Іосіф Антонавіч Гашкевіч | |
---|---|
Дата нараджэння | 4 (16) красавіка 1814 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 3 (15) мая 1875 (61 год) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Бацька | Антоній Гашкевіч |
Маці | Глікерыя Гашкевіч |
Род дзейнасці | дыпламат, мовазнавец, натураліст, усходазнавец |
Альма-матар | |
Узнагароды | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Іосіф Гашкевіч (4 ст. ст. красавіка 1814 — 3 мая 1875) — расійскі дыпламат, вучоны-мовазнавец, даследчык Японіі і Кітая, натураліст, арыенталіст.
Іосіф Гашкевіч — сын праваслаўнага святара Антонія Гашкевіча, які служыў у Свята-Міхайлаўскай царкве сяла Стралічаў Рэчыцкага павета Мінскай губерні, што ў сучасным Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Ва ўзросце 12 гадоў Іосіф паступіў у Мінскую духоўную семінарыю. Затым па рэкамендацыі І. Грыгаровіча працягваў вучобу ў Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі. Пасля заканчэння акадэміі (1839) меў званне магістра багаслоўя, але не прыняў святарскага сану.
У 1839-49 гадах у складзе Рускай духоўнай місіі ў Пекіне. Даследаваў культуру Кітая, вывучаў кітайскую, карэйскую і японскую мовы. Адначасова займаўся пытаннямі астраноміі і метэаралогіі, сабраў калекцыю насякомых. У якасці драгамана (перакладчыка) суправаджаў на фрэгаце «Палада» дыпламатычную місію Я. В. Пуцяціна ў Японію (1852-55). 3 яго ўдзелам заключаны руска-японскі дагавор 1855. Па дарозе з Японіі захоплены ў палон англічанамі (з прычыны Крымскай вайны 1853-56), знаходзіўся ў Ганконгу, потым у Англіі. На працягу дзевяці месяцаў у палоне Іосіф Гашкевіч сумесна з японскім манахам Тацібана Каосай склаў 450 старонак першага японска-рускага слоўніка. У 1856 годзе вярнуўся ў Расію.
У 1858—1865 гадах першы расійскі консул у Японіі (на Хакадатэ), адначасова выкладаў у Хакадацкай рускамоўнай школе. Адзін з першых іншаземцаў, якому дазволілі наведаць унутраную Японію, у т.л. двор сёгуна (правіцеля Японіі) у Эда (цяпер Токіа). У 1865 годзе з сям’ёй вярнуўся на радзіму. У 1867 годзе выйшаў у адстаўку і жыў у маёнтку Малі (цяпер Астравецкі раён), дзе працягваў займацца ўсходняй філалогіяй.
Шматлікія калекцыі флоры і фаўны Паўднёвай Афрыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі, сабраныя ў час падарожжаў, Іосіф Гашкевіч перадаў Заалагічнаму музею АН у Пецярбургу. Выдадзены ім першы ў Расіі «Японска-рускі слоўнік» (1857, разам з Тацібана Каосай) адзначаны медалём Пецярбургскай АН і Дзямідаўскай прэміяй. Яго імем названы апісаныя ім невядомыя раней віды насякомых, заліў у Паўночнай Карэі (па-карэйску Чосанман).
Аўтар працы «Карані японскай мовы» (Вільня, 1899).
Паводле метрычнага запісу ў кнігах Астравецкай царквы, спачыў 3 (15) мая 1875 года[1]. Пахаваны на праваслаўных могілках у Астраўцы (сёння не існуюць; раней жа месціліся ля касцёла, а на той час царквы, святых Казьмы і Даміяна).