Ян Булгак

Ян Булгак

лац. Jan Bułhak
Дата нараджэньня 6 кастрычніка 1876(1876-10-06)[1][2][3][…]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 4 лютага 1950(1950-02-04)[4][2][5] (73 гады)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак фатограф
Навуковая сфэра фатаграфія[6] і theory of photography[d][6]
Месца працы
Гады дзейнасьці 1905[7]
Сябра ў Саюз польскіх мастацкіх фатографаў[d] і Polish Photoclub[d]
Бацька Валерый Булгак[d]
Маці Юзэфа з Гаціскіх[d]
Узнагароды
Залаты крыж Заслугі афіцэр ордэна Адраджэньня Польшчы сярэбраныя Акадэмічныя лаўры

Ян Булгак (6 кастрычніка 1876, Асташын, Наваградзкі павет — 4 лютага 1950, Гіжыцко) — віленскі фатограф, які значную частку сваіх працаў прысьвяціў Наваградчыне і Вільні. Яго творчасьць лічыцца часткай супольнай культурнай спадчыны Беларусі, Летувы і Польшчы[8].

Браў удзел у 174 міжнародных выставах. За фатаздымак «Радасьць жыцьця», што паказвае заценены пакой, у які пранікаюць промні сонца, атрымаў узнагароду на Міжнародным фатаграфічным салёне ў Варшаве ў 1937 годзе. Напісаў шмат працаў па тэхніцы і эстэтыцы фатаграфіі, а таксама па краязнаўчай фатаграфіі.

Фатаздымкі Яна Булгака зьберагаюцца ў архівах і бібліятэках Вільні і Варшавы. У фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі таксама захоўваецца невялікая калекцыя працаў фотамастака. У 1999 годзе яна ўпершыню публічна экспанавалася ў менскай незалежнай галерэі візуальных мастацтваў «Nova».

Бацька — Валеры Антоні Станіслаў Булгак гербу «Сыракомля» (1842—1905), маці Юзэфа з роду Хаціцкіх гербу «Рох» (пам. 1893). На Беларусі ў вёсцы Варонча, што на Наваградчыне, каля касьцёла Сьв. Ганны знаходзяцца 4 магілы продкаў Яна Булгака.

У 1888 годзе аддадзены ў Першую Віленскую гімназію, якую скончыў у 1897 годзе. Пасьля вывучаў літаратуру і гісторыю ў Ягелонскім унівэрсытэце ў Кракаве. Але праз два гады перапыніў навуку з-за нястачы грошай і вярнуўся на Бацькаўшчыну.

Пасяліўся ў сядзібе Пярэсека пад Менскам (спадчына стрыечнага дзеда Грынеўскага). У жніўні 1901 годзе ажаніўся з стрыечнай сястрой Ганнай Хаціскай. Па сьмерці бацькі прадаў маёнтак і набыў у Радзівілаў фальварак у Беліцы каля Менску.

27 красавіка 1906 году нарадзіўся яго адзіны сын Януш Булгак.

Першыя свае фатаздымкі Ян Булгак зрабіў у 1905 годзе — жонка атрымала ў падарунак просьценькі фотаапарат. Напачатку парадамі яму дапамагаў наваградзкі фатограф Баляслаў Ігнаці Дамейка. У 1908 годзе стварыў сваю фоталябараторыю ў сядзібе Пярэсіцы. У той самы год дэбютаваў і здабыў галоўную ўзнагароду на фотаконкурсе рэдакцыі «Ілюстраванага жацьця» (штотыднёвы дадатак да «Літоўскага кур’еру»).

У 1910 годзе ўпершыню браў удзел у сусьветнай фотавыставе ў Брусэлі. Перапісваўся з Парыскім фотаклюбам і вядомым францускім фатографам Канстанцінам Пуё. Два сшыткі бэрлінскіх «Фатаграфічных паведамленьняў» у 1910 годзе зьмяшчалі ягоныя здымкі. Свае здымкі й натакі дасылаў у часопіс «Зямля» (Варшава), а таксама Польскаму краязнаўчаму таварыству. У 1911 годзе зладзіў фотавыставу ў Менску. Пачаў супрацаваць зь «Віленскім штотыднёвікам» («Tygodnik Wileński»; перапынілася ў 1939), «Варшаўскім фатографам», «Нямецкім альманахам». Браў удзел у выставе фота ў Цяхоцінку. Атрымаў ганаровы дыплём ў катэгорыі мастацкага партрэту на конкурсе ў Антвэрпэне.

