Юры Драгобыч | |
Юрій Дрогобич | |
![]() | |
Імя пры нараджэньні | Юры Міхайлавіч Катэрмак |
---|---|
Род дзейнасьці | рэктар Балёнскага ўнівэрсытэту, прафэсар Ягелонскага ўнівэрсытэту |
Дата нараджэньня | 1450 |
Месца нараджэньня | Драгобыч, Украіна |
Дата сьмерці | 4 лютага 1494[1] |
Месца сьмерці | Кракаў, Польшча |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | астраном, філёзаф, прафэсар унівэрсытэту, астроляг, мэдык, рэдактар, лекар, пісьменьнік |
Месца працы | |
Бацька | Міхайла Данат-Катэрмак |
Юры Драгобыч (па-ўкраінску: Юрій Дрогобич), сапраўднае імя Юры Міхайлавіч Данат-Катэрмак (укр. Юрій Михайлович Донат-Котермак), да ХХ стагодзьдзя вядомы як Джорджа да Леаполі[2][3] (па-лацінску: Georgius Drohobicz de Russia[4]; 1450, Драгобыч, цяпер у Львоўскай вобласьці, Украіна — 4 лютага 1494, Кракаў) — рэнэсансны навуковец, асьветнік, паэт, філёзаф, астраном, астроляг. Доктар мэдыцыны і філязофіі. Рэктар Балёнскага ўнівэрсытэту мэдыцыны і вольных мастацтваў, прафэсар і віцэ-канцлер Істрапалітанскай акадэміі ў Браціславе, прафэсар Ягелонскага ўнівэрсытэту ў Кракаве[5].
Першы ўкраінскі аўтар друкаванай кніжкі.
Нарадзіўся ў Драгобычы (тады ў Рускім ваяводзтве Каралеўства Польскага) ў сям’і салявара Міхайла-Даната.
Першую адукацыю атрымаў у сьвятара царквы сьвятога Юра айца Яўтымія. Тады ж атрымаў першыя веды пра разьлік пасхаліяў і асноўныя веды лаціны.
Напрыканцы 1468 або на пачатку 1469 паступіў у Ягелонскі ўнівэрсытэт (Кракаў), дзе здабыў навуковую ступень бакаляўра (1470) і магістра (1473). Вывучаў мэдыцыну і вольныя мастацтвы ў Балёнскім унівэрсытэце, дзе стаў доктарам філязофіі (к. 1478) і мэдыцыны (к. 1482).
У Балёньні ў 1478—1479 і 1480—1482 роках чытаў лекцыі па астраноміі. Пра высокую адзнаку ягонай кваліфікацыі сьведчыць пра тое, што Юрыю прызначаная падвойная аплата — дзьвесьце ліраў замест звычайных ста[6].
З 1481 да 1482 быў рэктарам Балёнскага ўнівэрсытэту — найстарэйшага ў Эўропе, у гісторыю якога ён увайшоў пад імем «Джорджа да Леаполі»[2][3] — Юрыя з Львову. Рэктар — адміністрацыйны кіраўнік унівэрсытэту — абіраўся з выкладчыкаў на два гады. Юры Драгобыч рыхтаваў з прафэсарамі расклад лекцыяў, запаўняў вакансіі, усталёўваў парадак аплаты працы прафэсараў, кантраляваў іхнюю работу, арганізоўваў дыспуты, меў права крымінальнай юрысдыкцыі над усімі, хто быў на службе ці навучаўся ва ўнівэрсытэце.
Падтрымліваў цесныя сувязі з выбітнымі італьянскімі навукоўцамі-гуманістамі, сярод іх Марцыё Галеота, Рэгіёмантан[7].
З 1487 — прафэсар Ягелонскага ўнівэрсытэту. Памёр у м. Кракове, дзе і пахаваны.
7 лютага 1483 у Рыме выдаў кнігу «Прагнастычная ацэнка цяперашняга 1483 року» (Iudicium pronosticon Anni MCCCCLXXX III), якая ёсьць першай вядомай друкаванай кнігай, напісанай украінцам. У ёй, акрамя астралягічных прагнозаў, былі зьвесткі па геаграфіі, астраноміі, мэтэаралёгіі, філязофіі. Навуковец падае вызначаныя ім каардынаты местаў: Вільні, Драгобычу, Львову, шэрагу местаў Італіі і Нямеччыны, чым выяўляе ґрунтоўную абазнанасьць у геаграфіі ўсёй Эўропы. «Прагностык» у пэўнай меры знаёміў эўрапейскага чытача з краінамі Ўсходняй Эўропы. У разьдзеле «пра становішча Польшчы» ён падкрэсьлівае, што Львоў і Драгобыч належаць не да Польшчы, а да Русі, пад якою разумее «Рускае Каралеўства» — колішнія ўладаньні галіцка-валынскага караля Данілы. Такая характарыстыка тогачаснай палітычнай мапы Ўсходняй Эўропы сьведчыць, што за мяжой Юры Драгобыч прагнуў прадстаўляць менавіта Русь, пад якою разумеў найперш Галічыну[6].
Юры Драгобыч зазначаў, што насельніцтву хрысьціянскіх краінаў пагражаюць «вялікія небясьпекі… у сувязі з прыгнётам князямі і панамі». Выказаў упэўненасьць у здатнасьці людзкога розуму пазнаць заканамернасьці сьвету.
З 1487 року працаваў прафэсарам мэдыцыны Ягелонскага ўнівэрсытэту, меў чын каралеўскага лекара.
Выкладніцкая дзейнасьць Юрыя Драгобыча была накіраваная на пашырэньне гуманістычных ідэяў эпохі Адраджэньня. Ён лічыў, што ідэал дабрасумленнасьці — Бог, да якога чалавек можа наблізіцца дзякуючы самаўдасканаленьню.
У бібліятэках Парыжу захаваліся копіі двух астралягічных трактатаў Юрыя Драгобыча, а ў Баварскай дзяржаўнай бібліятэцы ў Мюнхэне — ягоны прагноз на 1478 рок, перапісаны нямецкім гуманістам Гартманам Шэдэлем. Гэтыя працы сьведчылі пра грунтоўную абазнанасьць навукоўцы ў антычнай і сярэднявечнай літаратуры.
Сярод ягоных студэнтаў быў будучы выбітны астраном Мікалай Капэрнік, аўтар трактату «Пра вярчэньне нябесных сфэраў», які паклаў пачатак новага геліяцэнтрычнага погляду на будову Сонечнай сыстэмы.