Каардынаты: 55°43′41″ пн. ш. 37°38′40″ у. д. / 55.72806° пн. ш. 37.64444° у. д.
Эўразійскі эканамічны зьвяз | |
Эмблема | |
Дзяржавы-ўдзельніцы (зялёным) | |
Абрэвіятура | ЭАЭЗ |
---|---|
Папярэднік | Эўразійская эканамічная супольнасьць |
Дата ўтварэньня | 1 студзеня 2015 (9 гадоў таму) |
Тып | міжурадавая |
Юрыдычны статус | міжнародная арганізацыя |
Мэта | эканамічная інтэграцыя |
Штаб-кватэра | Масква, Летнікоўская вул., д. 2, корп. 2[1] |
Месцазнаходжаньне | Расея |
Сяброўства | Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кыргыстан і Расея[2] |
Афіцыйныя мовы | расейская, армняская, беларуская, казаская |
Старшыня Найвышэйшай рады | Касым-Жамарт Такаеў |
Старшыня Міжурадавай рады | Аскар Мамін |
Старшыня Рады Камісіі | Аліхан Смаілаў |
Старшыня Калегіі Камісіі | Міхаіл Мясьніковіч |
Асноўныя асобы | Аляксандар Федарцоў (старшыня Суду)[3] |
Кіроўны орган | Найвышэйшая рада |
Сайт | eaeunion.org |
Эўразі́йскі эканамі́чны зьвя́з — міжнародная арганізацыя рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі, якая валодае міжнароднай правасуб’ектнасьцю і заснаваная дамовай аб Эўразійскім эканамічным зьвязе[4]. У зьвязе забясьпечваецца свабода руху тавараў, а таксама паслуг, капіталу і працоўнай сілы, а таксама правядзеньне скаардынаванай, узгодненай або адзінай палітыкі ў галінах эканомікі[4].
Дзяржавамі-сяброўкамі Эўразійскага эканамічнага зьвязу ёсьць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Расея і Кыргыстан, апошні зь якіх далучыўся да арганізацыі 29 траўня 2015 году[4]. Дамова аб стварэньні ЭАЭЗ была падпісаная 29 траўня 2014 году ў Астане прэзыдэнтамі Беларусі, Казахстану і Расеі. 10 кастрычніка ў Менску дамова аб далучэньні да ЭАЭЗ падпісала Армэнія, а 23 сьнежня ў Маскве — Кыргыстан. ЭАЭЗ створаны ў мэтах усебаковай мадэрнізацыі, каапэрацыі і падвышэньня канкурэнтаздольнасьці нацыянальных эканомік і стварэньня ўмоваў для стабільнага разьвіцьця ў інтарэсах павышэньня жыцьцёвага ўзроўню насельніцтва дзяржаваў-чальцоў зьвязу[4].
29 траўня 2014 году ў Астане (Казахстан) прэзыдэнты Беларусі, Казахстану і Расеі Аляксандар Лукашэнка, Нурсултан Назарбаеў і Ўладзімер Пуцін падпісалі Дамову «Аб Эўразійскім эканамічны зьвязе» «ў адным экзэмпляры на беларускай, казаскай і расейскай мовах, прычым усе тэксты маюць аднолькавую сілу». Дамова зьмяшчалася на 873 старонках, у тым ліку 118 артыкулаў самой Дамовы на 159 старонках, і ўлучала 33 Дадаткі. Паводле 110-га артыкула Дамовы, «міжнародныя дамовы і рашэньні Камісіі, якія маюць абавязковы характар для дзяржаваў-удзельніц, прымаюцца на расейскай мове з наступным перакладам на дзяржаўныя мовы дзяржаваў-удзельніц, калі гэта прадугледжана іх заканадаўствам»[5]. У 2016 годзе набыла моц Дамова між ЭАЭЗ і Віетнамам «Аб прасторы вольнага гандлю». У 2017 годзе дзяржавы-ўдзельніцы ЭАЭЗ заключылі і ратыфікавалі Дамову «Аб Мытным кодэксе ЭАЭЗ», якая набыла моц у 2018 годзе. У 2018 годзе адбылося падпісаньне Дамовы між ЭАЭЗ і Кітаем «Аб гандлёва-эканамічнай супрацы», якое набыло моц у 2019 годзе. Таксама ў 2018 годзе заключылі Часовае пагадненьне між ЭАЭЗ і Іранам «Аб стварэньні прасторы вольнага гандлю», якое набыло моц у 2019 годзе[7].
14 верасьня 2018 году Рада Эўразійскай эканамічнай камісіі (Расея) зацьвердзіла Рашэньне № 75 аб зьмяненьнях у Тэхнічным рэглямэнце Мытнага зьвязу на маркіроўку харчовай прадукцыі (ТР МЗ 022/2011), якая прадугледжвала найменшы дапушчальны памер шрыфту. 28 красавіка 2019 году Рашэньне набыло моц, пасьля чаго вытворцам адвялі 2 гады да 28 красавіка 2021 году на пераход да новай нормы. Шрыфтам прынамсі 2 мілімэтры мела пазначацца найменьне харчовага тавару, яго колькасьць, дата вырабу і тэрмін прыдатнасьці. Шрыфтам прынамсі 0,8 мм мелі пазначаць склад і ўмовы захоўваньня тавару, найменьне і месцазнаходжаньне яго вытворцы і імпартэра, парады па выкарыстаньні, паказьнікі харчовай каштоўнасьці, словы для пазначэньня даты вытворчасьці, тэрміну прыдатнасьці і зьвесткі пра месца іх нанясеньня[8]. 10 сьнежня 2021 году на анлайн-паседжаньні Найвышэйшай рады прэзыдэнты 5 краінаў-удзельніцаў ЭАЭЗ падпісалі 2-і Вялікі пратакол са 139-ю папраўкамі ў Дамову «Аб ЭАЭЗ». Пратакол распрацоўвалі зь 2017 году. Паводле 2-га Вялікага пратаколу, выкладнікаў і праўнікаў вызвалялі ад пацьверджаньня пасьведчаньняў аб адукацыі пры працаўладкаваньні ў іншай дзяржаве ЭАЭЗ. Таксама замацавалі спагнаньне падатку на дададзеную вартасьць пры аказаньні паслугаў між галаўным прадпрыемствам і яго падразьдзяленьнем у іншай краіне ЭАЭЗ[9]. Таксама прэзыдэнты зацьвердзілі Пагадненьне «Аб прымяненьні навігацыйных плёмбаў для сачэньня за перавозкамі»[10].
14 сакавіка 2022 году кіраўнік Нацыянальнага цэнтру прававой інфармацыі Беларусі (НЦПІ) Андрэй Мацельскі і кіраўнік Дэпартамэнту пратаколу і арганізацыйнага забесьпячэньня Эўразійскай эканамічнай камісіі Даніяр Турусбекаў падпісалі Дамову на аказаньне паслугаў пісьмовага перакладу нарматыўных прававых актаў (НПА) ЭАЭЗ на беларускую мову. Паводле Дамовы, цягам 2022 году НЦПІ меў перакласьці міжнародныя дамовы і акты органаў ЭАЭЗ для разьмяшчэньня на прававым партале ЭАЭЗ. Пры гэтым, НПА ЭАЭЗ перакладалі на армянскую, казаскую і кыргыскую мовы зь 2015 году[11].
25 сьнежня 2023 году ў Санкт-Пецярбургу (Расея) падпісалі Пагадненьне аб вольным гандлі зь Іранам[12].