Прафэсійная праца

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1911 годзе па прапанове Фэрдынанда Рушчыца Віленскі гарадзкі магістрат стварыў пасаду гарадзкога фатографа, на якую запрасіў Яна Булгака. Дзеля падвышэньня майстэрства паехаў у 1912 годзе вучыцца ў Дрэздэн да нямецкага фатографа Гуга Эрфурта. Вярнуўшыся дадому распачаў фотаінвэнтарызацыю помнікаў архітэктуры Вільні (да 1915 зрабіў больш за 800 здымкаў), ваколіц і Летувы. Працаваў нягледзячы на пачатак Першай сусьветнай вайны да 1915 году (15 альбомаў з той пары з 462 здымкамі захаваліся дасюль у Летувіскай акадэміі навук у Вільні).

Задакумэнтаваў палацава-паркавы ансамбль Дабосьні (Жылічы). У 1915 годзе выйшаў альбом у 6 тамах «Літва ў здымках Яна Булгака», якія ён рабіў у 1905—1911 гадох, і дзе зьмешчана больш за 270 здымкаў. Сярод якіх Наваградак, Мір, Нясьвіж, Сьвіцязь, Крэва, Вялейка, Трокі.

З 1919 году Ян Булгак кіраваў фатаграфічнай лябараторыяй пры факультэце прыгожага мастацтва Віленскага ўнівэрсытэту імя Стэфана Баторыя. У доме фотамастака на пляцы Э. Ажэшкі захоўвалася калекцыя з 10 тысячаў фатаздымкаў, зь іх каля 6 тысячаў — Вільні і Віленшчыны. Калекцыя амаль што цалкам згарэла ў 1944 годзе.

Апошнія гады жыцьця

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Магіла Яна Булгака

Паводле ўспамінаў дзеяча беларускай дыяспары ў ЗША Антона Шукелойця, у час Другой сусьветнай вайны Ян Булгак працаваў у органах беларускай адміністрацыі ў Генэральнай акрузе Беларусь[9]. Паводле Шукелойця, Пётра Булгак, які быў дырэктарам Менскага тэатру ад 1942 г.[10], быў братам Яна Булгака[9].

Вільню пакінуў у 1944 годзе пасьля бамбардаваньняў і пераехаў у Варшаву, дзе дакумэнтаваў ваенныя разбурэньні і помнікі на захадзе Польшчы. Пры дапамозе дырэктара Народнага музэю Станіслава Лорэнца, адкрыў першую ўласную паваенную выставу «Варшава. 1945 г. у выявах Яна Булгака». Памёр у Гіжыцку, пахаваны ў Варшаве.

Зьяўляўся прадстаўніком піктаральнай мастацкай плыні. Гэтая плынь нарадзілася ў канцы XIX ст., прымаючы эстэтыку імпрэсіянізму і працуючы з тэмамі пэйзажу і архітэктуры.

Працы Яна Булкага адрозьнівае незвычайная мастацкасьць, уражлівасьць, пачуцьцё пэйзажу, а таксама ўменьне карыстацца сьвятлом, якое стварае клімат фатаграфіі. Галоўная тэма ягоных працаў — брамы, завулкі, дахі, прырода і сьвятло. Абрысы людзей на фатаздымках Яна Булгака падпарадкоўваюцца кампазыцыі, інтэгруюцца з архітэктурай. Відавочным зьяўляецца захапленьне амаль тэатральнай пастаноўкай кадру, адчуваньне прапорцыі і прасторы, а перадусім сьвятла, вывучэньне якога вельмі цікавіла Яна Булгака.

Найбольш вядомыя ягоныя фатаздымкі, зробленыя ў Беларусі, характарызуюцца яскрава вызначанай этнаграфічнай скіраванасьцю: беларускія народныя тыпы, краявіды, вёскі, гаспадарчыя пабудовы беларускіх сялянаў («Беларус з-пад Клецку», «Бабулька-беларуска з маёнтку Перасека пад Менскам», «Вечар. Меншчына»).

