Ілья (прарок)

Абраз Святы Ілья з мячом, 1668

Ілья[1][2] або Ілля[1][3] — прарок, прылічаны да святых.

Паводле біблейскага падання, нарадзіўся ў галілейскім горадзе Фесві і быў начальнікам таварыства сыноў прароцкіх. Ілья паказаны грозным выкрывальнікам бязбожнага ідалапаклонства ў часы валадарства ізраільскага цара Ахава і яго жонкі Іезавіліі. Паводле Бібліі, Ілья, надзелены ад Бога дарам празарліўства, прадказаў трохгадовую засуху і голад у Ізраільскім царстве, але самога Ілью Бог цудоўным чынам пазбавіў голаду, пасяліўшы яго каля ручая, куды вароны насілі хлеб і мяса, а пасля яго карміла набожная ўдава са сваіх мізэрных, але невычэрпных, па волі Бога, харчовых запасаў. Ва ўдзячнасць за гэта Ілья сваімі малітвамі ажывіў яе паміраючага сына. Пазней, калі Ілья вымушаны быў ратавацца ўцёкамі ад праследаванняў царыцы Іезавіліі, у пустыні яго не пакідалі анёлы і забяспечвалі ежай.

Тады ж за сваю непахісную вернасць Богу ён на гары Харыў быў удастоены гонару весці непасрэдна з самім Усявышнім гутарку і слухаць яго настаўленні. Нарэшце, пры пераходзе праз Іардан Бог у прысутнасці прарока Елісея за верную службу ўзяў Ілью яшчэ пры жыцці на неба на вогненнай калясніцы. У такім арэоле паўстае вобраз Ільі-прарока са старонак біблейскіх кніг.[2]

Рымска-Каталіцкая Царква шануе яго памяць 20 ліпеня, Праваслаўная — 2 жніўня.

У беларускай культуры

[правіць | правіць зыходнік]

У беларусаў лічыцца, што ў Дзень прарока Ільі забаронена купацца. Гэтая забарона тлумачыцца тым, што Ілья-прарок ездзіць на конях па небе. Ад хуткага бегу адзін з коней губляе падкову, якая падае ў ваду, і тая адразу становіцца халоднай. Ад прарока Ільі, па народных вераваннях, залежаць росы, дажджы, град і засуха[4].

Беларуская прымаўка «Ілья наробіць гнілля» азначае, што з гэтага дня звычайна ідуць дажджы, ад якіх гніюць хлеб і сена ў полі[4].

Зноскі

  1. а б Слоўнік асабовых уласных імён…
  2. а б Скарына Ф. Творы:… С. 146—147.
  3. Васілевіч У. Ілля… С. 205.
  4. а б Каталіцкі медальён(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 16 верасня 2014. Праверана 25 жніўня 2014.
  • Васілевіч У. Ілля // Беларуская міфалогія: энцыклапедычны слоўнік. — Мн.: «Беларусь», 2004. — 592 с. ISBN 985-01-0473-2
  • Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — С. 146—147. — 207 с.: іл. ISBN 5-343-00151-3.
  • Слоўнік асабовых уласных імён / НАН Беларусі, Ін-т мовазнаўства ім. Я. Коласа. Уклад. М. Р. Суднік; навук. рэд. А. А. Лукашанец. — 2-е выд., выпр. і дапр. — Мн.: Беларуская навука, 2005. — 174, [1] с. — ISBN 985-08-0648-6