Тахары | |
Рэгіёны пражываньня | Тарымская западзіна (паўночны захад суч. Кітаю) |
---|---|
Мовы | тахарскія |
Рэлігія | будызм, маніхейства |
Блізкія этнасы | іншыя індаэўрапейскія народы |
Таха́ры (таксама псэ́ўдатаха́ры) — тэрмін у гістарыяграфіі, пад якім вядомыя індаэўрапейскамоўныя насельнікі аазісных местаў-дзяржаваў на паўночнай ускраіне Тарымскае западзіны, што ў сучасным Сіньцьзян-Уйгурскім аўтаномным раёне, паўночны захад Кітаю. Размаўлялі на мовах, вядомых у лінгвістычнай і гістарычнай літаратуры пад аднайменным тэрмінам, якія належалі да індаэўрапейскае сям’і моваў і былі вядомыя дзякуючы пісьмовым помнікам пэрыяду VI—VIII стст. н.э., пасьля чаго былі выцесьненыя цюрскімі дыялектамі старажытных уйгураў, якія ўварваліся ў рэгіён.
Тэрмін таха́ры замацаваўся ў літаратуры ў сучасным разуменьні прыкладна з канца ХІХ ст., будучы запазычаным ад старажытнагрэцкага Τόχαροι, пад якім, аднак, меўся на ўвазе іншы індаэўрапейскі этнас, які насяляў Бактрыю (сучасныя заходні Таджыкістан і паўднёва-ўсходні Ўзбэкістан). Нягледзячы на памылковы характар падобнага атаясамліваньня, тэрмін стаўся трывалым у гістарычнай і лінгвістычнай літаратуры.
Шэраг дасьледчыкаў зьвязваюць тахараў з насельніцтвам Афанасьеўскай культуры (усходняя Сыбір, 3500 — 2500 тыс. гг. да н.э.), г.зв. Тарымскімі муміямі (1800 гг. да н.э.) і вядомымі паводле кітайскіх хронікаў плямёнамі юэчжы, большая частка якіх мігравала з захаду сучаснае правінцыі Ганьсу ў Бактрыю ў ІІ ст. да н.э., затым — на паўночны захад Індыйскага субкантынэнту, дзе імі было заснаванае Кушанскае царства.
Прыкладна напачатку ХХ ст. у Тарымскай западзіне археолягамі былі зьдзейсьненыя адкрыцьці вялікага корпусу пісьмовых помнікаў, перадусім рукапісаў, якія ўтрымлівалі тэксты на дзьвюх генэтычна блізкіх, але раней невядомых мовах індаэўрапейскага паходжаньня. Іншым тэкстам, знойдзеным на гэтай жа тэрыторыі, была будыйская праца на старажытнацюрскай мове, каляфон (прадмова) якой уключаў згадваньне пра пераклад гэтага тэксту з санскрыту праз мову toxrï, якую нямецкі ўсходазнаўца Фрыдрых Мюлер суаднёс зь невядомым маўленьнем новаадкрытых тэкстаў[1].
