская рэвалюцыйная арганізацыя — Народная партыя. Пасьля парлямэнцкіх выбараў 2006 году партыя зноў атрымала большасьць, сфармаваўшы кааліцыю з Дэмакратычнай партыяй альбанцаў. У траўні 2007 году партыя была запрошаная ў якасьці назіральніка ў Эўрапейскую народную партыю. Пасьля выбараў 2008 году партыя здабыла безумоўны кантроль над парлямэнтам, здабыўшы 63 мандаты ў 120-месным парлямэнце. У далейшым падтрымка партыі крыху зьнізілася, гэтак на парлямэнцкіх выбарах 2020 году партыя здабыла ўжо 44 месцы, але ейная моц трывае непарушнай.
Партыя прэзентуе сябе як хрысьціянска-дэмакратычную[5], але лічыцца нацыяналістычнай[6][7]. Падтрымка партыі грунтуецца на этнічных македонцах за некаторымі выключэньнямі. Партыя сьцьвярджае, што іхныя мэты і задачы — падтрымліваць традыцыі македонскага народа. Тым ня менш, партыя часта фармуе кааліцыйныя ўрады поруч з партыямі этнічных меншасьцяў краіны[8].
Пад кіраўніцтвам Любчы Геаргіеўскага на пачатку партыя падтрымлівала незалежнасьць Македоніі ды вяла палітыку больш цесных стасункаў з Баўгарыяй[9]. За часам Нікалы Груеўскага, які ачольваў партыю з 2006 па 2017 гады, партыя трымалася ўльтранацыяналістычнай[10] палітыкі. Ейныя нацыяналістычныя пазыцыі часта ўспрымаліся як антыальбанскія[11]. Таксама за памянёны час партыя перайшла шлях ад праэўрапейскай і пранатаўскай палітыкі да русафільскай і антызаходняй[12][13]. Урад Груеўскага здолеў пашырыць моцныя эўраскептычныя настроі ўнутры краіны. З новым лідэрам Хрысьціянам Міцкоскім партыя зноў прасоўвае праэўрапейскую палітыку, дамагаючыся ўсталяваньня сяброўства з ЭЗ[14].