Царкоўнаславянская мова | |
славе́нскїй ѧ҆зы́къ | |
![]() | |
Дата стварэньня | IX стагодзьдзе[1] |
---|---|
Ужываецца ў | |
Рэгіён | Усходняя Эўропа |
Колькасьць карыстальнікаў | — |
Клясыфікацыя | Індаэўрапейская сям’я |
Афіцыйны статус | |
Афіцыйная мова ў | мова набажэнстваў (праваслаўная і грэка-каталіцкая царква) |
Статус: | 6b Пад пагрозай[d][4][5] |
Пісьмо | глаголіца, кірыліца, лацінскае пісьмо і стараславянская кірыліца[d] |
Коды мовы | |
ISO 639-1 | cu |
ISO 639-2(Б) | chu |
ISO 639-2(Т) | chu |
ISO 639-3 | chu |
Царко́ўнаславя́нская мо́ва — адна з формаў старацаркоўнаславянскае мовы, асноўная літургічная мова Праваслаўнае Царквы ў Расеі, Баўгарыі, ва Ўкраіне і ў Беларусі.
Зьяўляецца найбольш шырока ўжыванай літургічнай мовай у праваслаўі.
Лінгвістычна разглядаецца як мова паўднёвае галіны славянскае групы індаэўрапейскае моўнае сям’і. Гістарычна не зьяўлялася жывою моваю і выкарыстоўвалася ў кніжных функцыях.
Гістарычна ёсьць вытворнай мовай ад старацаркоўнаславянскай шляхам адаптацыі вымаўленьня й артаграфіі ды зьмяненьня некаторых старых альбо незразумелых словаў і выразаў на іх народныя адпаведнікі. Узыходзіць да паўднёвабаўгарскага (салунскага) дыялекту[6], які быў родным для стваральнікаў пісьмовае стараславянскае мовы — Кірылы і Мятода[7][8].
Упершыню была ўведзеная ўва ўжытак у Вялікай Маравіі[9]. Першай друкаванай кнігай на царкоўнаславянскай мове была харвацкая праца Missale Romanum Glagolitice (1483, харвацкая глаголіца). У 1491 у Кракаве было надрукавана пяць кнігаў на гэтай мове.
У пісьмовасьці царкоўнаславянскае мовы выкарыстоўваецца кірыліца. Царкоўнаславянскі альфабэт зьмяшчае каля сарака літараў, некаторыя зь якіх прадстаўленыя больш чым адным варыянтам напісаньня (нявызначанасьць з колькасьцю літараў зьвязаная зь неадназначнасьцю мяжы між рознымі літарамі ды рознымі варыянтамі адной літары). Ужываюцца шматлікія надрадковыя знакі (тры віды націску, прыдыханьня, тры спалучэньні прыдыханьня з націскам, ярок, кендэма, кароткая, простае тытла, разнастайныя літарныя тытлы).
Знакі прыпынку маюць шэраг адрозьненьняў: напрыклад, замест пытальніка выкарыстоўваецца кропка з коскай, замест кропкі з коскай — дзьвюхкроп’е.
Адрозьніваюцца вялікія й маленькія літары, ужываньне якіх можа прытрымлівацца старажытнай сыстэмы, паводле якой зь вялікае літары пісалася пераважна першае слова ў абзацы.
Граматыка ды артаграфія царкоўнаславянскае мовы досыць строгія й аднастайныя, хоць у шэрагу выпадкаў магчымыя варыянты напісаньня, колькасьць якіх зь сярэдзіны XVII стагодзьдзя няўхільна зьмяншаецца. Выпрацоўка кадыфікаваных граматычных нормаў адбывалася пад уплывам падручнікаў граматыкі грэцкае мовы ды лаціны[10]. Усеабдымнага збору правілаў для царкоўнаславянскае мовы не існуе. Практычна адзіным даступным даведнікам зьяўляецца «Грамматика церковно-славянскаго языка» (ераманах Аліпі, упершыню выдадзеная ў 1964 годзе ў Джорданвіле, штат Нью-Ёрк, ЗША). Існуюць навучальныя слоўнікі.
За сёньняшнім часам сустракаюцца тэксты (напрыклад, малітвасловы), надрукаваныя сучасным грамадзянскім шрыфтам, ва ўніятаў (асабліва ў закарпацкіх ды прэшаўскіх русінаў) для запісу царкоўнаславянскіх тэкстаў выкарыстоўваецца таксама лацінскі альфабэт.
За нашым часам зьяўляецца асноўнай літургічнай мовай Праваслаўнае Царквы ў Расейскай Праваслаўнай Царкве, Баўгарскай Праваслаўнай Царкве, ва Ўкраінскай Праваслаўнай Царкве, у Беларускай Праваслаўнай Царкве.
Выкарыстоўваецца ў Беларускае аўтакефальнае праваслаўнае царкве, Сэрбскай Праваслаўнай Царкве ды Польскай Праваслаўнай Царкве, часткова выкарыстоўваецца ў Амэрыканскай ды Чэскай і Славацкай Праваслаўнай Царквох. Выкарыстоўваецца таксама ў іншых рэлігійных супольнасьцях, прыкладам Македонская праваслаўная царква, Чарнагорская Праваслаўная Царква, Ісьцінна-Праваслаўная Царква і г. д. Мае ўжываньне ў Расейскай грэка-каталіцкай царкве, часам выкарыстоўваецца ва Ўкраінскай грэка-каталіцкай царкве (нароўні з украінскай) і Беларускай грэка-каталіцкай царкве (зь беларускай), іншых грэка-каталіцкіх ды рыма-каталіцкіх цэрквах славянскіх краінаў.