Януш Радзівіл

Януш Радзівіл
лац. Januš Radzivił
Януш Радзівіл. Д. Шульц, 1654 г.
Януш Радзівіл. Д. Шульц, 1654 г.

Герб «Трубы»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 2 сьнежня 1612
Попелі
Памёр 31 сьнежня 1655
Тыкоцін
Пахаваны
Род Радзівілы
Бацькі Крыштап Радзівіл
Ганна з Кішкаў
Жонка Кацярына з Патоцкіх
Марыя Лупу
Дзеці ад 1-га шлюбу: Ганна Марыя
Дзейнасьць дыплямат, палітык, вайскавод

Януш Радзівіл (2 сьнежня 1612, мястэчка Попелі Вількамірскага павету — 31 сьнежня 1655 , места Тыкоцін) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Гетман польны літоўскі (1646—1654), ваявода віленскі (з 1653) і гетман вялікі літоўскі (з 1654).

Меў багатыя маёнткі, у тым ліку Біржы, Кейданы, Віжуны, Попелі і Яшуны на тэрыторыі сучаснай Летувы, Любчу ў Наваградзкім павеце, Дойліды і Заблудаў у Гарадзенскім павеце, Невель у Віцебскім павеце, Себеж у Полацкім ваяводзтве. Трымаў Камянецкае, Барысаўскае, Амсьціслаўскае і іншыя староствы[1]. Князь Сьвятой Рымскай Імпэрыі на Біржах і Дубінках.

Зь біржанска-дубінкаўскай лініі роду Радзівілаў, сын Крыштапа Радзівіла, гетмана вялікага літоўскага, і Ганны з Кішкаў. Кузэн Багуслава Радзівіла. Вызнаваў кальвінізм.

Скончыў кальвінісцкую Слуцкую гімназію, працягваў адукацыю ў Ляйпцыскім, Альтдорфскім і Лейдэнскім ўнівэрсытэтах, наведаў Францыю і Ангельшчыну.

Панэгірык да вясельля, 1641 г.

У 1633 годзе, наняўшы ў Нідэрляндах 1 тысячу пяхотнікаў і 200 драгунаў, вярнуўся на радзіму і ўзяў удзел у Смаленскай вайне[2]. Вызначыўся ваенным талентам. Атрымаўшы ў 1646 годзе пасаду палявога гетмана літоўскага, надзвычай пасьпяхова правёў свае першыя самастойныя кампаніі супраць казакаў. У ліпені 1649 году разьбіў пад Лоевам 15-тысячнае войска казацкага палкоўніка Крычэўскага, праз два гады тамсама — войска казацкага палкоўніка Нябабы і бязь бітвы здабыў Кіеў.

Фундаваў кальвінісцкія зборы і школы ў Вялікім Княстве Літоўскім, апекваўся пратэстанцкімі супольнасьцямі, фінансаваў атрыманьне адукацыі ў эўрапейскіх унівэрсытэтах мясцовай пратэстанцкай моладзі.

У палітычных дачыненьнях быў прыхільнікам ідэі незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага. Яшчэ ў маладосьці ў Вільні пры манарху кінуў польскім сэнатарам: «Пагарды, столькі разоў прычыненай, літоўскі народ няздольны вытрымаць! Прыйдзе час, — паны-палякі да дзьвярэй не патрапяць: праз вокны іх выкідваць будзем»[3]. Дзеля гэтага ўжо ў 1649 годзе спрабаваў наладзіць кантакты з Швэцыяй.

У часе вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай атрымаў перамогу над маскоўскім войскам у Бітве пад Шкловам (12 жніўня 1654 году) і паразу ў Бітве пад Шапялевічамі (24 жніўня 1654 году). Паранены, ледзь пазьбег палону: мясцовы жыхар правёў яго праз балоты да Барысава, далей скіраўся на Менск зьбіраць войска. У студзені 1655 годзе спрабаваў адбіць Магілёў.

Па заняцьці маскоўскімі захопнікамі ўлетку 1655 году большай часткі тэрыторыі сучаснай Беларусі, а таксама Вільні і Коўны, ініцыяваў складаньне уніі з швэдзкім каралём Карлам Густавам (Кейданы, 17 жніўня 1655 году). Паводле гэтай умовы Вялікае Княства Літоўскае выходзіла з складу Рэчы Паспалітай і ўступала ў фэдэрацыйны зьвяз з Швэцыяй.

Аднак акт Кейданскай уніі не ажыцьцявіўся. Супраць Януша Радзівіла ўзбунтаваліся харугвы ўласнага войска. З рэштай адданых сілаў ён зачыніўся ў Тыкоцінскім замку, дзе неўзабаве і памёр (паводле некаторых зьвестак, быў атручаны).

Першы раз ажаніўся ў 1638 годзе з Кацярынай Патоцкай, другі — у 1645 годзе з Марыяй, дачкой малдаўскага гаспадара Васіля Лупу. У першым шлюбе меў дачку Ганну Марыю, якая выйшла замуж за Багуслава Радзівіла і прынесла яму ў пасаг бацькавы ўладаньні. Першы шлюб зблізіў Януша Радзівіла з каталікамі, другі — з праваслаўнымі[1].

Імя Януша Радзівіла атрымаў Радзівілаўскі летапіс.

Януш Радзівіл — адзін з пэрсанажаў гістарычнага раману польскага пісьменьніка Генрыка Сянкевіча «Патоп» (1884—1886).

Папярэднік
Януш Кішка
Гетман вялікі літоўскі
1654—1655
Наступнік
Павал Ян Сапега
  1. ^ а б Грыцкевіч А. Радзівіл Януш // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 501.
  2. ^ Біяграфічныя звесткі // Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.
  3. ^ Pamiętniki Albrychta Stanisława Radziwiłła. T. 1. — Poznań, 1839. S. 327.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]