тунгуса-маньчжурская сям'я | |
Народнасьць | тунгуса-маньчжурскія народы |
---|---|
Арэал | Усходняя Сыбір, Маньчжурыя |
Лінгвістычная клясыфікацыя | уваходзіць у алтайскую сям'ю (гіпатэтычна)
|
Склад |
паўночныя
паўднёвыя
|
Колькасьць носьбітаў | 40 000 — 120 000 чал. |
ISO 639-5: | tuw |
Тунгуса-маньчжурскія мовы на мапе сьвету
|
Тунгу́са-маньчжу́рскія мовы — сям'я моваў, распаўсюджаная ва Ўсходняй Сыбіры і Маньчжурыі, на мовах якой размаўляюць тунгуса-маньчжурскія народы. Многія з тунгуса-маньчжурскіх моваў знаходзяцца пад пагрозаю зьнікненьня, праз што доўгатэрміновая будучыня сям'і зьяўляецца нявызначанай.
Традыцыйна лічыцца як частка алтайскае моўнае сям'і, у якую ўваходзіць разам зь цюрскай і мангольскай сем'ямі, аднак паводле іншых дасьледаваньняў алтайская сям'я можа зьяўляцца толькі моўным зьвязам.
Лінгвістычныя дасьледаваньні прапаноўваюць розныя варыянты для ўнутранае клясыфікацыі тунгуса-маньчжурскіх моваў, для чаго выкарыстоўваюцца марфалягічныя, фанэтычныя й лексычныя крытэры. Адной з падобных характарыстык, якая на цяперашні момант зьяўляецца найбольш распаўсюджанай, падае наступны падзел тунгуса-маньчжурскіх моваў, згодна зь якім мовы падзяляюцца на паўночную і паўднёвую галіны[1].
Чжурчжэньская ды маньчжурскія мовы фактычна зьяўляюцца храналягічнымі этапамі разьвіцьця аднае мовы, адрозьненьне ў назвах зьвязанае з успрыняцьцем у XVII ст. чжурчжэнямі этноніму «маньчжуры». Маньчжурская мова зьяўляецца адзінай тунгуса-маньчжурскай мовай, якая мае сталую літаратурную традыцыю, якая ўзыходзіць да ХІІ ст.; гэтая акалічнасьць зьяўляецца важнай пры рэканструкцыі протатунгуса-маньчжурскае мовы. Адным з найважнейшых старажытных чжурчжэньскіх тэкстаў зьяўляецца стэла ў гонар перамогі дынастыі Цьзінь, адбудаваная ў 1185 годзе. Стэла зьмяшчае скарочаны пераклад па-кітайску[2].
Тунгуса-маньчжурскія мовы адзначаюцца аглютынацыяй у марфалёгіі, некаторыя з моваў сям'і маюць складаныя склонавыя сыстэмы й складаныя паказчыкі часу ды віду. Фанэтыка адзначаецца наяўнасьцю гармоніі галосных. Маюцца падабенствы ў лексыцы.
Тунгуса-маньчжурскія мовы, зьяўляючыся складовай часткай алтайскай моўнай сям'і, традыцыйна былі зьвязаныя з мангольскімі ды цюрскімі мовамі. Паводле іншых дасьледаваньняў, тунгуса-маньчжурскія мовы могуць мець таксама сувязі з карэйскай, японскай і айнскай мовамі.