Скаўтынг (па-ангельску: Scouting) — сусьветная дзіцячая арганізацыя. Яна займаецца фізычным, духоўным і разумовым разьвіцьцём маладых людзей так, каб моладзь магла заняць канструктыўнае месца ў грамадзтве. Гэта дасягаецца нефармальнай адукацыяй з акцэнтам на практычныя дзеяньні на адчыненым паветры, якая завецца скаўцкія мэтады. Рух скаўтаў быў заснаваны ў 1907 годзе адстаўным палкоўнікам брытанскага войска Робэртам Бадэн-Паўэлам. У цяперашні час скаўтынг мае больш 38 мільёнаў чальцоў у 217 краінах і тэрыторыях, прадстаўленых праз некалькі скаўцкіх асацыяцый на міжнародным узроўні. Працы Эрнэста Сэтан-Томпсана і Дэніэла Картэра Бэрда істотна паўплывалі на раньняе разьвіцьцё скаўтынга, гэтак жа як і на аснову руху традыцыйнага скаўтынга, якое ўзмацнілася за мінулыя некалькі гадоў.
Палкоўнік сэр Робэрт Бадэн-Паўэл заснаваў рух скаўтаў у 1907 годзе ў Вялікабрытаніі. Зародкі ідэі скаўтынга зьявіліся пры аблозе Мафекінгу (Паўднёвая Афрыка) падчас Другой бурскай вайны (1899—1902), дзе Бадэн-Паўэл служыў брыгадным камандзірам.
Дэвіз скаўтаў — «Напагатове!» (па-ангельску: Be Prepared); па-ангельску ён скарачаецца да першых літар гэтак жа, як прозвішча фундатара руху скаўтаў (B.P.).
Паходжаньне гэтай фразы зьвязана з зыходным мілітарысцкім характарам руху скаўтаў. Бадэн-Паўэл пісаў 12 лютага 1908 г. у артыкуле ў часопісе «Бойскаўтынг»: «Будзьце гатовыя памерці за сваю краіну, калі запатрабуецца; так што калі надыдзе момант, выходзьце з хаты з упэўненасьцю і бяз роздуму пра тое, заб’юць вас ці не.»
Аддзяленьні скаўтаў па ўсім сьвеце выкарыстаюць дэвіз «Напагатове!» на сваіх родных мовах.
25 сакавіка 2021 году Савет міністраў Беларусі ухваліў Пастанову № 168, паводле якой зацьвердзіў «Пералік грамадзкіх аб’яднаньняў..., у дачыненьні якіх пры арэндзе нерухомасьці да базавых ставак прымяняецца паніжальны каэфіцыент 0,1». Сярод 102 грамадзкіх аб’яднаньняў у Пераліку прысутнічала «Беларуская рэспубліканская скаўцкая асацыяцыя»[1].