Мэмарыяльны музэй «Хатынь» | |
Месцазнаходжаньне | Беларусь |
---|---|
Закрыты | 22 сакавіка 1943 |
Геаграфічныя каардынаты | 54°20′10″ пн. ш. 27°56′26″ у. д. / 54.33611° пн. ш. 27.94056° у. д.Каардынаты: 54°20′10″ пн. ш. 27°56′26″ у. д. / 54.33611° пн. ш. 27.94056° у. д. |
Мэмарыяльны музэй «Хатынь» | |
khatyn.by |
Паступіла прапанова разьдзяліць гэты артыкул на артыкулы з назвамі Хатынь (вёска), Хатынская разьня і Хатынь (мэмарыяльны комплекс) (абмеркаваньне). |
Хаты́нь — колішняя вёска ў Лагойскім раёне Менскай вобласьці Беларусі. 22 сакавіка 1943 году была зьнішчаная(de) падчас рэйду нямецкай акупацыйнай улады пры ўдзеле 118-га батальёну дапаможнай паліцыі у якасьці карнай акцыі за забойства некалькіх нямецкіх ваеннаслужачых. У адпаведнасьці з прынцыпам калектыўнага пакараньня 149 жыхароў вёскі былі расстраляныя або спаленыя жыўцом за магчымае аказаньне жыхарамі вёскі дапамогі савецкім партызанам.
У 1969 годзе на месцы спаленай вёскі быў адкрыты мэмарыяльны комплекс. Хатынь стала сымбалем масавага зьнішчэньня нацыстамі мірнага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі ўсяго былога СССР.
21 сакавіка 1943 году ў Хатыні заначавалі партызаны з атраду Дзядзі Васі (Васіля Варанянскага). Раніцай 22 сакавіка яны сышлі ў бок Плешчаніц. Адначасова з Плешчаніц ім насустрач у кірунку Лагойску выехаў легкавік і два грузавіка 118 шуцманшафт батальёну 201 нямецкай ахоўнай дывізіі. На скрыжаваньні дарог за 6 км ад Хатыні калёна была абстраляная. Застаецца невядомым, кім былі абстраляныя немцы: ці то партызанамі Дзядзі Васі, ці то нейкай іншай невялікай неарганізаванай узброенай групай. Былі забітыя шэф-камандзір першай роты капітан паліцыі Ганс Вэльке, кулямётчык Шнайдэр і трое паліцаяў, яшчэ двое былі параненыя. Камандзір узводу Мялешка, паранены ў галаву, аддаў загад зьнішчыць партызанаў. Падчас перасьледу карнікі натыкнуліся на жыхароў вёскі Казыры, што працавалі на лесанарыхтоўцы, 26 зь якіх былі забітыя пры спробе ўцячы, а астатнія накіраваныя ў Плешчаніцы. Аб нападзе на карны батальён было дакладзена штурмбанфюрэру СС Оскару Дырлевангеру.
Дырлевангер, дазнаўшыся аб забойстве Ганса Вэльке, чэмпіёна Летніх Алімпійскіх гульняў 1936 году і асабіста знаёмага з Гітлерам, загадаў зьнішчыць Хатынь разам з жыхарамі. Паручэньне было даручанае 118-й шуцманшафт батальёну. У другой палове дня 22 сакавіка 1943 году карнікі атачылі вёску.
118-ы батальён дапаможнай паліцыі быў сфармаваны ў чэрвені 1942 году ў раёне Кіеву ў асноўным з ваеннапалонных Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі (РСЧА), якія трапілі ў Кіеўскі кацёл, а таксама мясцовых жыхароў[1]. Камандаваў батальёнам ураджэнец Кубані, былы маёр Войска Польскага Канстантын Смоўскі, начальнік штабу — былы кадравы афіцэр, старшы лейтэнант Чырвонай Арміі Рыгор Васюра, камандзір узводу — былы лейтэнант Чырвонай Арміі Васіль Мялешка. Нямецкім «шэфам» 118-га ахоўнага батальёну быў маёр паліцыі Эрых Кернэр. У канцы 1942-га 118 батальён быў накіраваны на тэрыторыю Беларусі.
