Пратэсты 8888 | |||
Адзначэньне гадавіны паўстаньня (8 жніўня 2001) | |||
Дата | 12 сакавіка 1988 — 21 верасьня 1988 (36 гадоў таму) | ||
---|---|---|---|
Месца | М’янма | ||
Прычыны | * Вывад з абарачэньня грошай без кампэнсацыі
| ||
Мэты | Дэмакратыя | ||
Спосабы | * Грамадзянскае непадпарадкаваньне | ||
Вынік | Жорстка здушаны | ||
Атрыманыя саступкі | * Паабяцаныя выбары (вынікі не прызнаныя)
| ||
Удзельнікі канфлікту | |||
| |||
Ключавыя асобы | |||
Колькасьць | |||
Страты | |||
Забітыя | |||
Параненыя | невядома | ||
Арыштаваныя | невядома |
Грамадзянскі канфлікт у М’янме |
---|
Узброеныя канфлікты |
Пратэсты і зьмены ўрадаў |
Тэрарыстычныя напады |
Антымусульманскі гвалт |
Усенацыяна́льныя наро́дныя прадэмакраты́чныя пратэ́сты 8888 — сэрыя грамадзянскіх акцыяў у М’янме ў 1988 року. Ключавыя падзеі пачаліся 8 жніўня 1988, таму акцыі атрымалі агульную назву паўстаньне 8888[6].
Прычынамі пратэстаў стала катастрафічная палітыка кіруючага з 1962 року рэжыму Партыі бірманскай сацыялістычнай праграмы на чале з генэралам У Нэ Вінам. За гэты пэрыяд М’янма стала адной з найбяднейшых краінаў сьвету[7][8][9]. Пасьля таго, як 5 верасьня 1987 року Нэ Він загадаў вывесьці з абарачэньня новаўведзеныя банкноты наміналам 100, 75, 35 і 25 к’ятаў, пакінуўшы толькі 45-ці і 90-к’ятавыя, бо гэтыя лічбы дзяліліся на 9[10], узбунтаваліся студэнты Янгонскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту. Пасьля вулічных непарадкаў унівэрсытэты Янгону былі зачыненыя, а студэнты распушчаныя па дамох. Але весткі аб пратэстах, хоць і мала асьветленыя дзяржаўнымі СМІ, распаўсюдзіліся ў студэнцкім асяродку[11].
У кастрычніку ўнівэрсытэты ўзнавілі заняткі, і ў Янгоне ды Мандалаі пачалі распаўсюджвацца дысыдэнцкія ўлёткі, адбыліся нязначныя пратэсты. У сакавіку 1988 року дзеля разгону студэнтаў, незадаволеных вайсковым кіраваньнем, паліцэйскім гвалтам, эканамічным заняпадам і карупцыяй ва ўрадзе[12], паліцыі давялося ўжываць спэцсродкі, падчас якіх загінулі некалькі чалавек[11], некалькі былі згвалтаваныя[13]. Унівэрсытэты зноў былі зачыненыя на некалькі месяцаў[14]. Да чэрвеня 1988 шырокамаштабныя забурэньні ахапілі Пэгу, Мандалай, Тавой, Таўнгу, Сытвэ, Пакоўку, М’ейк, Мінбу і Мыічыну[15]. Пад іхнім ціскам і патрабаваньнем шматпартыйнае дэмакратыі 23 ліпеня У Нэ Він пакінуў свой пост[14], аднак прызначыў замест сябе кіраўніком новага ўраду ненавіснага ўсім Сэйна Львіна[16], вядомага па мянушцы «Рангунскі мясьнік»[17][a].
Студэнты прызначылі ўсенацыянальную дэманстрацыю на 8 жніўня 1988 року. З пачатку жніўня па ўсёй краіне пачалі стварацца падпольныя студэнцкія камітэты. У гэты час вольна друкаваліся дысыдэнцкія газэты, паўсюль уздымаліся сьцягі з байцовым пеўнем, адбываліся маршы і прамовы[18].
У першыя дні пратэстаў у Янгоне актывісты зьвярнуліся да адвакатаў і манахаў у Мандалаі з заклікам далучыцца да акцыі[19]. Студэнтаў падтрымалі працаўнікі розных сфэраў, ад урадоўцаў да настаўнікаў і лекараў. На 10-тысячнай дэманстрацыі ля пагады Суле былі спаленыя лялькі(en) Нэ Віна і Сэйна Львіна ў трунах, аблепленых скасаванымі банкнотамі[10]. 3 жніўня ўлады ўвялі камэнданцкі час ад 20-й да 4-й гадзінаў і забаранілі зьбірацца больш чым упяцёх[20].
