Хорашч лац. Chorašč | |||||
польск. Choroszcz | |||||
Кляштар дамініканаў | |||||
| |||||
Горад з: | 1507 | ||||
Краіна: | Польшча | ||||
Ваяводзтва: | Падляскае | ||||
Павет: | Беластоцкі | ||||
Плошча: | 16,79 км² | ||||
Насельніцтва (2004) | |||||
колькасьць: | 5411 чал. | ||||
шчыльнасьць: | 322,28 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+1 | ||||
летні час: | UTC+2 | ||||
Тэлефонны код: | +48 85 | ||||
Паштовы індэкс: | 16-070 | ||||
Нумарны знак: | BIA | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 53°8′30″ пн. ш. 22°59′0″ у. д. / 53.14167° пн. ш. 22.98333° у. д.Каардынаты: 53°8′30″ пн. ш. 22°59′0″ у. д. / 53.14167° пн. ш. 22.98333° у. д. | ||||
Хорашч | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://choroszcz.pl/ |
Хорашч (польск. Choroszcz) — места ў Польшчы, на рацэ Гараднянцы. Цэнтар меска-сельскай гміны Беластоцкага павету Падляскага ваяводзтва. Насельніцтва на 2018 год — 5834 чалавек. Знаходзіцца на захад ад Беластоку і ўваходзіць у яго аглямэрацыю.
Хорашч — магдэбурскае места на мяжы гістарычных Гарадзеншчыны (частка Троччыны) і Падляшша, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захаваліся палацава-паркавы ансамбль Браніцкіх і комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Яна Хрысьціцеля і Сьвятога Стэфана, помнікі архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XVIII ст.
Апроч формы Хорашч[1], у крыніцах таксама сустракаюцца варыянты Харошча[2] і Хорашча[3]. У Геаграфічным слоўніку Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў у якасьці асноўнага польскага варыянту назвы падаецца Choroszcza[4].
Упершыню Хорашч ўпамінаецца ў канцы XV ст., каля яна знаходзілася ў валоданьні Хадкевічаў і ўваходзіла ў склад Бельскага павету Падляскага ваяводзтва (па 1569 годзе — у складзе Гарадзенскага павету Троцкага ваяводзтва, утвараючы анкляў Вялікага Княства Літоўскага ў Каралеўстве Польскім). У 1506 годзе Аляксандар Хадкевіч перадаў мястэчка Супрасьлеўскаму манастыру, манахі якога збудавалі тут першую царкву.
У 1507 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары надаў Хорашчы Магдэбурскае права. У 1533 годзе мястэчка вярнулася да Хадкевічаў. У 1587 годзе праз шлюб Ганны Хадкевіч з Паўлам Пацам Хорашч перайшла ў валоданьне Пацаў. У 1654 годзе Мікалай Стафан Пац заснаваў у месьце кляштар ордэну дамініканаў. У 1683 годзе вялікі пажар зьнішчыў Хорашч — згарэла 600 дамоў, царква, касьцёл і кляштар.
У 1703 годзе Хорашч перайшла ў валоданьне Браніцкіх. У 1709 годзе места атрымаў Ян Клемэнс Браніцкі, пачаўся пэрыяд разьвіцьця Хорашчы — тут збудавалі палац, шпіталь, новыя царкву і касьцёл.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Хорашч апынулася ў складзе Прусіі, у Беластоцкім дэпартамэнце. У 1807 годзе згодна з Тыльзіцкай мірнай дамовай паміж Расеяй і Францыяй — у складзе Расейскай імпэрыі, у Беластоцкім павеце Гарадзенскай губэрні.
Па здушэньні вызвольнага паўстаньне (1830—1831) у 1839 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар дамініканаў. У 1840 годзе радзіна Мастоўскіх заснавала ў Хорашчы мануфактуру, якая неўзабаве стала вялікай суконнай фабрыкай.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Хорашч занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Хорашч абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла склад Беларускай ССР[5]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Хорашч апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. У 1930 годзе доктар Зыгмунт Брадовіч заснаваў у месьце псыхіятрычны шпіталь.
З пачаткам Другой сусьветнай вайны 15 верасьня 1939 году Хорашч акупавалі войскі Трэцяга Райху, але праз тыдзень места перадалі СССР згодна з пактам Молатава-Рыбэнтропа. У лістападзе 1939 году Хорашч увайшла ў склад БССР, у Беластоцкую вобласьць. З чэрвеня 1941 да верасьня 1944 году места зноў знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Нацысты цалкам зьнішчылі жыдоўскую частку населніцтва, забівалі таксама пацыентаў псыхіятрычнага шпіталю, побач зь местам у вёсцы Навасёлках расстралялі каля 4 тыс. чалавек. 16 жніўня 1945 году ўлады СССР перадалі Хорашч Польскай Народнай Рэспубліцы.
У Хорашчы працуюць пачатковая і сярэдняя школы, гімназія і ліцэй.
Хорашч знаходзіцца на мяжы Нарвенскага нацыянальнага парку. У колішнім палацы Браніцкіх дзее музэй.