Паўночны паток

Трубаправод
«Паўночны паток»
рас. «Северный поток»

Мапа газаправоду
Месцазнаходжаньне
Краіна Расея, Нямеччына
Вобласьць Ленінградзкая вобласьць, Мэкленбург — Пярэдняя Памяранія
Агульны кірунак з усходу на захад
Пачатак Выбарг
Праляганьне Фінская затока, Балтыйскае мора
Канец Любмін (акруга Пярэдняя Памяранія-Грайфсвальд)
Агульныя зьвесткі
Від газаправод
Стан пашкоджаны
Уласьнік «Паўночны паток» (Швайцарыя)
Праектавальнік «Рамбол» (Данія)
Падраднік «Эўратруба» (Паўночны Райн — Вэстфалія)
Трубаўкладнік «Італьянскае сьвідраваньне і зборка» (Лямбардыя)
Пачатак пракладкі 15 студзеня 2010 (14 гадоў таму)
Кошт 14,8 млрд эўра
Дата пуску 8 лістапада 2011 (13 гадоў таму)
Дата закрыцьця 31 жніўня 2022 (2 гады таму)
Тэхнічныя зьвесткі
Даўжыня 1222 км
Прапускная здольнасьць 55 млрд м³/год
Прамер трубы 122 см
Кампрэсарныя станцыі «Партовая»
Падвадны трубаправод «Гразавец — Выбарг»
Адводы «Паўночнаэўрапейскі газаправод», «Трубаправод Балтыйскага мора»

«Паўночны паток-1» (ням. Nord + анг. Stream) — магістральны газаправод між Расеяй і Нямеччынай на дне Балтыйскага мора, запушчаны ў лістападзе 2011 году.

Быў самым доўгім падводным маршрутам экспарту газу ў сьвеце[1], яго даўжыня — 1 224 км[2]. Уладальнік і апэратар — швайцарская кампанія Nord Stream AG. Газаправод быў марской часткай адной з галінак сыстэмы газаправодаў «Ямал — Эўропа». Акрамя «Паўночнага патоку», у галінку ўваходзяць газаправод «Гразавец — Выбарг» у Расеі і газаправоды OPAL і NEL у Нямеччыне.

У праекце бяруць удзел Расея, Нямеччына, Нідэрлянды і Францыя; супраць яго рэалізацыі выступалі краіны транзыторы расейскага газу і краіны Прыбалтыкі. Мэты праекта — павелічэньне паставак газу на эўрапейскі рынак і зьніжэньне залежнасьці ад транзытных краін.

15 студзеня 2007 году Аляксандр Лукашэнка назваў будаўніцтва газаправоду «самым дурным праектам Расеі». «Невядома, што можа адбыцца з гэтым газаправодам, які ляжыць на кучы боепрыпасаў», — заявіў Лукашэнка. Ён дадаў, што Паўночна-Эўрапейскі газаправод можа ўвайсьці ў кнігу рэкордаў Гінэса, і прапанаваў замест яго пракласьці другую нітку газаправода «Ямал—Эўропа». «Будаўніцтва „Газпрамам“ балтыйскага газаправоду — гэта што, нармальная палітыка? Што, мы можам весьці з такім кіраўніцтвам нармальныя перамовы?» — задаўся пытаньнем Лукашэнка. Камэнтуючы выступ Лукашэнкі, крыніца ў Крамлі заявіла РІА Навіны: «Гэтыя словы зьяўляюцца яшчэ адным добрым пацьверджаньнем неабходнасьці будаўніцтва такога трубаправоду».[3]

30 лістапада 2005 году «Газпрам» (Расея), «Бадэнскі аніліна-содавы завод» (зямля Райнлянд-Пфальц) і «Эон» (Эсэн) заснавалі ў Швайцарыі сумеснае прадпрыемства «Паўночна-Эўрапейскі газаправод», якое 4 лістапада 2006 году перайменавалі ў «Паўночны паток».

Пракладка трубаводу пачалася ў красавіку 2010 году. У верасьні 2011 году пачата запаўненьне тэхналягічным газам першай зь дзьвюх нітак.

8 лістапада 2011 году пачаліся пастаўкі газу па першай нітцы газаправоду[4].

