Футбольнае поле

Футбольнае поле — пляцоўка для гульні ў футбол. Яе памеры і разьметка рэглямэнтуюцца Правілам 1. Поле для гульні футбольных правілаў.

  • 1863 — Першыя ўказаньні ў правілах на памер футбольнага поля.
  • 1875 — Пад ціскам Шэфілдскай футбольнай асацыяцыі, Футбольная асацыяцыя Ангельшчыны прымае правілы, якія прадпісваюць абсталяваць брамы цьвёрдай папярочкай і забараняе ўжываньне стужачкі. Усталёўваецца канчатковы памер брам.
  • 1891 — Зьяўляецца сетка на брамах.
  • 1901 — Зьяўленьне штрафной пляцоўкі.
  • 1912 — Брамнік мае права гуляць рукамі толькі ў сваёй штрафной пляцоўцы. Раней яму дазвалялася гуляць па ўсім полі.
  • 1937 — Апошняя зьмена ў разьметцы — дуга штрафной плошчы, у 10 ярдах ад пункту пэнальці.

Поле для гульні ў футбол мае форму прастакутніка. Гуляюць на траве або штучным пакрыцьці. Уласьцівасьці штучнага газона з кожным годам (з кожным «пакаленьнем») усё больш набліжаюцца да ўласьцівасьцяў натуральнай травы.

  • Даўжыня: мінімум 90 м (100 ярдаў), максымум 120 м (130 ярдаў)
  • Шырыня: мінімум 45 м (50 ярдаў), максымум 90 м (100 ярдаў)

Пры правядзеньні міжнародных матчаў даўжыня поля павінна быць 100—110 мэтраў (110—120 ярдаў), а шырыня — 64—75 мэтраў (70—80 ярдаў).

Рэкамэндуемыя значэньні: Даўжыня 105 мэтраў, Шырыня 68 мэтраў.

Разьметка поля робіцца лініямі шырынёй ня больш за 12 см; шырыня лініі ўваходзіць у плошчу, якую яна абмяжоўвае.

Лініі ўздоўж доўгіх бакоў поля завуцца бакавымі лініямі; лініі ўздоўж кароткіх бакоў — лініямі брамы.

Поле дзеліцца на дзьве паловы з дапамогай сярэдняй лініі. Пасярэдзіне сярэдняй лініі робіцца адзнака цэнтру поля, вакол якой праводзіцца акружнасьць радыюсам 9,15 м (10 ярдаў). Мяч ставіцца на пункт цэнтру поля ў пачатку таймаў і пасьля кожнага забітага голу (за выключэньнем сэрыі пэнальці). У момант уводзін мяча ў гульню з цэнтру поля ўсярэдзіне акружнасьцяў могуць знаходзіцца два гульцы каманды, якая валодае мячом, і ні аднаго — з каманды суперніка.

На кожнай палове поля пазначаецца Плошча брамы.

З пунктаў на адлегласьці 5,5 м (6 ярдаў) ад унутранага боку кожнай стойкі брамы, пад простым кутом да лініі брамы, углыб поля праводзяцца дзьве лініі. На адлегласьці 5,5 м (6 ярдаў) гэтыя лініі злучаюцца іншай лініяй, паралельнай лініі брамы.

Таксама яе завуць брамавай плошчай, паколькі ў гэтай зоне да брамніка нельга ўжываць сілавыя прыёмы.

На кожнай палове поля пазначаецца Штрафная плошча — зона, у якой брамнік можа гуляць рукамі.

З пунктаў на адлегласьці 16,5 м (18 ярдаў) ад унутранага боку кожнай стойкі брамы, пад простым кутом да лініі брамы, углыб поля праводзяцца дзьве лініі. На адлегласьці 16,5 м (18 ярдаў) гэтыя лініі злучаюцца іншай лініяй, паралельнай лініі брамы. У межах штрафной плошчы, па цэнтры лініі брамы і на адлегласьці 11 м (12 ярдаў) ад яе, наносяць 11-мэтровую адзнаку. За межамі штрафной плошчы праводзяць дугу штрафной плошчы з радыюсам 9,15 м (10 ярдаў), цэнтар якой супадае з 11-мэтровай адзнакай. Гэтая лінія дапамагае судзьдзі правільна разьмясьціць гульцоў падчас прабіцьця пэнальці (усе гульцы акрамя таго хто б’е, павінны знаходзіцца на адлегласьці не бліжэй за 9,15 м ад 11-мэтровай адзнакі).

