Форд супраць Фэрары | |
па-ангельску: Ford v. Ferrari | |
Жанр | біяграфічны фільм, драматычны фільм і баявік[d] |
---|---|
Рэжысэр | |
Сцэнарыст | |
Заснаваны на | Go Like Hell[d] |
Прадусар | |
У ролях |
|
Кампазытар | |
Апэратар | |
Мантаж | Майкл Макаскер[d] |
Вытворчасьць | Chernin Entertainment[d], 20th Century Fox і Walt Disney Studios Motion Pictures[d] |
Распаўсюд | Walt Disney Studios Motion Pictures[d] і Дыснэй+[d] |
Дата выхаду | 28 чэрвеня 2019, 15 лістапада 2019, 14 лістапада 2019[2] і 13 лістапада 2019 |
Працягласьць | 152 хвіліна |
Краіна | |
Мова | ангельская мова |
Бюджэт | 97 600 000 $[3] |
Прыбытак | 172 535 062 $ |
Старонка на IMDb | |
Афіцыйны сайт |
«Форд су́праць Фэра́ры» (па-ангельску: Ford v Ferrari) — амэрыканскі спартова-драматычны фільм 2019 году[4] рэжысэра Джэймза Мэнгалда. Сцэнар быў падрыхтаваны Джэзам Батэрўортам, Джонам-Гэнры Батэрўортам і Джэйсанам Келерам. Галоўныя ролі выканалі Мэт Дэйман і Крыстыян Бэйл. Акрамя таго ў фільме здымаліся Джон Бэрнтал, Катрына Бэлф, Трэйсі Лэтс, Джош Лукас, Ноа Джуп, Рэма Джыронэ і Рэй Макінан. Сусьветная прэм’ера «Форд супраць Фэрары» адбылася на Тэлурайдзкім кінафэстывалі 30 жніўня 2019 году. У кінатэатрах фільм зьявіўся ў ЗША 15 лістапада 2019 году студыяй Walt Disney Studios Motion Pictures праз сваё падразьдзяленьне 20th Century Fox. Фільм зарабіў 225 мільёнаў даляраў па ўсім сьвеце і атрымаў высокую ацэнку крытыкаў.
У 1963 годзе віцэ-прэзідэнт кампаніі Ford Motor Company Лі Якока (Джон Бэрнтал) прапануе Гэнры Форду II (Трэйсі Лэтс) набыць італьянскую кампанію Ferrari як сродак дзеля павелічэньня продажаў сваіх аўтамабіляў, дзякуючы сталаму ўдзелу італьянцаў у прэстыжнай гонцы 24 гадзіны Лё-Мана. Аднак Энца Фэрары (Рэма Джыронэ) выкарыстоўвае прапанову Форда дзеля заключэньня больш прывабнай дамовы з кампаніяй Fiat, якая дазваляе яму захаваць у поўнай уласнасьці аддзел, які адказвае за гоначную кампанію. Адхіляючы прапанавову з Ford, Ferrari таксама наўмысна абражае і Ford Motor, і ўласна Гэнры Форда II. У адказ раз’юшаны Форд загадвае свайму гоначнаму аддзелу пабудаваць аўтамабіль, каб перамагчы Фэрары ў гонцы ў Лё-Мане. Дзеля гэтае задачы Якака наймае амэрыканскага ўладальніка кампаніі Shelby Кэрала Шэлбі (Мэт Дэйман), былога кіроўцу, які здабываў перамогу ў гонцы яшчэ ў 1959 годзе, але быў вымушаны сысьці на пэнсію праз стан сэрца. У сваю чаргу Шэлбі зьвяртаецца па дапамогу да свайго сябра Кена Майлза (Крыстыян Бэйл), вэтэрана Другой сусьветнай вайны і апантаннага брытанскага гоншчыка і мэханіка.
