Антанас Венцлава | |
---|---|
літ.: Antanas Venclova | |
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 7 студзеня 1906[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 28 чэрвеня 1971[1][2][…] (65 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Бацька | Томас Венцлава |
Дзеці | Томас Венцлава |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | паэт, палітык, літаратурны крытык |
Кірунак | сацыялістычны рэалізм |
Жанр | верш, апавяданне, аповесць, раман |
Мова твораў | літоўская |
Дэбют | зборнік вершаў «У змрочных завулках» (1926) |
Грамадская дзейнасць | |
Партыя | |
Член у | |
Прэміі |
Дзяржаўная прэмія Літоўскай ССР (1960) |
Узнагароды | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Анта́нас Ве́нцлава (літ.: Antanas Venclova; 1906—1971) — літоўскі паэт, празаік, літаратурны крытык, перакладчык, дзяржаўны дзеяч. Лаўрэат Сталінскай прэміі другой ступені (1952). Народны пісьменнік Літоўскай ССР (1965). Член ВКП (б) з 1950 года[4].
Антанас Венцлава нарадзіўся ў сям’і селяніна. У 1925 скончыў сярэднюю школу ў г. Марыямпале і да 1929 служыў у дэпартаменце зямельнай рэформы ў Каўнасе. У 1932 годзе скончыў факультэт гуманітарных навук Універсітэта Вітаўта Вялікага ў Каўнасе. У 1933—1934 гадах выкладаў у сярэдняй школе Каўнаса; у 1934—1939 гадах — Клайпеды. У 1930—1931 гадах уваходзіў у літаратурную групу трэццяфронтаўцаў і рэдагаваў літаратурны часопіс «Trečias frontas » (бел.: «Трэці фронт»)[4].
У 1936 годзе наведаў СССР. У 1939 годзе пасля захопу Клайпеды фашыстамі вярнуўся ў Каўнас, дзе стаў выкладчыкам у мужчынскай гімназіі «Аўшра» і адначасова рэдактарам 3-4 кніг альманаха «Prošvaistė » (бел.: «Пробліск»). Аднак вясной 1940 за антыфашысцкі верш «Скрозь дым вайны», надрукаваны ў гэтым часопісе, А. Венцлава па прамым ўказанні А. Смятоны быў звольнены са службы.
У 1940 годзе член Народнага сейма. Удзельнік сесіі ВС СССР у Маскве, якая прыняла Літву ў склад СССР. На арыгінале «Дэкларацыі аб уваходжанні Літвы ў склад Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік», як і на іншых дэкларацыях «Народнага сейма», стаіць яго подпіс побач з подпісамі старшыні «Народнага сейма» Л. Адамаускаса, намеснікаў старшыні М. Гедвіласа і Ю. Грыгалавічуса і сакратара П. Цвіркі[5].
У 1940—1943 гадах народны камісар асветы Літоўскай ССР, у 1944—1946 гадах — дацэнт Каўнаскага Дзяржаўнага ўніверсітэта. Член-карэспандэнт АН Літоўскай ССР (1949). Член ЦК КП Літоўскай ССР у 1952-60[4]. У 1950 напісаў тэкст гімна Літоўскай ССР[4]. Дэпутат ВС Літоўскай ССР. Дэпутат ВС СССР 1-5 скліканняў (1941—1962)[4]. У 1954—1959 гадах старшыня Саюза савецкіх пісьменнікаў Літоўскай ССР. Член сакратарыята СП СССР. Член Савецкага камітэту абароны міру .
Бацька паэта, перакладчыка і літаратуразнаўца Томаса Венцлава.
А. Венцлава памёр 28 чэрвеня 1971 года. Пахаваны на тэрыторыі Мемарыяльнага ансамбля ў памяць пра савецкіх воінаў Вялікай Айчыннай вайны на Антакальнісе .