Падчас сваіх дасьледаваньняў Мюлер прыйшоў да высновы пра мэтазгоднасьць зьвязваньня назвы toxrï са старажытнагрэцкім экзаэтнонімам Τόχαροι, згаданым у ІІ ст. да н.э. Пталемэем і які датычыў апісаньняў Страбона адных з скіфскіх плямёнаў, якія ў сярэдзіне гэтага ж стагодзьдзя захапілі Грэка-Бактрыйскае царства. Кіруючыся ўласнымі меркаваньнямі, Мюлер акрэсьліў новаадкрытыя мовы тэрмінам тахарскія мовы (ням. Tocharisch). Уласна старажытнагрэцкі тэрмін, запазычаны Мюлерам, меў індаіранскую этымалёгію (параўн. ст.-пэрс. tuxāri-, хат.-сацк. ttahvāra, санскр. tukhāra), у сваю чаргу, значэньне старажытнагрэцкага Τόχαροι сучаснымі гісторыкамі часта асацыюецца з кітайскім тэрмінам юэчжы, якім пазначаліся плямёны, што сталі заснавальнікамі Кушанскага царства і размаўлялі на бактрыйскай мове (або на іншых ўсходнеіранскіх паўночных дыялектах) — мове, якая таксама належала да індаэўрапейскае сям’і моваў, але, у адрозьненьне ад моваў Тарымскае западзіны, уваходзіла ў склад індаіранскае галіны і была роднасная дыялектам скіфаў[2][3][4]. Іншы індаэўрапейскі этнас Тарымскае западзіны ня меў падобнае саманазвы, азначэньне тахар было перанесенае на іх памылкова кітайскімі й індыйскімі аўтарамі, дзякуючы якім гэты этнас і вядомы пад тэрмінам тахары. Такім чынам, тэрмін тахары ў больш дакладным дачыненьні дарэчны адносна этнасу індаіранскага паходжаньня, але ў сучасным, хоць і памылковым значэньні — у значэньні індаэўрапейскіх жыхароў Тарымскае западзіны, ён стаў трывалым у сучаснай літаратуры[1][5]. Неіранскі народ, які нацяпер вядомы як тахары, у мэтах адрозьненьня ад сапраўдных тахараў, таксама можа згадвацца як псэўдатахары.
У адпаведнасьці з сучасна прынятым азначэньнем індаэўрапейскага насельніцтва Тарымскае западзіны, мовы, вядомыя паводле пісьмовых крыніцаў рэгіёну і якія прыпісваюцца гэтаму насельніцтву, вядомыя пад тэрмінам таха́рскія мовы. Паасобку мовы вядомыя пад умоўнымі тэрмінамі тахарская А мова (або ўсходнетахарская ці турфанская) і тахарская В мова (або заходнетахарская ці кучанская). Паводле амэрыканскага археоляга Джэймза Мэлары з VI па VIII стст. н.э. саманазвай тахарскае В мовы меркавана быў прыметнік kuśiññe (літаральна кучанская або [мова] царства Кучы й Агні), тахарскай А — ārśi, якое гіпатэтычна можа мець значэньне «зіхатлівы, бліскучы», у прыватнасьці, тэксты на тахарскай А мове зьмяшчаюць выраз ārśi-käntwā («на мове Арсі»). Згодна з Дугласам Адамсам, у якасьці саманазвы тахараў выступала лексэма ākñi зь літаральным значэньнем памежных жыхароў або ўдзельнікаў выправаў. Францускі гісторык Бэрнар Сэржан прапаноўваў тэрмін аршы-кучанскія мовы, пазьней замяніўшы яго на агні-кучанскія[6].
У пісьмовых крыніцах тахары вядомыя з ІІІ па VIII стст. н.э.
На думку Дж. Мэлары і Віктара Мэйра носьбіты тахарскіх моваў засялілі тэрыторыі Тарымскае западзіны ў выніку міграцыяў са значна больш паўночных рэгіёнаў, дзе іхныя продкі, як лічыцца, складалі насельніцтва прадстаўнікоў Афанасьеўскае культуры. Дадзеная археалягічная культура адлюстроўвае генэтычныя сувязі зь іншымі індаэўрапейскімі культурамі, якія месьціліся ў стэпавых рэгіёнах Сярэдняй Азіі, якія пры гэтым існавалі раней за іншую індаэўрапейскую культуру Сярэдняй Азіі — Андронаўскую, якая заклала пачатак індаіранскім народам і існавала ў пэрыяд блізу ХХІ—Х стст. да н.э. Даандронаўскія культуры, імаверна, ізалявалі афанасьеўцаў ад лінгвістычных інавацыяў, якія былі ўласьцівыя індаіранцам, але адсутнічалі ў тахарскіх мовах (у прыватнасьці, ад сатэмізацыі праіндаэўрапейскіх вэлярных, якая, для параўнаньня, адбылася таксама ў славянскіх мовах)[7][8].