18 красавіка 2012 году была скончана другая нітка. 8 кастрычніка 2012 году пачаліся пастаўкі газу па дзьвюх нітках газаправода ў камэрцыйным рэжыме.

У 2018—2019 пачалося будаўніцтва паралельнай галіны газаправода Паўночны паток-2, адкрыцьцё якой павінна было павялічыць транзыт да 110 млрд м³.

Праца падчас расейска-ўкраінскай вайны

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

31 жніўня 2022 году «Газпром» у сувязі з рамонтам адзінай турбіны, якая засталася на кампрэсарнай станцыі «Партовая» ў Ленінградзкай вобласьці спыніў пастаўкі газу па трубаправодзе «Паўночны паток». Кампанія заявіла, што прапампоўку паліва павінны аднавіць раніцай 3 верасьня ў аб’ёме 33 мільёны м3/сут, што складае 20% ад магутнасьці газаправода. У сувязі з гэтым аб’явай цэны на газ у Эўропе паднялі вышэй 3000 $/м3[5].

У той жа дзень, па паведамленьні Reuters, кіраўнік «Газпрому» Аляксей Мілер заявіў, што заходнія санкцыі не дазваляюць Siemens Energy праводзіць рэгулярнае тэхнічнае абслугоўваньне абсталяваньня газаправоду «Паўночны паток-1». «Газпрам» назваў няспраўнае або затрыманая абсталяваньне асноўнай прычынай скарачэньня паставак па «Паўночным патоку». Siemens Energy, якая звычайна абслугоўвае турбіны, раней заявіла, што не ўдзельнічае ў працах па тэхнічным абслугоўваньні, якія праводзяцца «Газпрамам» на кампрэсарнай станцыі[6].

26 верасьня 2022 году зафіксавана рэзкае падзеньне ціску ў газаправодах «Паўночны паток» і «Паўночны паток-2»[7]. Апэратар праекта Nord Stream AG паведаміў, што разбурэньні, якія адбыліся ў адзін дзень адначасова ў трох месцах, носяць «беспрэцэдэнтны характар». Выцек адбыўся за дзень да запуску Балтыйскага газаправоду, па якім газ з Нарвэгіі будзе паступаць у Польшчу. Кампанія адзначае, што тэрміны аднаўленьня пакуль ацаніць немагчыма. Чыноўнікі Нямеччыны, Даніі і Польшчы падазраюць, што прычынай надзвычайнага здарэньня стала дывэрсія[8]. Службы бясьпекі Нямеччыны мяркуюць, што тры трубы газаправодаў могуць назаўжды апынуцца непрыдатнымі для выкарыстаньня[9].

Галоўны дыплямат ЭЗ Жузэп Барэль зазначыў, што гэта не магло быць выпадковасьцю. Барэль ад імя Эўразьвязу выказаў глыбокую занепакоенасьць з нагоды пашкоджаньняў, нанесеных абодвум «Паўночным патокам», і магчымых наступстваў для бясьпекі суднаходзтва і навакольнага асяродзьдзя. «Гэтыя інцыдэнты не выпадковае супадзеньне і ўплываюць на ўсіх нас. Уся інфармацыя, што маецца, паказвае на тое, што выцекі сталі вынікам наўмысных дзеяньняў. Мы падтрымаем любое расьсьледаваньне, накіраванае на высьвятленьне поўнай карціны таго, што і чаму адбылося, і будзем рабіць далейшыя крокі для павышэньня нашай устойлівасьці ў сфэры энэргетычнай бясьпекі. Любое наўмыснае прычыненьне шкоды эўрапейскай энэргетычнай інфраструктуры абсалютна непрымальнае і атрымае жорсткі і аб’яднаны адказ», — заявіў вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах[10].

