Павал Сядзько | ||
![]() | ||
Пэрсанальная інфармацыя | ||
---|---|---|
Нарадзіўся | 3 красавіка 1998[1][2] (26 гадоў) | |
Рост | 178 см | |
Вага | 65 кг[4] | |
Пазыцыя | паўабаронца | |
Клюбная інфармацыя | ||
Клюб | Тарпэда-БелАЗ | |
Клюбы | ||
Гады | Клюб | Гульні (галы)¹ |
2015—2021 | Дынама Берасьце | 90 (14) |
2019—2020 | → Рух Берасьце | 34 (8) |
2021—2022 | Тарпэда Масква | 9 (0) |
2022 | Гомель | 17 (4) |
2023—2024 | Дынама Менск | 45 (9) |
2025— | Тарпэда-БелАЗ | |
Зборныя | ||
2017—2020 | Беларусь (да 21) | 12 (1) |
2017—2022 | Беларусь | 11 (1) |
Павал Сядзько (нар. 3 красавіка 1998 году) — беларускі футбаліст, паўабаронца жодзінскага «Тарпэда»-БелАЗ. З 2017 па 2022 гады прыцягваўся да матчаў нацыянальнай зборнай Беларусі.
Выхаванец берасьцейскага «Дынама». З 2015 году пачаў выступаць за клюбны дубль. 14 верасьня 2015 году дэбютаваў у Найвышэйшай лізе, выйшаўшы на замену на 78-й хвіліне матча супраць «Белшынай» (2:1). Неўзабаве пачаў трапляць і ў стартавы склад берасьцейцаў, а 5 кастрычніка адзначыўся першым голам у кашулі «Дынама» ў наймацнейшым дывізіёне — у браму менскага «Дынама». Па заканчэньні сэзону 2015 году цікавасьць да паўабаронцы выявіў барысаўскі БАТЭ[5], аднак паўабаронца застаўся ў Берасьці. У сэзоне 2016 году ўжо быў футбалістам асноўнага складу, звычайна выходзіў на замену. З чэрвеня 2017 году пачаў трывала зьяўляцца ў першай адзінаццатцы, аднак у кастрычніку зноў пачаў выходзіць на замену. У сэзоне 2018 году зьяўляўся на полі нерэгулярна.
У сакавіку 2019 году быў аддадзены ў арэнду берасьцейскаму «Руху»[6][7], а ў ліпені арэнда была падоўжаная да канца году[8]. Замацаваўся ў пачатковым складзе «Руха» і дапамог камандзе прасунуцца ў Найвышэйшую лігу. У першай палове 2020 году гуляў за «Рух» у Найвышэйшай лізе, а ў ліпені 2020 году вярнуўся з арэнды ў «Дынама»[9], дзе пачаў чаргаваць выхады ў стартавым складзе і на замену.
У лютым 2021 году скдаў новую ўгоду з «Дынама»[10]. Быў адным зь лідэраў каманды, забіўшы за сэзон 7 галоў у чэмпіянаце Беларусі. У верасьні 2021 году паводле пагадненьня бакоў пакінуў берасьцейскі клюб[11] і хутка быў заяўлены за маскавіцкае «Тарпэда»[12]. Правёў 9 матчаў у сэзоне 2021—2022 гадоў, паводле вынікаў якога клюб дамогся выхаду ў Прэм’ер-лігу. У чэрвені 2022 году паводле пагадненьня бакоў кантракт быў датэрмінова скасаваны[13], і неўзабаве паўабаронца склаў пагадненьне з «Гомлем»[14], дзе замацаваўся ў асноўным складзе.
У сьнежні 2022 году падпісаў кантракт зь менскім «Дынама»[15]. Паводле вынікаў сэзону 2023 году дапамог камандзе стаць чэмпіёнам Беларусі. У сьнежні 2023 году падоўжыў кантракт з дынамаўцамі[16]. Быў адным зь лідэраў каманды, зарабіўшы за наступны сэзон ажно 10 галявых перадач у сэзоне. Сам гулец ацаніў 2024 год на 10 пунктаў з 10-ці магчымых. Тым ня менш, пасьля залатога сэзону пакінуў сталічны клюб, шмат у чым праз тое, што ня мог больш працаваць з галоўным трэнэрам Вадзімам Скрыпчанкам[17]. Поруч з агентам шукаў варыянты працаўладкаваньня за мяжой[18], але пагадзіўся далучыцца да жодзінскага «Тарпэда»-БелАЗ[19].
У лістападзе 2016 году ў складзе зборнай Беларусі (да 19 гадоў) браў удзел у кваліфікацыйным раўндзе чэмпіянату Эўропы і дапамог беларускай зборнай пракрочыць у элітны раўнд. 1 верасьня 2017 году дэбютаваў у зборнай Беларусі (да 21 году), калі выйшаў у стартавым складзе адборачнага матча чэмпіянату Эўропы 2019 году супраць зборнай Грэцыі (0:2) і быў выдалены ў другім тайме. У далейшым стаў адным з асноўных гульцоў моладзевай зборнай.
Дэбютаваў у нацыянальнай зборнай Беларусі 9 лістапада 2017 году ў таварыскім матчы супраць зборнай Армэніі. Пазьней доўгі час не выклікаўся ў зборную, але зноў трапіў у ейны склад, калі згуляў 2 чэрвеня 2021 году ў таварыскім матчы супраць зборнай Азэрбайджану (1:2), зьявіўшыся на зьмену ў другім тайме.
Клюб | Сэзон | Чэмпіянат | ||
---|---|---|---|---|
Дывізіён | Матчы | Галы | ||
Дынама Берасьце | 2015 | Найвышэйшая ліга | 8 | 1 |
2016 | Найвышэйшая ліга | 12 | 1 | |
2017 | Найвышэйшая ліга | 22 | 1 | |
2018 | Найвышэйшая ліга | 16 | 3 |