Хэля Беджы | |
هالة الباجي | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзілася | 1 красавіка 1948 (76 гадоў) места Туніс, Туніс |
Бацькі | Mondher Ben Ammar[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьніца, публіцыстка |
Гады творчасьці | 1982 — сёньня |
Мовы | француская, арабская |
Узнагароды |
Хэля Беджы (па-арабску: هالة الباجي); нар. 1 красавіка 1948, места Туніс, Туніс — туніская пісьменьніца, мысьлярка і грамадзкая дзяячка.
Хэля Беджы нарадзілася ў 1948 годзе ў прадмесьці Туніса. Яна зьяўляецца дачкой былога міністра Мандхера Бэна Амара і сястрой прадусара і бізнэсмэна Тарака Бэна Амара.
Пасьля заканчэньня сярэдняй школы ў ліцэі Карно ў Тунісе яна атрымала вышэйшую літаратурную адукацыю ў Сарбоне (Парыж), дзе ў 1973 годзе атрымала агрэжэ (ад слова l’agrégation), навуковую ступень, якае дае права выкладаць у сярэдняй прафэсійнай школе, а таксама ва ўнівэрсытэце на гуманітарных і прыродазнаўчых факультэтах. Такім парадкам, яна стала першай туніскай, якая атрымала гэтую навуковую ступень[1].
Х. Беджы вярнулася ў Туніс і працавала выкладніцай на літаратурным факультэце Туніскага ўнівэрсытэту і ў Вышэйшай школе ў Тунісе. Пасьля дзяржаўнага перавароту 7 лістапада 1987 году яе зволілі з унівэрсытэту Туніса 5 сьнежня 1987 году. З таго часу ў дзяржаўныя ўнівэрсытэты больш выкладаць не вярнулася.
Яна таксама займала пасаду міжнароднай чыноўніцы ў ЮНЭСКА з 1980 па 1987 год.
Разважаючы аб палітычным закрыцьці посткаляніяльных грамадзтваў, яна заснавала ў 1998 годзе спачатку ў сваім уласным доме прастору для свабодных дэбатаў — Міжнародны калеж Туніса, дзе без афіцыйнага дазволу і пад наглядам органаў давала голас туніскай і замежнай інтэлігенцыі на розныя культурныя і палітычныя тэмы[2]. Сярод ейных гасьцей былі Жак Дэрыда, Хорхэ Сэмпрун, Бэрнар Кушнэр і многія іншыя мысьляры і актывісты.[3].
Пасьля рэвалюцыі 2011 году яна арганізавала шэраг канфэрэнцыяў вакол «дэмакратычнага вынаходніцтва», на якія запрасіла, у прыватнасьці, Фэліпе Гансалеса, былога лідара гішпанскага ўраду. У сьнежні Міжнародны калеж Туніса арганізаваў ў партнэрстве з Акадэміяй лацінства і Міжнародным форумам Réalités буйную канфэрэнцыю ў Хамамэце пад назвай «Новыя дэмакратычныя ўяўленьні» [4].
У 1982 г. яна апублікавала сваю першую кнігу «Le Désenchantement national, essai sur la décolonisation» (Нацыянальнае расчараваньне, эсэ аб дэкалянізацыі, 1982), крытычны аналіз новых формаў палітычнага дэспатызму, якія паўсталі ў незалежным Тунісе, у прыватнасьці, манапалізацыя ўлады адной партыяй, адсутнасць свабоды слова і дэспатычны характар асабістай улады часоў прэзыдэнта Хабіба Бургібы.[5].
У сваіх наступных кнігах і працах, у прыватнасьці ў палітычным эсэ «Nous, décolonisés» (Мы, дэкалянізаваныя, 2008), яна спрабуе зразумець фэномэн «нутранай калянізацыі» і дамінаваньня як у зьнешнім вымярэньні (французы/тунісцы), так і ў вымярэньні нутраным. Пісьменьніца і мысьлярка ставіць пытаньне «Чаму Туніс вызваліўся ад зьнешняга калянізатара, але так і не вызваліўся ад нутранага калянізатара?»[6]
У эсэ «L’imposture culturelle» (Культурны падман,1997) яна апісвае атмасфэру ўдушша, бездапаможнасці і адчаю, якая ахапіла людзей і эліту Туніса. Яшчэ да туніскай рэвалюцыі 2011 году і ўзмацненьня ісламізму пісьменьніца ў 1997 годзе разважала пра небясьпеку радыкалізму ў будучыні[7].
Пісьменьніца стаіць на фэмінісцкіх пазыцыях, падкрэсьлівае важнасьць фэмінісцкага мінулага Туніса, закладзенага ў эпоху прэзыдэнта Бургібы. Хэля Беджы выступае супраць вяртаньня мусульманскай хусткі (хіджабу) ў публічную прастору, але прыгэтым лічыць, што забарона хіджабу ў Эўропе зьяўляецца таксама контрпрадуктыўнай[8].