18 лістапада 2022 году Служба дзяржаўнай бясьпекі Швэцыі паведаміла пра выяўленьне на месцы 4-х выбухаў у Балтыйскім моры рэштак выбуховых рэчываў і староньніх прадметаў, якія не належалі да частак 3-х падарваных нітак газаправодаў «Паўночны паток-1» і «-2». З гэтай нагоды швэдзкі пракурор Матс Юнгквіст заявіў, што выбухі на газаправодах — гэта дывэрсія. У пашкоджаных газаправодах знаходзілася каля 800 млн кубамэтраў прыроднага газу, што складала 3-месячны памер яго спажываньня ў Даніі. У выніку Праграма навакольнага асяродзьдзя ААН (Кенія) ацаніла выкіды высокаканцэнтраванага мэтану ў якасьці найбуйнейшых сярод зарэгістраваных, бо іх шлейф было відаць на спадарожнікавых здымках. Папярэдне, на пачатку лістапада, АТ «Паўночны паток» (Швайцарыя) паведаміла пра выяўленьне на пашкоджаных газаправодах 2-х выбуховых вырваў глыбінёй ад 3-х да 5 мэтраў, якія знаходзіліся за 248 мэтраў адна ад адной. Абломкі трубаў раскідала па дне ў радыюсе 250 мэтраў[11].

Год 2011[12] 2012 2013 2014 2015 2016 2017 2018 2019 2020 2021
Аб’ём паставак, млрд м³ 0,66 11,5 23,8 35,5 39,1 43,8 51 58,8 58,5[13] 59,3[14] 59,2[15]
Нарастаючым вынікам, на канец года, млрд м³ 205,3 264,1 322,6 381,9 441,1
Сярэднягадавая загрузка 33 % 43 % 65 % 71 % 80 % 93 % 106,9 % 106,4 % 107,8 % 107,6 %
  1. ^ Виталий Лукашов (2010-10-08) «Северный поток»: технический шедевр и знак партнерства. Россия-24Праверана 2012-10-15 г. Архіўная копія ад 9 кастрычніка 2012 г.
  2. ^ «Северный поток» (Nord Stream). Газпром. Праверана 29 красавіка 2016 г. Архіўная копія ад 19 верасня 2015 г.
  3. ^ Лукашенко назвал «самый дурацкий проект России». Lenta.ru (14 января 2007). Праверана 2010-08-14 г. Архіўная копія ад 15 студзеня 2012 г.
  4. ^ Глава «Газпрома» Алексей Миллер на встрече с премьером РФ Владимиром Путиным в понедельник, 3 октября, сообщил дату запуска первой нитки газопровода «Северный поток» — 8 ноября. http://er.ruПраверана 2011-10-3 г. Архіўная копія ад 20 мая 2013 г.
  5. ^ "Газпром" на три дня остановил поставки газа по "Северному потоку"
  6. ^ Gazprom head says 'sanctions confusion' means Siemens cannot service Nord Stream 1 -Interfax 2022-08-31 г. Праверана 2022-09-02 г.
  7. ^ На «Северном потоке-1» упало давление после аналогичного инцидента на «Северном потоке-2»
  8. ^ Европа подозревает диверсию на «Северных потоках»
  9. ^ Tagesspiegel: «Северные потоки» после взрывов могут не заработать 2022-09-28 г.
  10. ^ «Гэта не выпадковае супадзеньне»: ЭЗ адрэагаваў на выцек на газаправодах «Паўночны паток», Радыё Свабода, 28-09-2022
  11. ^ Служба бясьпекі Швэцыі: газаправоды «Паўночнага патоку» былі разбураныя ў выніку дывэрсіі // Беларуская служба Радыё «Свабода», 18 лістапада 2022 г. Праверана 20 лістапада 2022 г.
  12. ^ «Северный поток» поставил исторический рекорд загрузки. Техноблог (2017-01-17). Праверана 2018-01-20 г. Архіўная копія ад 2018-01-20 г.
  13. ^ Nord Stream в 2019 году сохранил объем поставок по "Северному потоку". ТАСС (2020-01-29). Праверана 2020-03-26 г. Архіўная копія ад 2020-03-26 г.
  14. ^ Михаил Загайнов, Сергей Тихонов (2021-08-19) "Газпром" спрогнозировал объемы поставок газа по "Северному потоку-2". Российская газета. Праверана 2021-09-13 г. Архіўная копія ад 2021-09-13 г.
  15. ^ По газопроводу «Северный поток» в 2021 году транспортировано 59,2 млрд куб. м природного газа. Nord Stream (2022-02-07). Праверана 2022-02-07 г. Архіўная копія ад 2022-02-07 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]