Францішак Дыянізі Князьнін лац. Francišak Dyjanizi Kniaźnin | |
Ф. Д. Князьнін. Мастак Ё. Абэль, 1795 | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 4 кастрычніка 1749 Віцебск |
Памёр | 25 жніўня 1807 Коньскаволя |
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, драматург, перакладнік |
Мова | польская мова[1], беларуская мова і лацінская мова |
Францішак Дыянізі Князьнін (па-польску: Franciszek Dionizy Kniaźnin; 4 кастрычніка 1749 або 1750, Віцебск — 25 жніўня 1807, Коньскаволя каля Пулаў) — паэт, драматург, перакладнік; прадстаўнік сэнтымэнталізму. Пісаў на польскай і лацінскай мовах[2].
Францішак Князьнін — адзін зь першых зьбіральнікаў беларускага фальклёру[3][4].
Скончыў Віцебскі езуіцкі калегіюм. З 1764 году і да скасаваньня ордэна ў Рэчы Паспалітай (1773) быў езуітам, аднак не пасьпеў атрымаць сьвятарскага пасьвячэньня. У 1764—1770 гадох навучаўся ў Полацку, Нясьвіжы і Слуцку.
У 1770 выехаў у Варшаву. Часта наведаваў Воўчын, быў сакратаром князя Адама Казімера Чартарыскага (з 1775), прыдворным паэтам Чартарыскіх у Пулавах (з 1783).
З 1792 году хварэў, жыў ў Коньскаволі, дзе прыкладна з 1800 году ім апекаваўся тамтэйшы пробашч і паэт Францішак Заблоцкі. Ф. Князьніна пры касьцёле ў Коньскаволі.
Вершы, оды, элегіі й байкі, напісаныя Ф. Князьнінам, зрабіліся клясыкай літаратуры ракако ў Рэчы Паспалітай.
Аўтар зборнікаў: «Песьні» («Carmina», 1781), у якім зьмясьціў пераклады Гарацыюса, «Трэнаў» Я. Каханоўскага, оды і элегіі на лацінскай мове; «Байкі» (1776) на ўзор Ж. Лафантэна; «Эротыкі» (т. 1—2, 1779) у духу анакрэантычнай паэзіі; «Вершы» (1783) з элемэнтамі стылю ракако; «Паэзія» (т. 1—3, 1787—1789) зь любоўна-ідылічнай, палітычнай (у тым ліку вершы «Да Тадэвуша Касьцюшкі»), рэлігійнай лірыкай. У некаторых вершах услаўляў край свайго маленства — Віцебшчыну.
Напісаў гераічна-патрыятычныя п’есы «Маці-грамадзянка», «Гектар», «Фемістокл» і лібрэта опэраў. Опэра «Цыганы» на ягонае лібрэта (муэыка М. К. Агінскага) ставілася ў Слонімскім тэатры (1786).
Цікавіўся беларускім фальклёрам і выкарыстоўваў яго ў сваіх творах. Зьбіраў беларускія прыказкі, зрабіў фальклёрныя запісы з «польска-рускага пагранічча». Некаторыя героі ягоных твораў (казак Захарэнка ў камэдыі «Тры вясельлі») гавораць на ламанай беларускай мове. Паводле М. Федароўскага, верш Ф. Князьніна «Кросенкі» ў канцы XIX ст. выконваўся на Беларусі як народная песьня[5].
На беларускую мову асобныя ягоныя творы пераклалі А. Жлутка, Л. Баршчэўскі, Н. Мерашчак, Л. Семянюк, А. Ф. Брыль.