Дзеяньні ў Хатыні былі не адзінымі ў «паслужным» сьпісе батальёну. 13 траўня Васюра ўзначальваў баявыя дзеяньні супраць партызанаў у раёне сяла Дальковічы. 27 траўня батальён праводзіць карную апэрацыю ў сяле Осаві, дзе былі расстраляныя 78 чалавек. Далей карная апэрацыя «Котбус» на тэрыторыі Менскай і Віцебскай абласьцей — расправа над жыхарамі вёскі Вялейкі; зьнішчэньне жыхароў вёскі Макоўе і Ўборак, расстрэл 50 габрэяў ля сяла Камінская Слабада. За гэтыя «заслугі» гітлераўцы надалі Васюры званьне лейтэнанта і ўзнагародзілі двума мэдалямі.
У ліпені 1944 году ў выніку адступленьня нямецкіх войскаў зь Беларусі батальён быў перакінуты ў Францыю, дзе амаль у поўным складзе перайшоў на бок францускага Руху Супраціву «Макі». Пасьля вызваленьня тэрыторыі Францыі асабовы склад быў уключаны ў 13-ую паўбрыгаду францускага Замежнага легіёну, у складзе якога ваяваў да канца вайны. Пасьля вайны некаторыя з ацалелых працягнулі службу ў Замежным францускім легіёне.
Жыхары вёскі нічога ня ведалі аб ранішнім інцыдэнце, у адказ на які быў ужыты прынцып калектыўнага пакараньня, які парушае правілы і звычаі вядзеньня вайны.
На загад Кэрнэра і Смоўскага паліцаі пад кіраўніцтвам Васюры сагналі ўсіх жыхароў Хатыні ў калгасны хлеў і замкнулі ў ім. Тых, хто спрабаваў уцячы, забівалі на месцы. Сярод жыхароў вёскі былі шматдзетныя сем’і: так, напрыклад, у сям’і Ёсіфа і Ганны Бараноўскіх было дзевяць дзяцей, у сям’і Аляксандра і Аляксандры Навіцкіх — сямёра. У хляве замкнулі таксама Антона Кункевіча зь вёскі Юркавічы і Хрысьціну Слонскую зь вёскі Камена, якія апынуліся ў гэты час у Хатыні. Хлеў аблажылі саломай, аблілі бэнзінам, перакладчык-паліцай Луковіч падпаліў яго. Дакладна вядома, што ў ачапленьні падчас карнай апэрацыі стаяў прынамсі і адзін зь мясцовых паліцаяў, нейкі Іван Петрычук зь Плешчаніц.
Драўляны хлеў хутка заняўся. Пад націскам дзясяткаў чалавечых целаў ня вытрымалі і ўпалі дзьверы, людзі кінуліся бегчы, але тых, хто вырываўся з полымя, расстрэльвалі. Згарэлі ў вогнішчы і былі расстраляныя 149 жыхароў вёскі, зь іх 75 дзяцей маладзейшыя за 16 гадоў. Сама вёска была зьнішчана цалкам.
Дзьве дзяўчыны — Марыя Федаровіч і Юлія Клімовіч — цудам змаглі выбрацца з палаючага хлява і дапаўзьці да лесу, дзе іх падабралі жыхары вёскі Хварасьцені Каменскага сельсавету. Пазьней і гэтая вёска была спаленая, і абедзьве дзяўчыны загінулі.
Двое дзяцей, сямігадовы Віктар Жалабковіч і дванаццацігадовы Антон Бараноўскі, якія знаходзіліся ў падпаленым хляве, засталіся ў жывых. Віця схаваўся пад целам сваёй маці, якая прыкрыла сына сабой. Дзіця, параненае ў руку, праляжала пад трупам маці да адыходу карнікаў зь вёскі. Антон Бараноўскі быў паранены ў нагу куляй, і яго прынялі за мёртвага. Абгарэлых, параненых дзяцей падабралі і выхадзілі жыхары суседніх вёсак. Пасьля вайны дзеці выхоўваліся ў дзіцячым доме ў мястэчку Плешчаніцы. Яшчэ траім — Валодзю Яскевічу, яго сястры Соні і Сашу Жалабковічу — таксама ўдалося схавацца.
