Ян Налепка Ján Nálepka | |
20 верасьня 1912 — 16 лістапада 1943 | |
![]() | |
Мянушка | Рэпкін |
---|---|
Месца нараджэньня | Сьміжані, Славаччына |
Месца сьмерці | Оўруч, Жытомірская вобласьць, УССР |
Прыналежнасьць | ![]() ![]() ![]() |
Гады службы | 1934—1943 |
Званьне | капітан брыгадны генэрал (пасьм.) |
Камандаваў | 1-ы чэхаславацкі партызанскі аддзел |
Бітвы/войны | Другая сусьветная вайна |
Узнагароды | |
Ян На́лепка (па-славацку: Ján Nálepka; 20 верасьня 1912, Сьміжані, Сьпіска Нова Вэс — 16 лістапада 1943, Оўруч, Жытомірская вобласьць, Украінская ССР) — славацкі вайсковец, капітан (пасьмяротна брыгадны генэрал), удзельнік Другой сусьветнай вайны, арганізатар і кіраўнік партызанскага атраду на тэрыторыі Беларусі. Адзіны славак, які атрымаў званьне Героя Савецкага Саюзу.
Славак. Нарадзіўся ў вёсцы Сьміжані (раён Сьпіска Нова Вэс, Усходняя Славаччына) ў сялянскай сям’і. У 1931 скончыў настаўніцкую сэмінарыю. Працаваў настаўнікам у школах у Марыкавай, Белых Водах, Ступаве і Порубе пад Вігорлатам.
У 1934 прызваны ў чэхаславацкае войска, у 1936 скончыў афіцэрскую школу, атрымаўшы званьне падпаручніка, пазьней паручніка[1]; служба ў войску адбывалася зь перапынкамі. У сакавіку 1939 року мабілізаваны ў славацкае войска[2]; з пачаткам Другой сусьветнай вайны удзельнічаў у нападзе на Польшчу.
Улетку 1941 урад Славаччыны накіраваў 2-ю пяхотную дывізію, у якой служыў Я. Налепка, на савецка-нямецкі фронт[1]. У лютым 1942 прызначаны ад’ютантам камандзіра палку, а пазьней — начальнікам штабу 101-га славацкага палку, раскватэраванага ў Ельску. Паступова сабраў вакол сябе па-антынацыску настроеных аднадумцаў, з дапамогай якіх арганізаваў падпольную дзейнасьць і пераходы славацкіх жаўнераў на савецкі бок. Адначасна са жніўня 1942 наладзіў сувязь з савецкімі партызанамі[2] ў Менскай і Палескай абласьцёх. Перапраўляў мясцовым жыхарам і партызанам харчаваньне, лекі і зьвесткі пра дзейнасьць нямецкіх вайсковых адзінак ды іхніх памагатых.
Уночы з 14 на 15 траўня 1943 ён з групай афіцэраў і жаўнераў палку перайшоў на бок савецкіх партызанаў, злучыўшыся зь імі ў раёне вёскі Рамязы. 18 траўня ў партызанскім злучэньні Аляксандра Сабурава быў створаны партызанскі аддзел з былых славацкіх вайскоўцаў, камандзірам якога быў прызначаны Ян Налепка[3][4], які ўзяў сабе мянушку Рэпкін.
Улетку і ўвосень 1943 року 1-ы чэхаславацкі партызанскі аддзел пад ягоным даводзтвам неаднакроць вылучаўся ў бітвах зь нямецкімі войскамі.
Наконадні 26-й гадавіны Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі (1943) Налепка быў прыняты кандыдатам у сябры ВКП(б)[2].
7 лістапада 1943 Налепка браў удзел у зьнішчэньні нямецкага гарнізону ў Давыд-Гарадку.
16 лістапада чэхаславацкі партызанскі аддзел Яна Налепкі ва ўзаемадзеяньні з савецкімі партызанамі і войскамі 1-га Ўкраінскага фронту удзельнічаў у баёх за вызваленьне места Оўруч Жытомірскай вобласьці УССР[2]. Чэхаславацкі аддзел пад даводзтвам Я. Налепкі атакаваў Оўруч з поўдня, захапіў і ўтрымліваў (нягледзячы на контратакі суперніка) мост праз раку Норынь, а пасьля аказаў дапамогу савецкім партызанам у баёх у раёне аэрадрому і за чыгуначную станцыю. Ян Налепка загінуў падчас бою за будынак вакзалу, у момант штурму аднай з доўгатэрміновых агнявых кропак ворага[5].
Ян Налепка пахаваны ў братэрскай магіле вояў чэхаславацкага корпусу ў месьце Чарнаўцы. Тут быў узьведзены мэмарыял савецка-чэскіх жаўнераў, дзе пахаваныя 58 чалавек. У ягоны гонар названая таксама вуліца, што падыходзіць да мэмарыялу, і сярэдняя школа, разьмешчаная побач. У ёй у 1970 быў адчынены музэй імя Яна Налепкі.
7 траўня 2004 року быў выдадзены загад прэзыдэнта Славацкай Рэспублікі пра наданьне Яну Налепку званьня брыгаднага генэрала (пасьмяротна).
У месьце Оўруч Яну Налепку збудаваны помнік, ягоным імем названыя вуліца і сярэдняя школа[2].
У 1948 вёска Вандрышаль у раёне Гелніца была перайменаваная ў Налепкава.
Імем Яна Налепкі названыя вуліцы ў Ельску і Лельчыцах, у шматлікіх населеных пунктах Славаччыны і вуліца ў чэскім Брне.
У Ельску захаваўся драўляны аднапавярховы дом (вул. Савецкая, дом № 40), у якім у 1942—1943 мешкаў Ян Налепка, на ім усталяваная мэмарыяльная дошка[3].