Аляксандр Гаркаві | |
---|---|
Дата нараджэння | 5 мая 1863 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 2 лістапада 1939 (76 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | лексікограф, мовазнавец, перакладчык Бібліі, перакладчык |
Навуковая сфера | hotel manager[d], мовазнаўства[3], лексікаграфія[3] і ідыш[3] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Аляксандр Гаркаві (ідыш: אלכסנדר האַרקאַװי- 5 мая 1863, Навагрудак — 2 лістапада 1939, Нью-Ёрк) — яўрэйскі мовазнаўца, лексікограф, пісьменнік, перакладчык.
Даказаў, што ідыш самастойная мова, мае акрэсленую граматыку і слоўнік.
Сын Ёйсіфа-Мойшы. Рана застаўся без бацькі, жыў у сям’і бедных сваякоў. Атрымаў традыцыйную рэлігійную адукацыю, вучыўся ў меламедаў і ў талмут-торы. Ад дзядзькавага сына Якава навучыўся нямецкай, рускай мове, матэматыцы, геаграфіі. Цягнуўся да ведаў, вывучаў розныя мовы, пераважна семітычныя. Ужо ў 13 гадоў пісаў вершы на старажытнаяўрэйскай мове, выдаваў рукапісны часопіс.
У 1878 годзе пераехаў у Вільню, дзе паступіў у друкарню братоў Ромаў тачыльшчыкам літар, пазней працаваў там бухгалтарам. Працягваў самаадукацыю. Вялікую ўвагу надаваў вывучэнню іўрыта і рускай мовы. Напісаў першыя творы на ідышы: вершы «Al Naharoth Babel» (На рэках Вавілонскіх) і гумарыстычныя «Kontorske Szenes» (Канторскія сцэны). Нядоўга хадзіў у «рысавальную школу», некалькі месяцаў правёў у Беластоку, дзе выкладаў іўрыт, і вярнуўся ў Вільню.
У маі 1882 года, калі ўзмацніўся эміграцыйны рух у Амерыку і Палесціну, разам з групай аднадумцаў адправіўся ў ЗША з намерам заснаваць яўрэйскую земляробчую калонію. Але намеры не спраўдзіліся. Пэўны час ён жыў у вялікай нястачы, цяжка працаваў чорнарабочым. Не кідаў навукі. Жыў у Парыжы (1885), Нью-Ёрку (1886), Манрэалі (1887), Балтымары (1889) і зноў у Нью-Ёрку (1903). На радзіме падтрымліваў рух Ам-Олам, у Канадзе заснаваў гурток руху Хавевей-Сіён, потым стаў анархістам, далучыўся да групы «піянераў свабоды».
Яшчэ ў Парыжы ён пачаў перапісвацца з вядомым талмудыстам Ізраілем Рабіновічам, родам з Беларусі. Гаркаві паказаў яму свой мовазнаўчы твор Sefat yehudit — граматыку народнай яўрэйскай мовы на іўрыце. Рабіновіч даў у часопісе Archives Izraelites, 14 студзеня 1886, ухвальны водгук на гэтую працу, яшчэ не апублікаваную.
У Нью-Ёрку ён выдае апісанне яўрэйскай мовы, ужо на ёй самой (у 1886). Першая навуковая кніга Аляксандра Гаркаві называлася «Ды ідыш-дайчэ шпрах» (דיא אידיש־דײטשע שפּראַך).
У Канадзе ён выкладаў іўрыт у школе. Выдаў гістарычны агляд яўрэйскага жыцця ў гэтай краіне. Вярнуўшыся ў Нью-Ёрк, быў супрацоўнікам ХІАС. Выкладаў гісторыю Амерыкі і грамадазнаўства, вёў курсы для імігрантаў на Эліс-айландзе. У настаўніцкай семінарыі выкладаў яўрэйскую граматыку і літаратуру старога часу (1919).
Змяшчаў навуковыя і публіцыстычныя артыкулы, дарожныя ўражанні ў яўрэйскай, старажытнаяўрэйскай і англійскай прэсе. Пісаў кнігі: падручнікі, пісьмоўнікі. Складаў слоўнікі.
У 1920 наведаў Навагрудак. Уражанні апісаў у нізцы артыкулаў для газеты «Форвэрц» і ў кнізе «Наварэдок». У 1924 жыў у Вене, дзе друкаваўся яго слоўнік, наведаў Палесціну. У 1931 быў у Навагрудку і Вільні. Заказаў фільм «Навагрудак-1931 год», які расказвае пра жыццё тутэйшых яўрэяў.
Выдаў літаграфічным спосабам адзін нумар «Ды цайт», якой суджана было стаць першай яўрэйскай газетай Канады. Выдаваў і рэдагаваў тыднёвікі «Дэр ідышэр прогрэс» (Балтымар, 1890), The Hebrew American (1894), месячнік «Дэр наер гайст» (1897), навукова-мастацкі месячнік «Юдыш-амэрыканішэр фолкс календар» (1894—1900).
Друкаваўся ў газетах (Hamagid, Hameliz, Hazefirah, Haolam, Hajom, Hapisga, Ner hamaarvi, Ізраелітышэ прэсэ, Юдышэ гэзэтэн, Ньюёркер юдышэ ілюстрыртэ цайтунг, Ньюёркер юдышэ фолкс цайтунг, Абэнд пост, Тэатэр журнал, Ды нац’ён, Мінікес ёмтэф блэтэр, Фрае гезэлшафт, Фрае арбэтэр штымэ, Ідышэс тагеблат, Форвэрц, Цукунфт, Моргн-журнал, Дэр эмэс, Montreal Gazette). Падпісваўся псеўданімамі: Гіпеус, Бэрах’я бэн Ёйсэф, Фрэйдэс кадэш, Амэрыканус.
Некаторыя творы:
Аўтар англа-яўрэйскага (1893) і яўрэйска-англійскага слоўніка (1898), — пазней друкаваліся пад адной вокладкай, вялікі слоўнік вытрымаў 22 выданні, апошняе ў 1957. Склаў навучальны слоўнік Старога Запавету (1914), яўрэйска-англа-старажытнаяўрэйскі слоўнік (1925). Складаў тлумачальны слоўнік народнай мовы, які не скончыў.
Напісаў на ідышы рад пазнавальных кніг з іншых галін: падручнік геаграфіі, кніжкі пра Калумба, Вашынгтона, амерыканскае грамадзянства і Канстытуцыю. На іўрыце напісана яго аўтабіяграфія Perakim meḥayai (1935).
Пераклаў на ідыш з іспанскай мовы «Дон Кіхота» Сервантэса (1897), з англійскай мовы кнігу аб яўрэях Усходняй Еўропы І. Фрыдляндара (1920); на англійскай мове выйшаў яго пераклад некаторых біблійных кніг. Рэдагаваў сусветную гісторыю Фогта ў перакладзе Розенберга.
Дзед быў рабінам. Бацька жыў з гандлю, потым сам вывучыў гадзіннікавую справу. Матка памёрла, калі Аляксандру было 11 гадоў. Яго ўзяў да сябе стрыечны дзядзька Гершан Гаркаві. Сірыйскую мову хлопец вучыў з нямецкага падручніка, які знайшоўся ў дзядзькі. А Якаў дзядзькі Гершана пазней будзе журналістам у рускім часопісе «Восход».
Стрыечны брат паэта Луіса, далёкі сваяк філолага Аўрама Гаркаві.
Жонка — Бэла Сегалоўская. Ажаніліся ў Манрэалі 22 снежня 1889 года. Бэла памёрла 27 сакавіка 1930, маючы 63 гады.