Эмілі Дыкінсан | |
Emily Elizabeth Dickinson | |
![]() | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Emily Elizabeth Dickinson |
Нарадзілася | 10 сьнежня 1830[1][2][3][…] |
Памерла | 15 траўня 1886[1][2][3][…] (55 гадоў) |
Пахаваная | |
Бацькі | Эдўард Дыкінсан[d][4] Эмілі Норкрас[d][7][4] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэтка |
Гады творчасьці | 1860—1886 |
Жанр | паэзія[4] |
Мова | ангельская мова[8] |
Дэбют | «Poems by Emily Dickinson» |
Узнагароды | |
https://www.emilydickinson.org/ |
Э́мілі Элі́забэт Ды́кінсан (па-ангельску: Emily Elizabeth Dickinson; 10 сьнежня 1830 году, Амгэрст, Масачусэтс — 15 траўня 1886 году, там жа) — амэрыканская паэтка.
Эмілі нарадзілася другой з трох дзяцей у пурытанскай сям’і Эдуарда Дыкінсана, багатага адваката, кангрэсмэна, і Эмілі Норкрас. Дзедам Эмілі быў Самюэль Фаўлер Дыкінсан, заснавальнік Коледжу Амгэрст. У доме Дыкінсанаў прытрымліваліся строгіх пратэстанцкіх правілаў. Эмілі наведвала пачатковую школу на Плэзэнт Стрыт, у 1840 годзе паступіла разам зь сястрой у Коледж Амгэрст, які за два гады да гэтага стаў прыймаць дзяўчынак. У каледжы Эмілі вывучала ангельскую мову, латынь, літаратуру, батаніку, геалёгію, псыхалёгію і арыфмэтыку. Скончыла каледж у 1847 годзе, а потым, з 10 жніўня да 25 сакавіка 1848 году, вучылася ў жаночай сэмінарыі Маўнт-Холіноўк, у 16 км ад Амгэрсту. Прычыны яе сыходу з сэмінарыі невядомыя. Пасьля сэмінарыі Эмілі вярнулася ў бацькоўскі дом. Да канца жыцьця Эмілі Дыкінсан так і ня выйшла замуж і засталася ў доме бацькоў[9]. Родны горад Амгэрст Эмілі пакідала толькі некалькі разоў для падарожжаў у Філадэлфію, Вашынгтон і Бостан. Пісаць вершы яна пачала ў 30 гадоў. У 1862 годзе Эмілі даслала некалькі сваіх вершаў у выдавецтва «Atlantic Monthly», але рэдактар Томас Хігінсан адмовіўся іх друкаваць па прычыне неадпаведнасьці прынятым стандартам вершаў таго часу. Аднак яны пасябравалі і яшчэ шмат гадоў яны перапісваліся, у лістах Хігінсан даваў парады Дыкінсан ў справах паэзіі.
У гады жыцьця Эмілі Дыкінсан было надрукавана толькі сем яе вершаў. Пасьля яе сьмерці 15 траўня 1886 году яе малодшая сястра Лавінія знайшла ў закрытай на ключ шафе рукапісы 1775 вершаў Эмілі.
Лавінія папрасіла дапамогі ў выданьні вершаў сястры ў Мэйбэль Люміс Тод, жонкі мясцовага прафэсара астраноміі, таленавітай мастачкі і сяброўкі Эмілі. Пасьля шматлікіх спробаў і пры дапамозе Томаса Хігінсана атрымалася выдаць творы Эмілі (у 1890 годзе), але вершы былі адрэдагаваны, каб дапасаваць іх да прынятых у той час эстэтычных правілаў для вершаў. Публікацыя некаторых зь вершаў была адхілена з-за асьцярогі публічнага меркаваньня. Аднак, нягледзячы на асьцярогі, вершы хутка атрымалі папулярнасьць. Толькі ў 1955 годзе быў надрукаваны поўны збор твораў паэткі[10]. Гэта дапамагло грамадзкасьці больш поўна ацаніць мэдытатыўную лірыку творчасьці Эмілі, а аўтарка была прызнана як самая таленавітая амэрыканская паэтка[11].
Вершы Эмілі Дыкінсан ня маюць аналягаў у паэзіі таго часу. Іх радкі кароткія, назвы, як правіла, адсутнічаюць, і часта сустракаюцца незвычайная пунктуацыя і выкарыстаньне загалоўных літар. Шматлікія яе вершы ўтрымліваюць матывы неўміручасьці і сьмерці, гэтыя ж сюжэты ёсьць і ў яе лістах да сяброў.
У Рэспубліцы Беларусь сярод аўтараў дасьледчыцкіх работ пра Эмілі Дзікінсан вылучаюцца: Т. Я. Аўтуховіч (Гродна)[12], Т. Я. Камароўская (Мінск)[13], В. І. Гутар (Гродна)[14], Е. М. Мірошнікава (Мінск)[15], Ю. С. Пятачкоў (Мінск)[16] і інш.
На беларускую мову вершы Дзікінсан перакладалі Рыгор Барадулін, Андрэй Хадановіч, Макс Шчур[17].