Пале́сьсе (мясцовае: Полісьсе, па-ўкраінску: Полісся, па-польску: Polesie, па-расейску: Полесье) — гістарычна-этнічны[1] і фізыка-геаграфічны рэгіён, разьмешчаны на тэрыторыі Палескай нізіны. Палесьсе знаходзіцца ў складзе чатырох дзяржаваў: Беларусі, Украіны, Польшчы і Расеі. Агульная плошча Палесься складае каля 130 тыс. км².[2][3]
Палесьсе знаходзіцца ў паўднёва-заходняй частцы Ўсходнеэўрапейскай раўніны, пераважна паабапал беларуска-ўкраінскай мяжы, а таксама часткова ў Польшчы (Люблінскае ваяводзтва) і Расеі (Бранская вобласьць). Сярэдняя вышыня — 100—250 м над узроўнем мора.
Асноўныя рэкі — Прыпяць, Дняпро (у сярэдняй плыні), Дзясна.
Палесьсе — адна з найбольшых балотных тэрыторыяў у Эўропе. У 1960—1980-я значныя абшары Палесься былі асушаныя падчас мэліярацыі.
Беларускае Палесьсе займае паўднёвыя раёны Берасьцейскай і Гомельскай абласьцей. Падзяляецца на Заходняе і Ўсходняе Палесьсе. Умоўнай мяжой паміж Заходнім і Ўсходнім Палесьсем лічыцца Ясельда і Гарынь, а таксама дзялянка Прыпяці паміж вусьцямі гэтых рэчак[4]. Апроч таго, Беларускае Палесьсе таксама падзяляюць на Берасьцейскае, Прыпяцкае, Гомельскае ды Мазырскае[5]. Загародзьдзе — мясцовасьць на поўдні Берасьцейскай вобласьці, асноўная частка Берасьцейска-Пінскага Палесься[6].
Украінскае Палесьсе ўяўляе сабою шырокую амаль стокілямэтровую паласу на поўначы краіны і складае каля 19% ад усёй тэрыторыі Ўкраіны.[7] У залежнасьці ад разьмяшчэньня адносна Дняпра падзяляецца на правабярэжнае і левабярэжнае Палесьсе. Паводле прыродна-геаграфічных і адміністрацыйных (у залежнасьці ад Адміністрацыйнага падзелу Ўкраіны) асаблівасьцяў вылучаюць пяць фізыка-геаграфічных абласьцей: Валынскае Палесьсе, Жытомірскае Палесьсе, Кіеўскае Палесьсе, Чарнігаўскае Палесьсе і Ноўгарад-Северскае Палесьсе.[8]
У Польшчы да Палесься належаць некаторыя рэгіёны Люблінскага ваяводзтва, а менавіта даліна Буга ў раёне Волі-Ўргускай і Ленчыцка-Ўлодаўскае паазер'е (Люблінскае Палесьсе.[9] Заходняя мяжа Люблінскага Палесься праходзіць па рацэ Вепш.[1]
Бранска-Жыздрынскае Палесьсе знаходзіцца на тэрыторыі Бранскай вобласьці Расеі.[1]
Жыхары Палесься завуцца палешукамі.[10] Тэрмін «палешук» зьяўляецца экзаэтнонімам і як саманазва жыхарамі Палесься амаль не ўжываецца.
У этнічным пляне найбольшую цікавасьць уяўляюць заходнія палешукі — усходнеславянская этнічная супольнасьць, якая валодае некаторымі прыкметамі самабытнага, але не сфармаванага этнасу.[11] Яшчэ ў XIX ст. шэраг дасьледнікаў (Мітрафан Доўнар-Запольскі, Д. Шэндрык) фіксавалі наяўнасьць у заходніх палешукоў адметных асаблівасьцяў у фізычным абліччы.
Юльян Талька-Грынцэвіч на аснове антрапалягічных рысаў вылучаў паляшукоў у самастойную групу, адрозную ад беларусаў і ўкраінцаў. Павал Шпілеўскі, сьвядома адрозьніваў «палескую мову» ад беларускай і даволі дакладна пазначыў межы яе распаўсюду.[12] Павал Чубінскі вылучаў Палесьсе як асобны этнаграфічны раён[1]. Павал Баброўскі прыйшоў да высновы, што палешукі — самастойны народ.[13]
У канцы 1980-х некалькі энтузіястаў на чале з мовазнаўцам Міколам Шэляговічам заняліся кадыфікацыяй мовы на аснове паўднёваянаўскіх гаворак; аднак, у выніку справа скончылася практычна нічым у першую чаргу праз вузкую лякалізацыю абраных за аснову гаворак і мноства словаў, не характэрных для іншых гаворак Палесься.[14]
Таксама Палесьсем часта завуць раўнінныя тэрыторыі, уласьцівыя раёнам распаўсюду старажытных алювіяльных і флювіягляцыяльных адкладаў (галоўным чынам пяскоў) у краявой паласе мацерыковага зьледзяненьня Эўропы (напрыклад, Палеская нізіна, Мяшчэрская нізіна, раўніны ўсходніх раёнаў Польшчы).
|
|