Прыкладна на 1800 гг. да н.э. прыпадаюць г.зв. тарымскія муміі, знаходжаньне якіх адбылося ў тым жа рэгіёне, дзе былі адшуканыя тэксты на тахарскіх мовах і фрэскі басэйну ракі Тарым (ІІІ—ІХ стст. н.э.). Абодва тыпы здабыткаў, хутчэй за ўсё, указваюць на індаэўрапейскі тып насельніцтва, зьяўляючыся сьведчаньнямі эўрапэоіднага насельніцтва з вачыма й валасамі сьветлае пігмэнтацыі. Тым ня менш, сувязь фрэсак і муміяў зьяўляецца недаведзенай.
У 2008 годзе паблізу Турфану былі знойдзеныя чарговыя рэшткі, якія належалі мужчыну. Як мяркуецца, астанкі належаць да прадстаўнікоў культуры Гушы, уласна астанкі былі пахаваныя з шэрагам паўсядзённых і культавых прадметаў (арфа, лук, каноплі). Генэтычны аналіз і радыёвугляродны аналіз сьведчаць, што пахаваньне адбылося прыкладна ў VIII ст. да н.э. У выніку раскопак было адшукана прыкладна 500 магілаў, зь якіх толькі дзьве ўтрымлівалі каноплі, што навяло дасьледчыкаў на думку пра пахаваньне на гэтых месцах шаманаў. У 2009 годзе рэшткі трыццаці чалавек, знойдзеных у іншым раёне (г.зв. магільны комплекс Сяохэ) былі абсьледаваныя на Y-храмасому й мітахандрыяльную ДНК, у выніку чаго дасьледчыкі прыйшлі да высновы пра пражываньне ў Тарымскай западзіне насельніцтва як заходняга, так і ўсходняга паходжаньня ўжо з раньняга Бронзавага веку. Людзі зь Сяохэ па матчынай лініі характарызуюцца пераважна ўсходнеазіяцкай гаплягрупай C і невялікімі дадаткамі паўднёвазаходнеазіяцкай H і заходнеазіяцкай K, тады як па бацькоўскай лініі адлюстраваная галоўным чынам заходнеэўразійская гаплягрупа R1a1a[9].
У часы прыблізна VI—VII стст. н.э., будучы выцесьненымі з тэрыторыяў сучаснае Манголіі, у Тарымскую западзіну ўварваліся цюрскія плямёны. Прыкладна ў гэты ж час адзначаецца выхад з ужываньня тахарскае В мовы, тахарскае насельніцтва, як мяркуецца, зазнала асыміляцыю й легла ў аснову будучага цюрскага ўйгурскага этнасу. Хутчэй за ўсё, тахарская А мова вымерла яшчэ раней, але захоўвалася да цюрскага ўварваньня ў функцыі літургічнае мовы.
Зыходзячы з гістарычных крыніцаў, тахары Тарымскае западзіны размаўлялі на дзьвюх асобных, але блізкароднасных мовах індаэўрапейскага паходжаньня, якія не ўваходзілі ў склад індаіранскае галіны індаэўрапейскае сям’і і ўтваралі ўласную галіну — тахарскую. У лінгвістычнай літаратуры тахарскія мовы могуць таксама ўпамінацца як дыялекты адзінае мовы. Асобныя тахарскія мовы вядомыя пад умоўнымі тэрмінамі тахарская А мова ды тахарская В мова. На думку некаторых мовазнаўцаў сярод усіх індаэўрапейскіх моваў тахарскія мовы асабліва збліжаюцца з анаталійскімі мовамі: у фаналёгіі, гэта, напрыклад, адсутнасьць паляталізацыі, прысутная ў геаграфічна блізкіх тахарскім мовам індаіранскіх.