Вядомы Ян Булгак ня толькі як майстар краязнаўчай фатаграфіі, але і як пэдагог, бібліёграф, фальклярыст, гісторык мастацтваў, першы беларускі гісторык фатаграфіі. Ён аўтар дзясяткаў артыкулаў пра беларускі фальклёр і краязнаўства («Экскурсіі на Свіцязь», 1910; «Велікодныя песьні на Меншчыне (валачобнікі)», 1911 і інш.), працаў пра мастака Ф. Рушчыца, дасьледаваньняў і падручнікаў па эстэтыцы і тэхніцы фатаграфіі. Яму належыць адмысловая праца «Пра першых віленскіх фатографаў з XIX стагодзьдзя» (1939) і кніга ўспамінаў «Край дзіцячых гадоў», у якой адлюстравана жыцьцё Наваградчыны канца XIX — пачатку XX ст.

  • Булгак Ян // БЭ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 329.
  • Булгак Ян // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0 С. 124.
  • Булгак Ян // Беларусь: энцыкл. даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995.— 799 с. ISBN 985-11-0026-9. С. 134.
  • Булгак Ян // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Менск: БелСЭ, 1989. — 575 с.: іл. ISBN 5-85700-014-9. С. 92.
  • Булгак Ян // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. / Рэд. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Т. 1: А капэле — Габелен. С. 513.
  • Булгак Ян // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5. С. 578.
  • [Булгак Ян] // Фотография : энциклопедический справочник / [редакционная коллегия : П. И. Бояров и др.]. — Мн.: 1992. — С. 38. — ISBN 5-85700-052-1
  • Булгак, Я. Край дзіцячых гадоў / Укладальнік і аўтар уступнага артыкула Т. Г. Вяршыцкая; пераклад з польскай мовы Т. Г. Вяршыцкай; пераклад вершаў з польскай мовы С. І. Законнікава; аўтар каментарыяў, подпісаў да фатаздымкаў, бібліяграфіі, артыкула «Жыццё і творчасць Яна Булгака» І. Б. Кухарская. — Мн.: Беларусь, 2004. — 415 с. — ISBN 985-01-0538-0
  • Булгак, Я. Вандроўкі фатографа : Віленскі краявід (фрагменты) / Пераклад з польскай мовы Вацлава Арэшкі // Культура. — 2001. — № 39/40. — С. 14.
  • Кошур, С. У якім Асташыне нарадзіўся Ян Булгак? // Культура. — 2004. — № 37. — С. 14.
  • Зайцава, Т. З гісторыі нацыянальнай фатаграфіі : Ян Булгак у Беларусі // Гісторыя. Культуралогія. Мастацтвазнаўства : матэрыялы III Міжнароднага кангрэса беларусістаў «Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый», 1 сесія — 21—25 мая, 2 сесія — 4—7 снежня, Мінск, 2000 г. / [рэдакцыйная калегія : Віталь Скалабан (галоўны рэдактар) і інш.]. — Мн.: 2001. — С. 218—220.
  • Кухарска, Я. Ян Брунан Булгак (1876—1950) — забыты мастак Наваградзкае зямлі / Пераклад з польскае мовы Натальлі Пятровіч // Спадчына. — 2002. — № 2/3. — С. 143—158.
  • Нікітчанка, С. Сяйво простых вобразаў : [Ян Булгак] // Беларуская думка. — 2005. — № 4. — С. 129—134.
  • Парфянок, У. Ян Булгак, легенда трох краін // Мастацтва. — 2001. — № 9. — С. 37—44.
  • Казюля, Я. Дарогамі Яна Булгака // Голас Радзімы. — 2000. — № 50. — С. 5.; 20 снеж. (№ 51). С. 5.
  • Шунейка, Я. Непатапляльная каравела // Мастацтва. — 2001. — № 2. — С. 35-39.
  • Зайцава, Т. Ян Булгак, вандроўны святлапісец // Мастацтва. — 1998. — № 12. — С. 48—53.
  • Аляксей Харак Шыракагляды Булгака // Мастацтва. — 1999. — № 7. — С. 18—22.. Тэрыторыя і фатограф : вопыт Яна Булгака : пераклад з рускай мовы / Нэлі Бекус

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]