Шэлбі і Майлз тэстуюць прататып Ford GT40 Mk I у міжнародным аэрапорце Лос-Анджэлеса, знаходзячы ўсе недахопы мадэлі ў дызайне, рыхтуючы аўтамабіль да гонкі. Мяркуючы, што Майлз ня ёсьць іхным ідэальным кіроўцам, Форд вырашыў адправіць Філа Гіла (Джэймз Т. Полсан) і Бруса Макларэна (Бэнджамін Рыглі) на гонку 24 гадзіны Лё-Мана 1965 году. Як і прадказваў Майлз, аніхто з Фордавых гоншчыкаў ня скончыў свае заезды. У той час як Форд разглядае гэтую сытуацыю як зьневажальную паразу, Шэлбі тлумачыць яму, што GT40 учыніў добрую канкурэнцыю і напужаў Энца Фэрары, бо мадэля дасягнула хуткасьці ў 350,8 км/г, аднак зламалася. Шэлбі і Майлз працягваюць распрацоўку, але ўдо наступнай мадэлі GT40 Mk II. Майлз ледзь не загінуў, калі падчас выпрабаваньняў у аўтамабілю перастала функцыянаваць тарначная сыстэма. У 1966 годзе старэйшы віцэ-прэзідэнт кампаніі Лео Бібі (Джош Лукас) пераймае гоначны аддзел з намерам працягнуць праграму бяз Майлза, але Шэлбі дае Форду пакатацца ў самаходзе і пераконвае кіраўніка кампаніі пакінуць яго калі Майлз здабудзе перамогу ў гонцы 24 гадзіны Дэйтоны. Каманда Шэлбі пад ягоным імём Shelby American бярэ ўдзел у гонцы ў Дэйтоне. Поруч зь імі Бібі выстаўляе ўласную дружыну Holman-Moody з тымі ж самымі аўтамабілямі. У той час як каманда Holman-Moody мае больш хуткія піт-стопы, Шэлбі дазваляе Майлза вылучыць усе магчымасьці з мадэлі, што ў сваю чаргу дапамагае гоншчыку атрымаць перамогу ў гонцы.
На 24 гадзінах Лё-Мана ў 1966 годзе Майлз выходзіць на старт, але ўжо на першым жа коле мае праблемы зь няспраўнымі дзьвярыма. Інжынэр каманды Філ Рэмінгтан (Рэй Макінан) выпраўляе пашкоджаньне з дапамогай кіянкай, і Майлз пачынае ўсталёўваць рэкордны час на наступных колах, даганяючы дружыну Фэрары. Спаборнічаючы з кіроўцам Ferrari Лярэнца Бандыні (Франчэска Баўка), які выкарыстоўвае новы прататып Ferrari 330 P3, Майлз зьведвае збой тарначнай сыстэмы, у выніку чаго на чарговым піт-стопе каманда мэханікаў зьмяняе яе на новую. Энца Фэрары пратэстуе супраць гэтага кроку, але Шэлбі пераконвае прадстаўнікоў арганізатараў гонкі, што замена цалкам законная паводле правілаў. Майлз і Бандыні зноў дуэлююць паміж сабой, пакуль Бандыні не руйнуе свой рухавік у выніку вялікай нагрузкі, выключаючы Ferrari з гонкі. Бібі загадвае Шэлбі прымусіць Майлза крыху затармазіць, каб два іншыя баліды Форда дагналі яго і забясьпечылі дзеля прэсы фатаздымкі з трыма аўтамабілямі на фінішы. Спачатку Майлз пратэстуе супраць рашэньня, працягваючы ўсталёўваць новыя рэкорды бліжэй да сканчэньня гонкі, але вырашыў дазволіць іншым Фордавым пілётам дагнаць яго на апошнім крузе. У канчатковым рахунку, Макларэн абвяшчаецца пераможцам праз асаблівасьці правілаў, а Майлз займае толькі 2 выніковы радок. Тым ня менш, Майлз застаецца ўдзячным Шэлбі за тое, што ён дазволіў яму ажыцьцявіць сваю мару, якая палягала ва ўдзеле ў гэтае прэстыжнае гонцы.
Праз два месяцы пасьля Лё-Мана, падчас тэставаньня J-аўтамабілю Майлз зноўку зьведвае збой тарначнай сыстэмы і гіне ў выніку аварыі.
На сайце агрэгатара аглядаў Rotten Tomatoes, фільм мае рэйтынг ухваленьня 92%, заснаваны на 354 аглядах, зь сярэднім рэйтынгам 7,7/10. Metacritic прысвоіла фільму сярэднеўзважаны 81 пункт з 100 магчымых, на падставе 47 крытычных водгукаў, што сьведчыць пра ўсеагульнае прызнаньне. Аўдыторыя, апытаная CinemaScore, дала фільму рэдкую ацэнку A+, то бок магчымальна магчымую.