Тахарская мова А вызначалася перш за ўсё арэалам, які месьціўся на ўсходзе Тарымскае западзіны, у той час як тахарская В засьведчаная ў асноўным на захадзе рэгіёну. Некаторыя моўныя сьляды, існыя ў тэкстах на пракрыце, складзеных у Тарымскай западзіне, ускосна сьведчаць пра наяўнасьць трэцяе тахарскае мовы, незафіксаванай ва ўласных пісьмовых помніках, гэтая мова вядомая пад умоўным тэрмінам тахарская С мова (або краранская). Першыя сьведчаньні тахарскіх моваў адносяцца толькі да VI ст. н.э., але ўскосныя сьведчаньні, напрыклад, розьніца між мовамі А і В і адсутнасьць рэштак тахарскіх моваў за межамі тахарскага арэалу дазваляюць лічыць, што гэтыя мовы існавалі ў паселішчах тахараў ужо напрыканцы І тыс. да н.э.
Асаблівасьцю тахарскіх моваў сярод іншых індаэўрапейскіх моваў усходняе часткі індаэўрапейскага арэалу была наяўнасьць у тахарскіх кентумных рысаў, што адрозьнівала іх ад астатніх усходніх індаэўрапейскіх моваў, якія належалі да ізаглёсы сатэм. Адкрыцьцё тахарскіх моваў паклала канец ранейшым гіпотэзам, згодна зь якімі падзел індаэўрапейскіх моваў на мовы кентум і сатэм супадаў з дыфэрэнцыяцыяй захаду й усходу адпаведна.
Тахарская А мова, верагодна, у параўнаньні з тахарскай В раней выйшла з ужытку, што тлумачыцца больш ізаляваным, а значыць, больш абароненым разьмяшчэньнем арэалу тахарскае В мовы[10]. Характар пісьмовага ўжываньня тахарскае А мовы ў літаратуры выключна на рэлігійную тэматыку сьведчыць на карысьць таго, што тахарская А мова пасьля свайго выміраньня працягвала функцыянаваньне як літургічная мова мясцовага будызму, а тахарская В працягвала прымяняцца як жывая мова паўсядзённых зносінаў, пры гэтым на тэрыторыях носьбітаў тахарскае В мовы ў рэлігійным выкарыстаньні ўжываліся абедзьве мовы[11].
Запісваліся сылябічным пісьмом, мадыфікацыяй сылябічнай індыйскай азбукі брагмі. Прынцып пісьма засноўваўся на тым, што кожны знак пазначаў камбінацыю тыпу Ca (дзе C — любы зычны), зьмяненьне галоснага або яго прыбраньне ажыцьцяўлялася пры даданьні дыякрытычных знакаў. Брагмі было занесенае дзякуючы культурным кантактам з індыйцамі (якія дадаткова паспрыялі зварачэньню ў будызм), тахары маніхейскага вызнаньня карысталі маніхейскае пісьмо.
Тахары, пражываючы ў мясцовасьцях уздоўж Вялікага шоўкавага шляху, мелі кантакты з кітайцамі, пэрсамі, індусамі й плямёнамі цюрак. У І ст. н.э., дзякуючы кушанскім місіянэрам, якія прыйшлі з поўначы Індыі, тахары былі зварочаныя ў будызм, пасьля чаго тахары й кушаны, верагодна, адыгралі ролю ў распаўсюджваньні будызму ў Кітаі. Іншая частка тахараў вызнавала маніхейства[12]. Паводле зьвестак кітайскіх летапісцаў падчас кіраваньня кітайскага імпэратара Цынь Шыхуандзі побач з сапраўднымі тахарамі (то бок, юэчжы) суіснавалі псэўдатахары (то бок, этнас, вядомы цяпер як тахары), якія актыўна ўзаемадзейнічалі зь першымі.
Элемэнты тахарскае культуры захоўваліся прынамсі да VII ст. н.э., чаму спрыяла ізаляцыя пустэльняй Такла-Макан. Пазьней у рэгіён уварваліся цюрскія плямёны Манголіі, якія паступова асымілявалі тахараў і заклалі пачатак уйгурскаму этнасу.