З дарослых жыхароў вёскі выжыў толькі 56-гадовы вясковы каваль Ёсіф Ёсіфавіч Камінскі (1887—1973). Зь ягоных словаў, абгарэлы і паранены, ён прыйшоў у прытомнасьць толькі позна ўначы, калі аддзелы нацыстаў пакінулі вёску. Яму давялося перажыць яшчэ адзін цяжкі ўдар: сярод трупаў аднавяскоўцаў ён знайшоў свайго сына Адама. Хлопчык быў сьмяротна паранены ў жывот, атрымаў моцныя апёкі. Ён памёр на руках у бацькі. Ёсіф Камінскі з сынам Адамам паслужылі прататыпамі знакамітага помніку ў мэмарыяльным комплексе.
Аднаму з тых, хто выжыў, жыхару Хатыні Антону Бараноўскаму 22 сакавіка 1943 году было 12 гадоў. Ён ніколі не хаваў праўду пра падзеі ў Хатыні, адкрыта пра гэта казаў, ведаў імёны многіх паліцаяў, якія спальвалі людзей. У сьнежні 1969 году — праз 5 месяцаў пасьля адкрыцьця мэмарыяльнага комплексу — Антон загінуў пры нявысьветленых абставінах.
Вэрсію падзей з шэрагам адрозьненьняў апублікаваў у 2012 годзе ўкраінскі гісторык Іван Дэрэйко ў манаграфіі «Місцеві формування німецької армії та поліції у Райхскомісаріаті „Україна“ (1941—1944 роки)». Ён піша, што 118-й паліцэйскі батальён пасьля нападу аддзелу «Народныя мсьціўцы» атакаваў вёску, дзе замест адыходу ў лес зь невядомай прычыны вырашылі замацавацца партызаны. У выніку штурму вёскі было забіта 30 партызан і некаторая колькасьць мірных жыхароў, яшчэ каля 20 чалавек былі захопленыя ў палон. Сама ж вёска з астатнімі жыхарамі пасьля бою на загад обэргрупэнфюрэра Курта фон Готбэрга была спалена батальёнам СС пад камандаваньнем Дырлевангера.
У адпаведнасьці з Актам камісіі Лагойскага выканкаму райсавету народных дэпутатаў ад 26 траўня 1969 году ўстаноўлена дата і час спаленьня вёскі Хатынь 22 сакавіка 1943 году а другой дня, а таксама сьпіс спаленых мірных жыхароў:
Усяго 149 чалавек (зь іх 75 дзяцей), 26 двароў:
У памяць беларускіх вёсак, зьнішчаных нацыстамі ў гады апошняй вайны, у студзені 1966 году было прынятае рашэньне аб стварэньні ў Лагойскім раёне мэмарыяльнага комплексу «Хатынь». У сакавіку 1967 быў аб’яўлены конкурс на стварэньне праекту мэмарыялу. У конкурсе перамог калектыў архітэктараў: Юры Градаў, Валянцін Занковіч, Леанід Левін, скульптар народны мастак БССР Сяргей Селіханаў (усе чацьвёра атрымалі Ленінскую прэмію). Урачыстае адкрыцьцё мэмарыяльнага комплексу «Хатынь» адбылося 5 ліпеня 1969 году[2].
Мэмарыяльны архітэктурна-скульптурны комплекс плошчай 50 гектараў месьціцца на месцы Хатыні, паўтараючы пляніроўку былога селішча, улучаючы Могілкі вёсак, плошчу Памяці, Сьцяну Жалобы і Дрэва жыцьця. У цэнтры кампазыцыі мэмарыялу знаходзіцца шасьцімэтровая бронзавая скульптура «Няскораны чалавек» зь мёртвым дзіцём на руках. Побач злучаныя гранітныя пліты, што сымбалізуюць дах адрыны, у якой былі спаленыя жыхары вёскі. На брацкай магіле зь белага мармуру — Вянок памяці. На ім — наказ загінулых жывым:
Людзі добрыя, памятайце: Арыгінальны тэкст (рас.)
Люди добрые, помните: |
||
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 611Д000279 |