8 жніўня 1988 адбыўся ўсеагульны страйк з удзелам этнічных меншасьцяў, будыстаў, мусульманаў, студэнтаў, працоўных, старых і малых[10]. Асноўныя падзеі адбываліся ў Янгоне, дзе мірныя маршы праходзілі штодзень да 19 верасьня[19]. Пратэстоўцы цалавалі боты жаўнераў з намерам пераканаць іх далучыцца да грамадзянскага пратэсту, а некаторыя нават ахоўвалі афіцэраў ад магчымых нападаў[21][22]. Студэнцкія пратэсты распаўсюдзіліся на ўсю краіну[3][7]. Іх падтрымалі сотні тысячаў манахаў, дзяцей, хатніх гаспадыняў і лекараў[23][24]. Урад, уражаны маштабам пратэстаў, паабяцаў зьвярнуць увагу на патрабаваньні дэманстрантаў «у такой ступені, як гэта будзе магчыма»[20].
Аднак пазьней Нэ Він аддаў загад страляць па мітынгоўцах[3][10][25]. У адказ апошнія ўжылі кактэйлі Молатава, мечы, нажы, камяні, атручаныя дротыкі і матацыклетныя сьпіцы[10]. 10 жніўня жаўнеры расстралялі мэдсёстраў і дактароў Агульнага шпіталю Янгону, якія даглядалі хворых[26]. Колькасьць загінулых у пратэстах 8-8-88 вагаецца ад некалькіх сотняў да 10 000[3][4][5]; афіцыйныя ж улады называюць лічбу ў 95 забітых і 240 параненых[27].
Пасьля нечаканага і невытлумачальнага сыходу Львіна з пасады 12 жніўня пратэстоўцы апынуліся ў разгубленасьці і трыюмфавалі. 19 жніўня кіраўніком ураду стаў прадстаўнік навукоўцаў Маунг Маунг, біёграф Нэ Віна[28], адзіны невайсковец у вярхушцы Партыі бірманскай сацыялістычнай праграмы[2]. На кароткі час гэта спыніла пратэсты.
22 жніўня ўсенацыянальныя дэманстрацыі ўзнавіліся. У Мандалаі ў іх узялі ўдзел 100 000 чалавек, у Сытвэ — 50 000[2]. Праз два дні да пратэстаў далучыліся дактары, манахі, музыкі, акторы, юрысты, вэтэраны і чыноўнікі[29]. 26 жніўня Аўн Сан Су Чжы, якая была занятая даглядам за хворай маці[30], выйшла на палітычную арэну, зьвярнуўшыся да паўмільённага натоўпу ў пагадзе Швэдагон[29]. З гэтага моманту яна стала сымбалем барацьбы М’янмы, асабліва ў вачох Захаду[31].
На верасьнёўскім кангрэсе 90% дэлегатаў (968 з 1080) прагаласавалі за ўвядзеньне шматпартыйнае сыстэмы[29]. ПБСБ абвясьціла пра намер правесьці выбары, але апазыцыйныя партыі заклікалі неадкладнага яе сыходу з улады і фармаваньня на час выбарчае кампаніі пераходнага ўраду. Пасьля таго, як ПБСБ адхіліла абодва патрабаваньні, пратэстоўцы зноў выйшлі на вуліцы[29]. Штодзённыя дэманстрацыі працягнуліся ў спадзевах дабіцца ад ураду выкананьня патрабаваньняў пратэстоўцаў, пераканаць вайскоўцаў пераходзіць на іхні бок, а таксама ў чаканьні міжнароднае вайсковае дапамогі ад ААН або ЗША[32]. На бок мітынгоўцаў перайшла нязначная частка вайскоўцаў, у асноўным з флёту[33].
У сярэдзіне месяца пратэсты сталі больш агрэсіўнымі, жаўнеры правакавалі дэманстрантаў на сутычкі, якія сканчаліся перамогай вайскоўцаў[34]. 18 верасьня ў выніку вайсковага перавароту быў створаны Дзяржаўны савет аднаўленьня закону і парадку (ДСАЗП). Генэрал Со Маунг скасаваў дзеяньне канстытуцыі, «увёўшы больш драконаўскія меры, чым за Нэ Вінам»[35]. Было ўведзенае ваеннае становішча, паўстаньне жорстка здушанае вайскоўцамі, якія без разбору стралялі ў пратэстоўцаў[36]. 21 верасьня хунта ўсталявала кантроль над краінай[36], у кастрычніку студэнцкі рух распаўся[37].
За час пратэстаў загінулі тысячы чалавек[3][4][5], хоць бірманскія ўлады называюць лічбу ў 350 забітых[38][39].
Пратэсты зрабілі нацыянальнай лідэркай Аўн Сан Су Чжы. Калі вайсковая хунта абвясьціла правядзеньне ў 1990 року выбараў, ейная партыя, Нацыянальная ліга за дэмакратыю, атрымала 80% месцаў ва ўрадзе (392 з 447)[40]. Аднак хунта адрынула гэтыя дэмакратычныя дасягненьні і паспрабавала ізаляваць Аўн Сан Су Чжы пад хатнім арыштам.