У кутах поля ўсталёўваюць сьцяжкі, на флагштоках, вышынёй ня меней за 1,5 мэтра, якія ня маюць завастрэньняў. Там жа пазначаецца чвэрць акружнасьці, радыюсам 1 мэтар — кутні сэктар у якім павінен знаходзіцца мяч пры падачы кутняга.

Сьцяжкі можна ўсталяваць на абодвух канцах сярэдняй лініі, на адлегласьці ня меней за 1 мэтар.

Брама павінна разьмяшчацца па цэнтры кожнай зь лініяў брамы.

Яны складаюцца з двух вэртыкальных стоек, злучаных гарызантальнай папярочкай, зьмешчаных на роўнай адлегласьці ад кутніх сьцяжкоў. Забараняецца ўжываць замест папярочкі вяроўку.

Адлегласьць паміж стойкамі — 7,32 м (8 ярдаў), а адлегласьць ад ніжняга контуру папярочкі да паверхні зямлі — 2,44 м (8 футаў).

Шырыня й вышыня сячэньня абедзьвюх стоек і папярочкі павінны быць аднолькавыя і не перавышаць 12 см (5 цаляў). Шырыня лініі варот роўная шырыні стоек і папярочкі. Да брамы і грунту за варотамі павінна прымацоўвацца сетка, якая павінна быць надзейна замацаваная і разьмешчаная так, каб не замінаць брамніку.

Стойкі й папярочкі брамы павінны быць белага колеру.

Брама павінны быць надзейна замацаваныя на зямлі. Выкарыстаньне пераносных брам дапушчальна толькі ў выпадку іх адпаведнасьці дадзенаму патрабаваньню.

Тэхнічная зона — адзначанае месца за межамі поля, у непасрэднай блізкасьці ад яго, у якой падчас матчу павінны разьмяшчацца трэнэры й запасныя гульцы каманды.

Канструкцыя футбольнага поля

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Футбольнае поле сусьветнай клясы — складаны шматслойны будынак. Футбольнае поле складаецца (зьверху ўніз) з такіх частак:

Травяное пакрыцьцё

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Травяное пакрыцьцё патрабуецца паліваць і ўгнойваць, а таксама засяваць «праплешыны». Трава не дазваляе праводзіць шмат гульняў: каб яна не вытоптвалася, колькасьць матчаў на натуральнай траве не павінна перавышаць двух за тыдзень.

На сучасных стадыёнах траву не выгадоўваюць, а прывозяць у выглядзе рулонаў дзёрану.

Сынтэтычнае пакрыцьцё

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сынтэтычнаму пакрыцьцю патрэбныя толькі два тыпы догляду:

  • пасьля вызначанай колькасьці гульняў пакрыцьцё замяняюць новым;
  • пасьля кожнага матчу спэцыяльнай машынай, падобнай на вялікі пыласос, пясок і гуму здымаюць, падзяляюць і ўкладваюць ізноў.

Зьмяшанае пакрыцьцё

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зьмяшанае пакрыцьцё ўяўляе сабою дзёран, у які спэцыяльнай машынай ушытыя сынтэтычныя травінкі. Такое пакрыцьцё вельмі дарагое, але практычна не адрозьніваецца ад травянога, і вытрымлівае значна больш матчаў. Догляд таксама абмяжоўваецца паліўкай, угнаеньнем і своечасовай заменай «пралысін». Першая расейская каманда, якая ўжыла на сваім стадыёне такі газон — Лякаматыў Масква.

Усе Чэмпіянаты сьвету праводзяцца на травяным пакрыцьці (і на зьмяшаным, бо яно прыраўноўваецца да травянога).

На красавік 2023 году ў Беларусі налічвалася 1207 футбольных палёў, зь іх 20 % (250) у Менску[1].

  1. ^ Надзея Нікалаева. Спорт ці масавая фізычная культура // Газэта «Зьвязда», 22 красавіка 2023 г. Праверана 26 красавіка 2023 г.