Літаратурнай дзейнасцю займаўся з 1926 года. Дэбютаваў экспрэсіяністычнымі вершамі. Першыя зборнікі вершаў «У змрочных завулках» (1926) і «На вуліцах світае» (1927). Пазней усталяваўся прамоўніцкі тып верша, дзе лёс індывіда неаддэельны ад лёсу краіны. Выступіў з крытыкай літоўскага буржуазнага грамадства і мяшчанства. Апублікаваў на літоўскай мове зборнікі апавяданняў «Дарога ў Літву» (1942), «З ваеннага нататніка» (1943), «Дрэва і яго парасткі» (1948), «Апавяданні», «Бярозы ў буру» (1930) і інш; кнігі вершаў «Там, дзе яблыня высокая» (1945), «Кліч Радзімы» (1942), «Маладосць краіны» (1948), «Вершы», «Выбранае» (1950); найбольшым лірызмам, эмацыянальнасцю вызначаецца зборнік «Вячэрняя зорка» (1971). Стварыў нарысы і артыкулы «Герой Савецкага Саюза Марытэ Мельнікайтэ» (1943), «Шляхавыя ўражанні»[крыніца?] (1949), «Галубы свету» (1952) і інш. На рускай мове былі выдадзеныя зборнікі вершаў «Роднае неба» (1944), «Край Нёмана» (1948), «Марытэ. Нарыс пра Героя Савецкага Саюза Марытэ Мельнікайтэ». Раман са студэнцкага жыцця «Дружба» (1936) і зборнік апавяданняў «Ноч» (1939) насілі антыфашысцкі характар. Раман «Дзень нараджэння» аб усталяванні Савецкай улады ў Літве. Аўтабіяграфічная трылогія («Вясновая рака», «У пошуках маладосці», «Бура ў поўдзень», 1964—1969). А. Венцлава — аўтар літаратурна-крытычных прац, ваенных і шляхавых нарысаў.
А. Венцлава пераклаў на літоўскую мову шэраг твораў рускай класічнай і савецкай літаратуры і замежных пісьменнікаў («Яўген Анегін» і «Медны коннік» А. С. Пушкіна, «Бялее ветразь адзінокі» В. П. Катаева , «Калхіда» К. Г. Паўстоўскага , «Гарганцюа і Пантагруэль» Ф. Рабле, творы М. Горкага, М. С. Ціханава, П. Р. Тычыны, Т. Р. Шаўчэнкі і інш.)
Творы перакладаліся на беларускую, латышскую, польскую, рускую, украінскую і іншыя мовы. На беларускую мову вершы А. Венцлавы перакладалі С. Дзяргай, А. Разанаў, М. Танк і інш., празаічныя творы — А. Пальчэўскі.
У апошняй частцы аўтабіяграфічнай трылогіі «Веснавая рака» (1964), «У пошуках маладосці» (1966), «Бура ў поўдзень» (1969) распавядае пра паезку з П. Цвіркам у 1940 годдзе ў Мінск, пра сустрэчы з Я. Купалам, Я. Коласам, П. Броўкам, П. Глебкам, К. Крапівой, М. Лыньковым і іншымі[4].
Аўтар артыкулаў пра Я. Купалу, пра беларуска-літоўскія літаратурныя сувязі. Пераклаў на літоўскую мову асобныя творы Я. Купалы, Я. Коласа, П. Броўкі, М. Танка (зборнік паэтычных перакладаў «Блізкія галасы», 1973). Творы Венцлавы былі змешчаны ў беларускіх анталогіях «Паэты Савецкай Літвы» (1954), «Літоўскія апавяданні» (1957), «Галасы сяброў» (1958)[4].
У Вільнюсе па адрасе вуліца Паменкальне (літ.: Pamėnkalnio g. 34) у былой кватэры пісьменніка, дзе ён пражываў у 1945—1971 гадах, дзейнічае мемарыяльны Дом-музей сям'і Венцлавы . У экспазіцыі музея прадстаўлены рабочы кабінет Антанаса Вянцлавы, які адлюстроўвае побыт літоўскай інтэлігенцыі 1940-х-1950-х гадоў[6].